Loading

Шэлтару ў Беластоку, дзе зараз жывуць беларусы, вымушаныя бегчы альбо з Беларусі, альбо з Украіны, у маі споўніцца роўна год. І перажывае ён не самыя лёгкія часы: фінансавае пытанне паўстае ўсё больш востра, хоць пакуль удаецца знаходзіць грошы. Стваральніца часовага жылля для суайчыннікаў Алена Жаркевіч упэўнена, што беларусы павінны дапамагаць адно аднаму, бо інакш нічога ў іх не атрымаецца.

Будынак, дзе за апошнія 11 месяцаў знайшлі часовы прытулак ужо каля 800 чалавек, Алена Жаркевіч катэгарычна адмаўляецца называць шэлтарам, толькі домам. Такі ж самы дом яна стварала ў 2021 годзе ў Кіеве, куды была вымушана пераехаць з-за палітычнага пераследу і здзекаў з боку лукашэнкаўскіх сілавікоў. Спачатку з жыллём дапамагалі ёй, але потым дапамагаць такім жа страціўшым свой дах над галавой пачала яна.

Напад Расіі на Украіну зрабіў так, што бегчы са сваіх дамоў былі вымушаны ўжо і ўкраінцы. Прыехаўшы ў Беласток спадарыня Алена працягнула сваю справу: цяпер на часовае жыллё, арганізаванае ёю, маглі таксама разлічваць украінскія ўцекачы.

«Я адразу думала, будзе дом для беларусаў проста, але потым мы вырашылі, што будзе дом для ўкраінцаў і беларусаў. Таму што, па-першае, украінцам таксама патрэбная дапамога, а я два месяцы эвакуявала людзей ва Украіне, а потым я падумала, што будзе вельмі крута, каб мы абмяняліся досведам уцекачоў і каб беларусы распавялі, што адбываецца ў нас у краіне… » – кажа Алена Жаркевіч.

Больш за тое, напачатку ўкраінцаў у доме было нават больш чым беларусаў, але з цягам часу сітуацыя змянілася. Грамадзяне Украіны прыязджаць сталі ў меншай колькасці, ды і прыярытэт у доме пачалі аддаваць беларусам.

«Украінцам і так дапамагаюць, і тыя ўкраінцы, якія тут жылі, я ім прапанавала разам зрабіць такі самы дом. Але яны не захацелі. А я разумею, што ўкраінцам і так дапамогуць, а беларусам – не. Таму што беларускія дамы, якія сёння ёсць, вось нядаўна мне тэлефанавалі кансультаваліся нашыя беларусы, яны ў Варшаве адчыняюць дом, яны казалі, што адчыняюць дом толькі для палітвязняў, афіцыйна прызнаных Праваабарончым цэнтрам «Вясна». А я, ці ведаеце, стаўлюся да гэтага вельмі негатыўна, бо нельга беларусаў дзяліць…» – адзначае спадарыня Алена.

Паводле яе, аднойчы ў доме адначасова жыло прыкладна 30 чалавек, таксама была сітуацыя, калі даглядаць прыходзілася за 25 дзецьмі. Зараз там усе беларусы.

Адны з цяперашніх пастаяльцаў – сямейная пара прадпрымальнікаў з Мінску, якая спачатку жыла ў Кіеве, але потым з-за праблем з легалізацыяй пераехала ў Польшчу. Паводле Андрэя (імя зменена) часам бывае, што ў доме жыве многа людзей, а бывае пуставата. Пры гэтым, хоць і ўзнікаюць розныя бытавыя пытанні, усё вырашаецца і не адчуваецца ніякага дыскамфорту.

«Гэты праект, чым нам моцна дапамог? Бо калі мы прыехалі, мы не ведалі, не маглі вызначыцца з горадам, у які мы хочам паехаць, чым мы будзем займацца. А мы сюды прыехалі, паставілі валізкі, уздыхнулі, перавялі дух, даведаліся пра першае вострае пытанне – легалізацыю, таму што заканчваюцца дакументы, даведаліся, падалі ўсе дакументы. І зараз вызначыліся, што на нейкі час мы затрымаемся ў Беластоку, і ў гэтым Беластоку мы шукаем кватэру…» – паведаміў Андрэй.

Пра сямейную атмасферу ў доме і ўзаемадапамогу пастаяльцаў адзін аднаму распавяла і другая жыхарка дома Кіра Баяранка.

«Для мяне дом як сям’я. У мяне характар такі – мне заўсёды патрэбна сям’я. І калі я бегла, я пакінула маці, сваю сям’ю ў Беларусі. І мне была патрэбна таксама сям’я і я атрымала тут гэтую сям’ю, якая мне на той момант была патрэбна. Тут ты пачынаеш жыць, ты пачынаеш перажываць за іншых і яны за цябе. Ёсць агульныя праблемы, якія можна разам вырашыць. То бок няма толькі тваіх праблем…» – кажа Кіра Баяранка.

Але бытавая ўзаемапавага і сямейная атмасфера – не ўсё, што патрабуецца для існавання такога дома. Першапачаткова ён быў арганізаваны тымі, хто ў ім жыў – яны ўскладчыну плацілі за камунальныя паслугі, а арэнду аплочваў добры знаёмы Алены Жаркевіч, беларус з Украіны. Аднак увосень хтосьці адмовіўся ўскладчыну аплочваць камуналку, заявіўшы, што няхай плацяць фонды. Быў абвешчаны збор, які на дадзены момант паспяхова закрыўся. За пяць дзён сабралі патрэбныя 10 тыс.злотых, сцвярджае Алена Жаркевіч.

«Проста раней мне дапамагаў адзін чалавек, беларус, які мяне асабіста ведае. Ён дапамагаў нам фінансава, а цяпер… час, усе стаміліся, і ён перастаў дапамагаць аплачваць арэнду, і зараз гэта выключна на нас цалкам – арэнда дома. Гэта адчувальна, канешне…» – адзначае спадарыня Алена.

На сённяшні дзень Алене Жаркевіч вядома пра чатыры падобныя дамы ў Варшаве. Яна мяркуе, што той жа Офіс Ціханоўскай ці Аб’яднаны Пераходны Кабінет маглі б заняцца пастаяннай дапамогай такім праектам і ініцыятывам як яе. Пры гэтым жанчына падкрэслівае, што ўсё гэта павінны рабіць самі беларусы.

Рэквізіты для дапамогі:

РКО 37102033520000160202807857

PayPal [email protected]

Падрабязней у плэеры ніжэй.

Comments are closed.