Loading

Праблема дэзінфармацыі, маніпуляцыі і прапаганды, асабліва ў кантэксце іх выкарыстання ў якасці інструментаў для дасягнення палітычных мэт ці нават як зброі, даўно цікавіць пераважна спецыялістаў: навукоўцаў, даследчыкаў, аналітыкаў і медыяэкспертаў. У грамадскай свядомасці такой праблемы практычна не існавала.

Калі на яе і звярталі ўвагу, то разглядалі як другарадную праблему ў параўнанні з «традыцыйнымі» выклікамі, звязанымі з геапалітыкай, справамі ваеннымі, эканомікай або ідэалагічным суперніцтвам. Інфармацыйнае вымярэнне, як і пытанні нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці, стратэгічнай культуры і цывілізацыйных умоў, успрымаліся як праблемы «другога плану».

Не так даўно, фактычна толькі на мяжы 20-га і 21-га стагоддзяў, сталі заўважаць, што інфармацыя/дэзінфармацыя аказвае ўсё большы ўплыў на сацыяльныя адносіны, у тым ліку на міжнародныя адносіны і розныя канфлікты, але гэта звычайна недаацэньвалася і ігнаравалася. Асноўным аргументам было: у рэшце рэшт, у гэтым няма нічога новага, у палітыцы і на вайне людзі заўсёды падманвалі, маніпулявалі і выкарыстоўвалі хітрасць. Зрэшты, пра гэта ведалі ўжо старажытныя кітайцы, пра гэта пісаў Сунь Цзы – на якога, дарэчы, (як і на Карла фон Клаўзевіца) дагэтуль ахвотна і пастаянна спасылаюцца аўтары шматлікіх тэарэтычных і стратэгічных разважанняў.

Акрамя таго, калі сталі з’яўляцца відавочныя сігналы таго, што Расія сістэматычна выкарыстоўвае дэзінфармацыю і прапаганду для рэалізацыі сваёй стратэгіі, і калі такія асцярогі загучалі ўсё часцей, з’явіліся аргументы (іх распаўсюджваюць прарасійскія асяродкі), што гэта перабольшанне і, вядома, русафобія – бо такімі інструментамі карыстаюцца ўсе, дык чаму Расія павінна быць выключэннем.

Памылковымі з’яўляюцца перакананні, што інфармацыйнае вымярэнне бяспекі сёння не нашмат больш важнае, чым некалькі дзесяцігоддзяў таму, і што расійская дэзінфармацыя і прапаганда нічым не адрозніваюцца ад аналагічнай дзейнасці іншых краін.

Міф першы: дэзінфармацыя з’явілася не сёння, яна існавала заўсёды

Чалавецтва ўступіла ў стадыю развіцця цывілізацыі, якую называюць «інфармацыйнай эпохай». Інфармацыя стала адным з найважнейшых рэсурсаў, тавараў і інструментаў. Адначасова назіралася перавытворчасць інфармацыі, якая дэ-факта перавышала кагнітыўныя магчымасці чалавека. Такім чынам, велізарная колькасць інфармацыі, якая даходзіць да нас, не толькі выклікае інфармацыйны хаос, але і павялічвае нашу ўспрымальнасць дэзінфармацыі і маніпуляцый – мы не можам праверыць усе даныя. Акрамя таго, маніпуляцыі спрыяюць такія фактары, як тэндэнцыя чалавека шукаць пацвярджэнні, доказы або кагнітыўныя памылкі.

Такім чынам прасцей уплываць на паводзіны людзей, як індывідуальныя, так і калектыўныя, выкарыстоўваючы інфармацыю, у тым ліку сфальсіфікаваную. Гэта можа быць прама ці ўскосна звязана з пытаннямі бяспекі, таму што зараз практычна кожны ўзровень функцыянавання дзяржавы і грамадства звязаны з гэтымі пытаннямі. Гэта, у сваю чаргу, вядзе да своеасаблівай «мілітарызацыі» або «узбраення інфармацыяй» – у інфармацыйную эпоху мы выкарыстоўваем яе як зброю, гэтак жа, як мы выкарыстоўвалі сілу чалавека і жывёл у аграрную эпоху, а машыны ў індустрыяльную. Інфармацыяй «узбройваюцца» на аснове пэўных мэханізмаў і заканамернасцяў, вядомых усім піяршчыкам, якія вядуць выбарчыя кампаніі. Відавочна існуе імкненне выклікаць эмоцыі, якія дамінуюць над рацыянальнасцю, асабліва калі яны правільна падмацоўваюцца (негатыўныя эмоцыі і стэрэатыпы асабліва лёгка падмацаваць выкарыстаннем расавых, нацыянальных, этнічных, рэлігійных і гістарычных аргументаў). Выкарыстоўваюцца кагнітыўныя памылкі, згаданыя вышэй, а таксама так званыя «натуральныя ілюзіі», заснаваныя на прыроджанай схільнасці чалавека да пошуку мэты і парадку – што ў значнай ступені тлумачыць папулярнасць рознага тыпу тэорый змовы, якія даюць простыя адказы на складаныя пытанні і ілжывае пачуццё «дасведчанасці», асабліва ў часы нявызначанасці і крызісу.

Зразумела, гэта не новая з’ява. Інфармацыя і дэзінфармацыя на працягу стагоддзяў выкарыстоўваліся ў палітычнай, дыпламатычнай і ваеннай канфрантацыі. Інфармацыйная аперацыя, інфармацыйная вайна, аперацыя ўплыву – гэтыя паняцці існуюць даўно. Аднак толькі пасля імклівага тэхнічнага развіцця ў сферы масавай камунікацыі, якое адбываецца ў XXI стагоддзі, інфармацыйнае вымярэнне бяспекі перастала быць дадаткам да «паўнавартаснай» палітычнай, дыпламатычнай або ваеннай дзейнасці, і стала аўтаномнай сферай, як з пункту гледжання канцэпцыі, так і дзейнасці, якая актыўна выкарыстоўваецца для дасягнення стратэгічных мэт, гэтак жа, як інфармацыйная сфера стала адным з асноўных фактараў, якія вызначаюць напрамкі нашага цывілізацыйнага развіцця. У гэтай сферы зʼявілася своеасаблівая «новая якасць», г.зн. колькасны рост вырабленай, высланай і распаўсюджанай інфармацыі суправаджаецца зменамі якаснага характару, што прыводзіць да фарміравання новай катэгорыі выклікаў і пагроз. І пры гэтым варта адзначыць, што інфармацыйнае вымярэнне бяспекі цяжка аналізаваць у адрыве ад іншых вымярэнняў, таму што яны ўзаемадапаўняюць адно аднаго. Гэтае вымярэнне настолькі шматграннае, шырокае і разнастайнае, і ў той жа час невымернае, што дагэтуль няма даследчых інструментаў, якія б грунтоўна і вычарпальна прааналізавалі і колькасна ацанілі ўсе дзеянні ў інфасферы, іх наступствы, уплыў на сацыяльныя працэсы і г.д. Тым больш іх трэба разглядаць у больш шырокім кантэксце цывілізацыйных працэсаў, за якімі мы, як людзі, «паспяваем» зусім рознымі тэмпамі.

У гэтым кантэксце варта нагадаць тэрмін, які больш за два дзесяцігоддзі таму выкарыстаў прафесар Рышард Тадэўсевіч, калі ён пісаў пра інфармацыйнае грамадства, што фармавалася ў той час (на мяжы стагоддзяў). Ён адзначыў, што пабочным эфектам гэтай цывілізацыйнай змены, верагодна, будуць новыя формы пагроз. Адну з іх, якая ўзнікае ў выніку павелічэння колькасці крыніц інфармацыі і самой інфармацыі, пры адначасовай сумніўнай вартасці, а часам і шкоднасці гэтай інфармацыі, ён назваў «інфармацыйным смогам». Пры такім падыходзе не толькі зашмат фрагментаванай і распыленай інфармацыі (што дае эфект туману), але яна таксама можа быць небяспечнай і шкоднай – што дае эфект душнага і атрутнага туману, то бок смогу. Адным з механізмаў, што ствараюць такі смог, зʼяўляецца, напрыклад, функцыянаванне «Інтэрнэту 2.0» – калі атрымальнік кантэнту можа быць адначасова і адпраўнікам. У гэтым ёсць свае бясспрэчныя перавагі, але таксама і фундаментальны недахоп: практычна неабмежаваны ў прасторы і часе і вельмі цяжка кантралюемы (у дэмакратычных краінах) любы кантэнт можа і трапляе ў сетку на роўных умовах – у тым ліку радыкальны, небяспечны ці проста бессэнсоўны. Больш за тое, адносна лёгка заставацца ананімным або ўскладніць ідэнтыфікацыю сваёй асобы. Гэта дае магчымасць не толькі беспакарана распаўсюджваць дэзінфармацыю і прапаганду, але і праводзіць аперацыі «пад фальшывым сцягам» (выдаваць сябе за іншую асобу), пазбягаць міжнародна-прававой адказнасці і г. д. Карціну дапаўняе наступнае: лішак інфармацыі, адсутнасць жадання і здольнасці фільтраваць і крытычна аналізаваць інфармацыю, а таксама кагнітыўныя абмежаванні і механізмы Інтэрнэту (напрыклад, пошукавыя сістэмы і алгарытмы сацыяльных сетак), што прыводзіць да тэндэнцый замыкацца ў так званай «інфармацыйнай бурбалцы». Карацей кажучы, сёння дэзінфармацыя – зʼява і інструмент якасна зусім іншы і значна важнейшы, чым у «даінфармацыйную эпоху».

Міф другі: дэзінфармацыю і прапаганду выкарыстоўваюць усе, а не толькі Расія

У некаторай ступені я магу пагадзіцца з вышэйпрыведзеным сцвярджэннем. Праўда, з невялікай агаворкай: Расія ўзвяла дэзінфармацыю ў ранг (стратэгічнага) мастацтва. У знешнім вымярэнні галоўная мэта гэтых дзеянняў – аслабіць цэласнасць і згуртаванасць Захаду і захаваць/вярнуць уплыў на «сваёй» тэрыторыі. З іншага боку, ва ўнутраным вымярэнні гэтыя дзеянні служаць кансалідацыі грамадства вакол улады, асабліва шляхам стварэння дыхатаміі «мы» – «яны», ці агрэсіўны і дэкадэнцкі Захад, які пагражае Расіі і яе каштоўнасцям. Спецыфіка расійскай дэзінфармацыі вынікае з некалькіх умоў.

Па-першае, маніпуляцыю могуць выкарыстоўваць аўтарытарныя дзяржавы, якія звычайна імкнуцца калі не манапалізаваць, то кантраляваць інфармацыйную сферу. Адсутнасць свабоды слова і, такім чынам, адсутнасць грамадскай думкі, якую трэба браць пад увагу, магчымасць ствараць і пашыраць аднабокую інфармацыю даюць такім рэжымам перавагу перад дэмакратычнымі дзяржавамі, якія па вызначэнні дапускаюць плюралізм меркаванняў. Няма сумневу, што Расія – дэ-факта аўтарытарная сістэма, якая бярэ пачатак нават не з часоў Савецкага Саюзу і царызму, але з той мадэлі ўлады, якую прынесла на рускія землі Залатая Арда.

Па-другое, гістарычныя ўмовы паўплывалі на фарміраванне стратэгічнай культуры Расіі, якая сёння аказвае істотны ўплыў на мысленне расійскіх эліт аб бяспецы і спосабах яе гарантавання. Важна, што ў кантэксце інфармацыйнага вымярэння бяспекі для Расіі тыповая традыцыя т.зв «двоедумства», хоць крыху іншая, чым у Джорджа Оруэла: ліберальныя, антыпуцінскія расіяне, якія адначасова падтрымліваюць анексію Крыма і наратыў пра Вялікую Айчынную вайну, не з’яўляюцца нечым дзіўным і выключным. У больш шырокім сэнсе гэта азначае не толькі значнае прыняцце афіцыйнага наратыву, але таксама фэйкаў і маніпуляцый – гэта не столькі «віна» расійскага грамадства, колькі вынікае з прыроды рускай нацыянальнай і дзяржаўнай ідэнтычнасці і формы мадэлі кіравання – нязменнай па сваёй прыродзе на працягу стагоддзяў. Адной з характарыстык расійскай культуры з’яўляецца таксама звязаны з сіндромам «абложанай крэпасці» сіндром перманентнай канфліктнасці, калі неабходны знешні праціўнік, а Расія ўвесь час «на вайне». Што таксама важна, расійская культура шмат у чым спасылаецца на міфы і мысліць у ідэалагічных, а не рацыянальных катэгорыях – бо, напрыклад, ці можна назваць рацыянальным рашэнне напасці на Украіну?

Па-трэцяе, з пункту гледжання Расеіі, яе галоўным супернікам з’яўляецца калектыўны Захад і яго інстытуты (асабліва ЕС і НАТО). Ёсць шмат узроўняў суперніцтва: геапалітычны, палітычны, ідэалагічны, ваенны, культурна-цывілізацыйны, сімвалічны. Аднак Расія ўсведамляе, што ў кантэксце свайго «жорсткага» патэнцыялу (эканамічнага, ваеннага) яна істотна саступае Захаду, і залежнасць многіх краін, у тым ліку заходніх, ад расійскіх энергарэсурсаў будзе зніжацца па меры таго, як будуць знойдзены крыніцы дыверсіфікацыі паставак і эканоміка пяройдзе на аднаўляльныя крыніцы энергіі – гэты працэс ужо паскараецца ў выніку расійскай агрэсіі супраць Украіны. Таму адказ на пытанне, як эфектыўна канкурыраваць з Захадам ва ўмовах няроўных патэнцыялаў, – гэта актывізаваць дзейнасць у інфармацыйнай сферы. Тут Захад відавочна слабейшы, і гэта вынік дэмакратыі, то бок яе адкрытасці, плюралізму меркаванняў і фрагментарнасці СМІ – усе гэтыя элементы заходняй інфасферы дазваляюць лёгка пранікаць у яе звонку.

Па-чацвёртае, у Расіі вялікі вопыт правядзення «інфармацыйных аперацый» і рэалізацыі палітыкі divide et impera. Дэзінфармацыяй, маніпуляцыяй і прапагандай займаліся ўсе спецслужбы, ва ўсіх іх метамарфозах – ад Тайнай канцылярыі да аховы, УНК, АДПУ, НКУС, КДБ, ГРУ, СЗР да ФСБ. У часы халоднай вайны, хоць такія метады выкарыстоўваліся і раней, з’явілася паняцце «актыўныя мерапрыемствы» – гэта шырокі тэрмін, які адносіцца да мноства розных форм уздзеяння на міжнароднае асяроддзе. Іх галоўная мэта – схіліць праціўніка да паводзін і дзеянняў выгадных для Расіі (раней СССР). Пасля заканчэння халоднай вайны характар «актыўных мерапрыемстваў» не змяніўся, але зʼявіліся новыя інструменты – камунікацыйныя тэхналогіі фактычна знеслі існуючыя барʼеры ў патоку інфармацыі, што стварыла новыя магчымасці і спрыяе дзейнасць не толькі служб, але і іншых субʼектаў, якія займаюцца правядзеннем інфармацыйных аперацый (напрыклад, падкантрольных дзяржаве СМІ).

Уплыў на грамадства быў таксама адным з інструментаў пабудовы імперыі (як царскай, так і савецкай) – за некалькі сотняў гадоў імперскага панавання Расія выпрацавала эфектыўныя метады рэалізацыі палітыкі «падзяляй і ўладар», якая служыла падтрыманню канфліктаў і напружанасці паміж народамі і этнічнымі групамі, што насяляюць імперыю, і такім чынам палегчыла кіраванне шматнацыянальнай дзяржавай і зменшыла верагоднасць паўстанняў. Распад Савецкага Саюза не змяніў сітуацыю і сёння ў рамках інфармацыйных аперацый гэтая стратэгія рэалізуецца, пра што сведчаць неаднаразовыя спробы ўплыву на польска-ўкраінскія адносіны, дэстабілізацыі еўраатлантычных адносін, распальвання гістарычнага рэвізіянізму і сацыяльнай напружанасці.

Падводзячы вынік: Расія – гэта не проста адзін з суб’ектаў, якія выкарыстоўвалі і выкарыстоўваюць дэзінфармацыю, дыверсію, аперацыі ўплыву, прапаганду і г.д. для дасягнення сваіх мэтаў. Для Расіі гэты набор інструментаў зʼяўляецца асновай і звяном для іншых відаў дзейнасці, што прынцыпова адрознівае Расію ад іншых краін. Не толькі ў гэтым плане.

Якуб Альхоўскі

 

Падпісвайцеся на наш тэлеграм t.me/radiounetfm

Comments are closed.