Loading

Дэпутаты прынялі закон аб дэнансацыі Факультатыўнага пратакола да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, які прадугледжвае механізм падачы і прыёму індывідуальных скаргаў на парушэнне дзяржавамі правоў чалавека, акрэсленых у пакце.

Закон, які пазбаўляе грамадзян Беларусі магчымасці звяртацца ў Камітэт ААН у правах чалавека з індывідуальнымі скаргамі аб парушэнні сваіх правоў уласнай дзяржавай, прадставіла на сесіі дэпутатка, намесніца старшыні Сталай камісіі ў правах чалавека, нацыянальных дачыненнях і сродках масавай інфармацыі Лілія Ананіч. Яна свой выступ збудавала на тым, што міжнародная структура ААН цалкам кантралюецца «калектыўным Захадам», а ў Беларусі, маўляў, створана свая дзейсная сістэма абароны правоў чалавека. Зараз толькі падкарэктуюць закон пра канстытуцыйнае судаводства і беларусы змогуць нават звяртацца наўпрост у Канстытуцыйны суд.

«Суверэнная Беларусь, якая не падпарадкавалася дыктату калектыўнага Захаду, як костка ў горле для тых, хто хацеў бы захаваць аднапалярны свет і прымусіць нас жыць па чужых нашаму грамадству і дзяржаве законах. На жаль, асобныя інстытуты міжнароднага права ва ўмовах яго татальнага ігнаравання калектыўным Захадам перасталі выконваць сваю канструктыўную ролю і ва ўгоду геапалітычным інтарэсам выкарыстоўваюцца як інструмент ціску на непажаданыя краіны», – наракала Лілія Ананіч.

Ананіч адзначыла, што пры гэтым беларусы змогуць звяртацца ў камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі жанчын і камісію па становішчы жанчын. А таксама, нібыта зараз рапрацоўваецца стварэнне свайго органа ўнутры СНД – Камісіі СНД у правах чалавека.

Comments are closed.