Loading

На міжнародным «Львів Медыя Форуме-2023», які адбыўся напрыканцы мінулага тыдня ў Львове, закраналася і беларуская тэматыка. На адной з дыскусійных панэляў беларуская журналістка Аліна Рудзіна пазнаёміла аўдыторыю, у тым ліку замежных экспертаў і журналістаў, з той сітуацыяй, у якой зараз знаходзяцца беларускія незалежныя медыі, а таксама з агульнай сітуацыяй з правамі чалавека, палітычным пераследам і рэпрэсіямі ў нашай краіне. А сярод замежных экспертаў на панэлі, прысвечанай сучаснаму імперыялізму чэшскі даследчык Давід Стулік крануўся беларускай тэматыкі. Прычым, ён адзначыў тое, што беларускае грамадства, у тым ліку сучасная апазіцыя, пакуль не дужа імкнецца разглядаць Беларусь, як самастойны суб’ект, які не мусіць азірацца на цікавасці Расіі. Мы паразмаўлялі са старшым аналітыкам бяспекавага цэнтру Еўрапейскія каштоўнасці спадаром Давідам Стулікам наконт ягонага бачання будучыні нашага рэгіёну і Беларусі ў прыватнасці.

— У чым адрозненне паміж беларускім грамадствам, у тым ліку дэмакратычным, і грамадствам украінскім, якое сфармавана за апошнія гады? 

— Я б сказаў, што ва ўкраінскіх рэаліях аднастайнае стаўленне да Расіі і ўкраінскае грамадства, украінцы самі не бачыць сваю будучыню праз прызму Расіі. То бок, каб яны былі змушаныя развязваць свае пытанні ў размовах ці ў кантактах з Расіяй. У Беларусі, на жаль, часта, калі я стасуюся з маімі сябрамі, нават з апазіцыяй, або з экспертамі, то я часта чую думку, што без дамоўленасцяў з Масквой нельга будзе ўрэгуляваць сітуацыю ў Беларусі. 

То бок, тут яны так неяк выпадкова, магчыма і не наўпрост, але трактуюць сябе, як аб’ект, як краіну, пра якую хтосьці там дамаўляецца па-за імі. То бок, бракуе пэўнай такой суб’ектнасці, упэўненасці ў саміх сабе. Але зноў жа, у Беларусі, я думаю, гэта моцна зменьваецца і пасля 2020 года стала болей людзей, якія, мяркую, у Беларусі ўжо не хочуць звяртаць увагу (на тое), што пра іх думае Масква. 

Яшчэ скажу, што часам я чую ад калег з Беларусі, што, калі мы гаворым пра выкарыстанне тэрыторыі Беларусі, як пляцоўкі для  ракетных атак па Украіне, то яны кажуць: «А мы ж нічога не можам зрабіць, мы ж акупаваная краіна. То бок, мы як бы ўжо дэ-факта не ёсць незалежнымі». Я іх пытаю: а што вы з гэтым робіце? Сёй-той нешта там робіць, але ёсць такое меркаванне, што «я не магу нічога зрабіць са сваім лёсам». І гэта ёсць вялікае адрозненне паміж Украінай і Беларуссю. Але зноў жа, нельга агулам – усе беларусы такія, а тут усе ўкраінцы  цудоўныя.

— Мы бачым, што адбываецца зараз ва Украіне, памятаем 2014 год, калі супярэчнасці паміж Расіяй і Украінай так яскрава пабачылі. Мы памятаем, напрыклад, «Пражскую вясну», якая, магчыма, паўплывала на грамадства тады яшчэ ў Чэхаславаччыне. Усё гэта падзеі – дастаткова такія цяжкія для грамадства, для людзей. Ці могуць адбыцца тыя якасныя змены, пра якія Вы кажаце, без нейкіх такіх не вельмі прыемных «урокаў»?

— Я мяркую, што так – што гэта ёсць такія фармуючыя моманты для грамадства, якія трансфармуюць яго ў іншы накірунак. І 100%, у Чэхіі 1968-ы год, савецкая акупацыя, яна мела, у першую чаргу, негатыўны ўплыў на грамадства, але сфармавала грамадскую думку. І гэты ўплыў тых падзеяў, трагічных падзеяў, як бы акрэсліў наступныя 20-30 гадоў, як развівалася грамадства і што яно думала. А праз 21 год яно ўсплыло на паверхню і гэтыя трагічныя «лекцыі», трагічны досвед, яны перараслі ўжо ў канструктыўныя пратэсты ў 1989 годзе. І, калі б не было тых трагічных падзеяў, то, можа, і не было потым тых рэвалюцыйных зменаў. 

Таксама, як у Польшчы: 1981 год, ваенны стан, запачаткаваў пэўныя працэсы. Хаця, гэта была трагедыя тады, але без іх – тых падзеяў, не было б потым 1989-га году, там круглы стол і гэтак далей. То бок, гэта адназначна ёсць такія фармуючыя моманты падзеяў у гісторыі кожнага грамадства кожнай краіны.

— Калі мы вернемся да тэмы, пра якую Вы размаўлялі на сваёй панэлі – імперскасць, імперыялізм расійскі. Што мусіць адбыцца пасля перамогі Украіны з Расіяй, каб яна перастала быць такой рэгіянальнай пагрозай для дзяржаваў, якія яна лічыць зараз у арбіце нейкіх сваіх цікавасцяў?

— Я мяркую, што, калі Украіна пераможа, у Расіі распачнуцца і паскорацца ўсе гэтыя дэцэнтралізацыйныя працэсы, пачнецца высвятленне адносінаў, пачнуцца ўнутраныя канфлікты паміж рознымі элітамі ў Расіі – паміж вайсковымі службамі, пасадоўцамі, паміж рэгіянальнымі элітамі, паміж рознымі нацыянальнымі, этнічнымі элітамі. То бок, я мяркую, будзе такі працэс высвятлення хто вінаваты, хто стварыў гэтую сітуацыю.

І гэта запусціць вельмі такія вірлівыя дынамічныя працэсы ў Расіі, якія, зноў жа, напрыклад, Захаду будзе ўжо цяжка кантраляваць. Гэта вялікая боязь заходніх краінаў, што ўкраінская перамога спрычыніць хаос, можа спрычыніць нейкія там новыя ўзброеныя канфлікты на тэрыторыі Расіі, што гэта спрычыніць страту кантролю над ядравым арсеналам, што будзе новая хваля ўцекачоў у Еўропу.

Часта дзейнічае такі засцерагальнік, што зробіць паскарэнне ўкраінскай перамогі. Але я мяркую, што гэта ёсць гістарычныя працэсы, якія можна адтэрмінаваць, затрымаць у часе, але іх нельга спыніць цалкам. Або іх можна паскорыць. То я мяркую, варта і лепей было б іх паскорыць і намагацца мець нейкі там кантроль. Што гэта азначае? Ведаць, дзе знаходзіцца ядравая зброя, стасавацца з прадстаўнікамі розных групаў у элітах і гэтак далей. Каб потым мы не былі як бы знянацку заспетыя, што – ого! адбываюцца вельмі дынамічныя і, магчыма, дэструктыўныя працэсы ў Расіі. Трэба намагацца зараз неяк уплываць, каб гэты працэс прайшоў больш-менш пад кантролем.

Але гэтага Захад пакуль баіцца. І гэта ёсць праблемай у тым плане, што тады Захад глядзіць на Украіну праз прызму таго, што можа быць у Расіі, а не наадварот: што Украіна зробіць, якім яна можа стаць прыкладам для тае самае Расіі. То бок, трэба як бы павярнуць гэтую оптыку, каб на Расію глядзелі праз Украіну, а не на Украіну глядзелі праз Маскву.

— Як бы Вы параілі ў гэтай сітуацыі, калі яна так вось будзе развівацца ў Расіі, дзейнічаць грамадствам такіх краінаў, як Беларусь, як Арменія, як Казахстан, якія зараз не могуць вырвацца з расійскіх «абдымкаў»? 

— Ведаеце, мы – чэхі, з вамі, беларусамі, маем шмат чаго падобнага. Бо мы таксама ў 1989 годзе былі аднымі з апошніх, хто далучыўся да ўсіх гэтых пратэстаў. Тады палякі, угорцы, потым нават немцы ўсходнія пачалі раней гэтыя свае пратэсты. І, калі ўжо стала зразумела, што гэтая імперыя савецкая развальваецца, гэта як бы падбадзёрыла людзей Чэхаславаччыны. 

Я мяркую, украінская перамога дасць сігнал іншым краінам. Наперш – Беларусі, дзе, я не маю сумневаў, што грамадская думка ёсць антылукашэнкаўская, супраць гэтага рэжыму. І ўжо большасць людзей, як мне здаецца, пачынае разумець, што з Расіяй, як бы так, гэта цяжка. І калі з вас скінуць нейкую коўдру, то вы прачнецеся і ўстанеце. І гэта ў першую чаргу, я мяркую, будзе Беларусь і таксама з расійскага пункту гледжання гэта Паўднёвы Каўказ – Дагестан, Чачэнія, Інгушэція, іншыя маленькія аўтаномныя рэспублікі, якія там ёсць. Яны могуць захацець мець уласную дзяржаўную суб’ектнасць. То бок, у Чачэніі, Ічкерыі – гэты пытанне вяртання да 90-х гадоў. 

То бок, будуць пэўныя краіны і ўнутры Расіі, і навокал. І мяркую, расійскі не тое, каб кантроль, а ўплыў, паслабіцца таксама ў Грузіі, напрыклад. Або зараз мы бачым паміж Арменіяй і Азербайджанам расійскі  ўплыў змяншаецца. Або Казахстан, напрыклад. Гэта ёсць краіны, якія намагаюцца потым выйсці з арбіты ўплыву Расіі. І расійская параза азначае, што Расія слабая. І для шматлікіх краінаў гэта адкрые новыя магчымасці.

Comments are closed.