Loading

Арганізатарам філалагічнага конкурсу з’яўляецца кафедра беларусістыкі. Роўна 29 гадоў таму яе прафесар Аляксандр Баршчэўскі разам з калегамі стаў пачынальнікам гэтай прыгожай традыцыі. Сёння гэта адзіная ў Польшчы алімпіяда для нацыянальнай меншасці. Высокі статус спаборніцтва прыносіць лаўрэатам вялікія карысці − стыпендыі, ільготы пры паступленні і нават магчымасці бясплатнага навучання ў самых прэстыжных прыватных ВНУ.

Вольга Трацяк і Ірына Агеева ўзнагароджваюць фіналістаў

− Нарэшце пасля кавіднага перыяду нам удалося зарганізаваць фінал у Варшаве. Мы цешымся, што традыцыя працягваецца, − прывітала пераможцаў кандыдат філалагічных навук, старшыня Навуковага камітэта Алімпіяды па беларускай мове ў Польшчы Вольга Трацяк

Урачысты фінал яна прапанавала распачаць хвілінай пашаны: сёлетні конкурс быў прысвечаны прафесару Аляксандру Баршчэўскаму (творчы псеўданім Алесь Барскі), які год таму пайшоў у іншы свет. 

− Мы працягваем традыцыю нашых папярэднікаў, − распавядзе потым спадарыня Вольга. − Склад кафедры змяніўся, але мы па-ранейшаму кожныя тры гады звяртаемся ў Міністэрства адукацыі і падаем наш праект. Для кафедры гэта вялікі высілак, але дзякуючы нашым намаганням алімпіяда ладзіцца вось ужо 29 год запар.

Галоўныя асродкі, у якіх арганізоўваецца алімпіяда − гэта сярэднія школы з беларускай мовай навучання ў Гайнаўцы і Бельску Падляшскім. Часам у спаборніцтве прымаюць удзел і маладыя людзі з Беластоку. Зрэшты, падаць заяўку на конкурс можа вучань абсалютна любой польскай школы.

Лаўрэаты і прызёры алімпіяды з навучальных устаноў Беластоку

14 прызёраў і 4 лаўрэты: усе яны прайшлі іспыты на школьным, раённым і цэнтральным узроўні. Вучылі граматычныя правілы, перачытвалі творы беларускіх класікаў і працавалі з матэрыялам, які не ўваходзіць у школьную праграму. 

Лаўрэаты XXIX Алімпіяды па беларускай мове ў Польшчы

Толькі на вусны экзамен у спісе літаратуры яны мелі 59 кніг! Рыхтаваліся да самых розных пытанняў. Напрыклад − пра праблемы чалавечага шчасця і сэнсу жыцця ў беларускай літаратуры або трагізм эпохі сталінізму ў творчасці Васіля Быкава ці ролю «Нашай нівы» ў абароне беларускай нацыянальнай мовы і культуры. І падобных тэм да абмеркаванняў і разважанняў на фінальным іспыце − дзясяткі. Найлепшай у адказах была Юстына Астапковіч з ліцэя ў Гайнаўцы. 

− Мне вельмі дапамагаў настаўнік, − сціпла распавядае ўладальніца першай прэміі. − Я займалася па яго матэрыялах, хадзіла рыхтавацаа ў бібілятэку. 

− Што адчула, калі даведалася пра перамогу? 

− Напэўна, вялікую радасць, не магла заснуць. Гэта было вельмі раптоўна. Я напраўду не чакала, што мой вынік будзе такім добрым. 

Пераможца XXIX Алімпіяды па беларускай мове ў Польшчы Юстына Астапковіч

− Юстына − найлепшая вучніца ў школе, − распавядае пра поспехі сваёй таленавітай вучаніцы Ян Карчэўскі. − У яе найлепшы сярэдні бал. Таксама яна ў гэтым годзе атрымала стыпендыю прэм’ер-міністра. Юстына выступае ў мастацкіх конкурсах, у мінулым годзе прымала ўдзел у конкурсе, які ладзіў Беларускі дом у Варшаве і там атрымала ўзнагароду амабасадара Францыі. Гэта вельмі працавітая, здольная, сумленная дзяўчына.  

− Поспехі вучняў цешаць больш за свае? 

− Поспехі вучняў − гэта і мае поспехі. Канешне, я вельмі рады. 

Урачысты фінал распачаўся з узнагарод і падзяк менавіта настаўнікам. Бо яшчэ ні адна алімпіяда без іх не абышлася. А дакладней − адбываецца дзякуючы ім. 

Настаўнікі беларускай мовы Ганна Каліноўская, Ян Карчэўскі, Ганна Дэмянюк
Вучні Другога агульнаадукацыйнага ліцэя з дадатковым навучаннем беларускай мовы ў Гайнаўцы

− Канешне, нам бы вельмі хацелася, каб больш нашых фіналістаў прыходзіла на кафедру бо сітуацыя з беларусістамі на Падляшшы вельмі складаная, − кранаецца ці не самых балючых пытанняў выкладчыца кафедры беларусістыкі Вольга Трацяк. − Праз некаторы час можа адбыцца такая сітуацыя, што ў нас там папросту не будзе настаўнікаў па беларускай мове і літаратуры. Цяпер іх сярэдні ўзрост − гэта 50 гадоў. І таму мы вельмі спадзяемся, што сённяшняя рэклама кафедры прыцягне нашых будучых студэнтаў. 

Усе фіналісты атрымалі каштоўныя прызы – планшэты, бяздротавыя навушнікі і, натуральна, кнігі. 

Кафедра беларусістыкі зарганізавала для ўдзельнікаў фіналу і культурную праграму. “Гэта абавязковая частка мерапрыемства”, – падкрэслівае старшыня навуковага камітэта Алімпіяды Вольга Трацяк

Маладым людзям зрабілі экскурсію па будынку факультэта прыкладной лінгвістыкі, распавялі пра ўніверсітэцкую інфраструктуру і дыдактычныя прапановы адзінай у замежжы кафедры беларусістыкі. 

Прыемным завяршэннем варшаўскага падарожжа стаў смачны абед у рэстаране над Віслай і наведваенне Цэнтра навукі Каперніка. 

Арганізатары, фіналісты і пераможцы алімпіяды

А неўзабаве распачнецца падрыхтоўка да юбілейнай, 30-ай алімпіяды па беларускай мове ў Польшчы. Усю інфармацыю пра конкурс можна будзе знайсці на сайце Кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта

Comments are closed.