Loading

Два гады таму, 15 лістапада 2020 года за стрым з «Плошчы пераменаў» сілавікі затрымалі журналістак Белсату Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову. Дзяўчат абвінавацілі ва ўдзеле і арганізацыі пратэстаў. Дар’я адбыла за кратамі ўвесь тэрмін пакарання і пасля двух гадоў турмы выйшла на свабоду. Кацярыну Андрэеву дадаткова абвінавацілі ў здрадзе дзяржаве і прысудзілі звыш 8 гадоў турмы.

У гадавіну затрымання Даша Чульцова была госцяй начнога эфіру «Жыве Беларусь уначы» з Раманам Ждановічам.

Дар’я дагэтуль няёмка адчувае сябе па другі бок здымачнай камеры, калі не яна задае пытанні, а ёй. Але дзяўчына звыкаецца з гэтым, бо апошнім часам дае шмат інтэрв’ю. Але на некаторыя пытанні цяжка адказваць фізічна.

Гэта пытанні накшталт таго, што ёй задалі калегі з Белсат, як на цяперашні розум, пайшла бы Дар’я здымаць нешта падобнае, ці ўстрымалася? Даша кажа, што за сябе адказаць ёй не цяжка, але варта ўлічваць, што Каця Андрэева дагэтуль за кратамі. І гэта абмяжоўвае адказы. Тым не менш, свайго рашэння дзяўчына б не змяніла нават пад пагрозай пакарання.

Цяпер Дар’я Чульцова стала вельмі пазнавальнай асобай. Ёй уручаюць прэміі, яна ў цэнтры ўвагі журналістаў. Як яна адчувае сябе ў гэтым ролі?

Даша кажа, што не выстачае часу пакуль, каб усё асэнсаваць. Бываюць моманты, калі людзі стараюцца больш тактычна сябе з ёй паводзіць, бо баяцца нейкім чынам закрануць яе пачуцці.

Дзяўчына ўзгадала выпадак у беларускай маршрутцы, калі вярталася з Мінску. Насупраць сядзела жанчына, якая пазнала Дашу і месца сабе не знаходзіла, хвалявалася. На прыпынку, калі ў прыбіральні мылі рукі, жанчына адважылася загаварыць. Запытала, ці Даша гэта і папрасіла яе абняць.

Пра што нельга запытваць у чалавека, які доўгі час правёў за кратамі?

Гэта ў кожнага індывідуальна, кажа Даша. Для яе асабіста зараз няёмкімі падаюцца пытанні аб тым, як яна спраўляецца з уладкаваннем на волі. Гэта таму, што дзяўчына пакуль сама не разумее, як гэта адбываецца і што яна адчувае. Пакуль Даша намагаецца свой унутраны стан не аналізаваць.

Дар’я ўзгадвае першыя месяцы ў калоніі, як час штодзённага спадзеву на тое, што хутка сітуацыя ў краіне зменіцца і будзе вызваленне. У выніку мінула два гады, а ўсё толькі пагоршылася.

Пад час арышту Даша з Кацяй думалі, што максімальнае пакаранне, што можа быць, гэта некалькі содняў за кратамі. І спачатку так і было, дзеўчынам прысудзілі 7 содняў. Але пасля вызвалення так і не адбылося.

Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева былі першымі журналісткамі, на якіх завялі крымінальную справу. Дар’я кажа, што ў тых умовах ты не думаеш, які тэрмін атрымаеш. Думаеш аб тым, каб не забілі. І канешне, не ўсведамляеш, што затрыманне зацягнецца надоўга.

Ці была магчымасць і жаданне напісаць прашэнне аб памілаванні?

Так, магчымасць такая існуе ў кожнага вязня. Даша яе не разглядала, як выйсце для сябе. І не магла прызнаць віну, бо не вінаватая.

Самае складанае за кратамі, кажа Даша, гэта страта сувязі са знешнім светам. Асабіста, калі пазбавілі ліставання з няроднымі. Гэта розніца адчувалася адразу, калі перасталі даходзіць лісты ад беларусаў.

Таксама цяжка было перажываць ізаляцыю ад інфармацыі. Асабіста для журналісткі, якая прызвычаілася ўвесь час быць у інфармацыйным віры. Даша кажа, што фізічна адчувала ломку ад недахопу інфармацыі.

У камеру СІЗА на Валадарцы шмат розных людзей і гэта дазваляе абменьвацца інфармацыяй. Апроч таго застаюцца толькі лісты і размовы з адвакатам, калі той наведвае.

У калоніі прасцей, бо там ёсць тэлевізар. І ты ведаеш, што ў цябе яго не адбяруць, як у СІЗА за дрэнныя паводзіны камеры. Ну і вакол шмат людзей, якія адбываюць пакаранне не па палітычных артыкулах і іх так не праслухоўваць, як палітычных. Яны стэльваюцца з роднымі і тыя распавядаюць навіны. Таксама ёсць сустрэчы з адвакатамі і доўгатэрміновыя спатканні з роднымі.

Такім чынам інфармацыя паміж людзьмі пастаянна пашыраецца. Напрыклад, пра напад Расіі на Украіну Даша даведалася ў той жа дзень. Яна прыйшла на другую змену на фабрыку, дзе палітычныя збіраюцца гуртком і абменьваюцца навінамі. Так і даведалася.

Стаўленне да палітычных вязняў у жаночых калоніях і СІЗА адрозніваецца ад мужчынскіх.

У СІЗА сітуацыя прасцей, бо палітычных асабіста ніхто не адсочвае. У цябе ёсць перадачкі і ты маеш магчымасць дапамагаць тым, хто перадач пазбаўлены. Таму ў СІЗА стаўленне да палітычных з боку іншых сукамерніц станоўчае.Там розныя людзі па розных артыкулах сядзяць. З боку тых, у каго ўсё ёсць, стаўленне станоўчае таксама. Ім ад цябе нічога не трэба, але яны бачаць, што ты адэкватны чалавек.

Вядома, ёсць тыя, каго спецыяльна падсаджваюць у камеру, каб выведаць інфармацыю. Твае сукамерніцы цябе пра такога чалавека папярэдзяць.

Іерархія ў калоніі.

Загадчык гаспадарчай часткай у калоніі (хтосьці з асуджаных) адчувае сябе ледзь не старшынёй усёй установы там. І паводзіць сябе адпаведна.

Палітычны гурток з асуджаных у калоніі ўспрымаецца, як кола сваіх. Гэта аддушына і крыніца пазітыву. Палітычныя як могуць там падтрымліваюць адна адну. З іншымі вязнямі ты не можаш быць адкрытай, бо напішуць данос. Нават, калі чалавек адкрыты і не з’яўляецца даносчыкам, заўсёды існуе пагроза, што калі на такога чалавека адміністрацыя націсне, ён здасць цябе, каб абараніць сябе. Звычайная барацьба за выжыванне.

Ці можна ў беларускай калоніі займацца самаразвіццём?

Вышываць ці вязаць, напрыклад, можна. Нават існуе адмысловы гурток, дзе гэтаму навучаюць. Ёсць падручнікі па іншаземных мовах. Дар’я выпісала для сябе моўны курс ЕШКА. Але пакуль яе заяву ўзгаднілі, яна паспела атрымаць толькі тры часопісы. Ёсць бібліятэка з кнігамі, якой можна карыстацца. Выбар там невялікі, але шмат класікі, што добра.

Дар’я кажа, што навіна аб тым, што Максім Знак за кратамі піша кнігу і яе ўжо нават пачалі публікаваць і перакладаць на мову, яе шакавала. Бо ў калоніі правяраюць кожную паперку. Усё ўважліва чытаюць і запытваюць, што гэта. Нават калі ты выпадкова ў кішэні забудзеш спіс пакупак і пранясеш яго на фабрыку, пры вобшуку яго знойдуць і спытаюць, навошта ты гэта нясеш. Даша кажа, што баялася маме ў лісце лішняе слова напісаць, каб той дайшоў.

Гурток палітычных у калоніі за час адбывання там Дашы з 5 чалавек павялічыўся прыкладна да 40. Дар’я Чульцова лічыць, што ў новай Беларусі ўсе адказныя за здзекі і рэпрэсіі над беларусамі павінны быць асуджаны і адпаведна закону пакараныя. Бо гэтыя людзі свядома зрабілі выбар быць часткай рэпрэсіўнай сістэмы. Пакуль жа гэтыя людзі ўпэўненыя ў сваёй беспакаранасці і паводзяць сябе так, быццам бы гэтая сістэма і іх улада над намі назаўжды.

Зараз Дар’я Чульцова працягвае працаваць на Белсаце. Але прызнаецца, што па невядомых ёй прычынах пакуль мае цяжкасці з беларускай мовай, на якой раней размаўляла без праблем.

 

Comments are closed.