Loading

Беларускі дабраахвотнік Аляксей Назараў з пазыўным «Псіхолаг», які з 2015 года ў складзе палка «Азоў» удзельнічаў у абароне Украіны ад расійскіх захопнікаў, у першыя дні паўнамаштабнага ўварвання расійцаў ва Украіну ў лютым 2022 года, у баі за абарону горада Бучы пад Кіевам, атрымаў цяжкое раненне і страціў значную частку нагі. Тым не менш, пасля перыяду рэабілітацыі Аляксей зноў вярнуўся ў шэрагі ўжо беларускага падраздзялення – палка імя Кастуся Каліноўскага, дзе служыць і дагэтуль. Але… Ён марыць палепшыць свае ваярскія здольнасці, часткова абмежаваныя пасля ранення. Аляксей патрабуе сучаснага пратэза, збор сродкаў на які арганізаваў беларускі журналіст Сяргей Пеляса.

Крыніца: zrzutka.pl

Аляксей «Псіхолаг» Назараў:

— Ва Украіну я прыехаў 26 лютага 2015 году і адразу трапіў у полк «Азоў» на курс маладога байца. Пасля я застаўся служыць у падраздзяленні. Нас навучалі на інструктараў, каб мы маглі трэнаваць рэкрутаў, адбіраць іх. І сумесна з іншымі байцамі перыядычна выязджалі выконваць баявыя задачы. У такім парадку мы служылі да 2016 года. Тады «Азоў» адвялі з першых лініяў і ўжо магчымасці ўдзельнічаць на фронце не было.

Пасля звальнення мы жылі звычайным цывільным жыццём, але так ці інакш звязаным з мілітарнай тэматыкай – бо ўсе знаёмствы былі завязаныя з вайсковымі структурамі. Некаторыя працавалі інструктарамі для цывільных асобаў – давалі мінімальныя навыкі абыходжання са зброяй, вядзення боя. У такім рэжыме мы працавалі да 24 лютага 2022 года.

Пра пачатак паўнамаштабнай вайны нам ужо было вядома. Меркавалі, што яна пачнецца ўлетку 21-га года, ну расійцы перанеслі гэта на больш позні тэрмін. Узімку ўжо стала канчаткова зразумела, што яе не мінуць. Паколькі мы знаходзіліся ў арганізацыі прыазоўскай, з ветэранамі «Азову» ужо быў абгавораны план, што рабіць у выпадку наступлення паўнамаштабнай вайны.

24 лютага, калі ўжо ўсё пачалося, мы з усімі беларусамі, з якімі раней служылі, паехалі на загадзя дамоўленае месца, на базу, дзе збіраліся былыя ветэраны «Азову», і пачалі там фармаваць ужо першыя баявыя роты для таго, каб дапамагаць Узброеным Сілам Украіны адбіваць атаку расіцаў. На пачатку мы дапамагалі ў падрыхтоўцы абароны Кіеўскай вобласці ў розных месцах.

Да 3 сакавіка мы рушылі ў Бучу. Тады расійцы зайшлі туды, іх там разбілі, яны выйшлі і 3 сакавіка зранку, калі мы туды заязджалі, яшчэ Буча не кантралявалася расійцамі. Мы заехалі туды ў складзе прыкладна роты, у асноўным былыя ветэраны «Азову». Нашых беларускіх дабраахвотнікаў тады ў Бучу паехала трое – гэта я, «Кіт» і «Ліцьвін». Мы былі ў складзе выведузвода невялікага 25 чалавек, і наша задача была вырушыць на ўскрайкавыя межы, зафіксаваць, дзе месцяцца калоны расійцаў, даць ім бой і адыйсці.

Калі патрапілі ў загадзя апісанае паводле плану месца, усё пайшло не так. Мы зафіксавалі гіганцкую калону, якая проста стаяла на месцы і пакуль не пачынала рух. Мы выставілі пэўны абарончы перыметр, каб хутка ўдарыць і адыйсці. Пачаўся рух яшчэ некалькіх калонаў і атрымалася, што нам адразу адрэзалі шляхі адыходу. Яны пачалі наступ на Бучу і яшчэ некалькі гарадоў, заблакаваўшы ўсе дарогі, якія мы меліся выкарыстоваць для адыходу.

У нас завязаўся бой з калонай, якая пачала рух ужо на нас. І падчас гэтага боя мае сябры атрымалі параненні. Ілля «Ліцьвін» атрымаў аскепкавае параненне з танка, які па нас «адпрацаваў».

Мы эвакуявалі параненых з аднаго будынку, які пачаў гарэць і абрынацца, у іншы будынак, які быў больш бяспечны. Пры пераносе туды параненых адбыўся выбух за пяць метраў ад мяне за спінай. Я проста паляцеў наперад. Калі спрабаваў узняцца, убачыў, што нага вісіць на кавалку сухажылля і скуры. Там такі зрэз вялікім аскепкам па цэнтры калена. То бок, калена вылецела ў невядомым напрамку і было зразумела, што нага не збярэцца.

Я агледзеў, наклаў турнікет. Калі ўжо адпоўз, там была такая мітусня, усе параненых перацягвалі. Я проста ляжаў, аглядаўся далей, каб зразумець, ці няма ў мяне больш параненняў.

Я быў цалкам у прытомнасці. Болю ад самога паранення не было. Пры такіх параненнях у чалавека вылучаецца столькі адрэналіну, што боль цалкам блакуецца. Не назаўжды, вядома ж, але на нейкія, умоўна, 20-30 хвілін.

Я разумеў цалкам, што з сітуацыі, у якой мы апынуліся, мы не павінны былі выходзіць жывымі. Наша выведгрупа была без тэхнікі, толькі са стралковай зброяй – кулямётамі, аднаразовымі гранатамётамі, РПГ-7. Карацей, з такім узбраеннем супраць браняванай тэхнікі і танкаў доўга не паваюеш. Таму шанцы нашыя я вялікімі не лічыў.

Крыніца: t.me/belwarriors

Але ўсё склалася добра, бо мы расійцаў атакавалі раптоўна, яны не чакалі, што мы будзем у гэтым гатэлевым комплексе. Праз гэты момант разгубленасці нейкія паўгадзіны не маглі зразумець, што адбываецца. Калона разбілася. Тыя машыны, якія не былі падбітыя, адкаціліся назад. А тую пехоту, якая была ў нашым непасрэдным агнявым кантакце, мы цалкам расціснулі і знішчылі.

Па нас тады працавала лёгкая браняваная тэхніка тыпу БТР, БМП такімі буйнакалібернымі кулямётамі – па саміх будынках таго гатэльнага комплексу. А я проста ляжаў на зямлі, стасаваўся з хлопцамі, якія побач былі. Чакаў, як гэта далей развяжацца, і вырашыў запісаць перадсмяротнае відэа.

Крыніца: t.me/belwarriors

— Распавядзіце, што было потым, калі вас даставілі ў лякарню, адбывалася рэабілітацыя, які стан у Вас зараз?

— Мы выехалі па той дарозе, нас абстрэльвалі там з лёгкай стралкоўкі, нікога паўторна ўжо не параніла. У лякарні я прачнуўся на наступны дзень пасля аперацыйнага ўмяшальніцтва, калі выдалялі аскепкі костак, танкавыя металічныя аскепкі, сфармавалі кульцю. Я прачнуся, пачаў абтэлефаноўваць усіх хлопцаў, каб разумець, што адбываецца, дзе яны, якое ўвогуле наша становішча, ці не заходзяць расійцы ў Кіеў.

Далей мяне перавозілі з лякарні ў лякарню, дзе я праходзіў стабілізацыю. І, калі швы ўжо стабілізавалася, мяне перавялі ў цэнтр реабілітацыі. Наша патранажная служба «Азову», якая тады намі займалася, бо тады яшчэ палка Каліноўскага не было, выбіла нам – параненым, добрыя рэабілітацыйныя клінікі, мы праходзілі там лячэнне.

Праз два месяцы, 1 траўня, я прыехаў у Кіеў, і мне паставілі першасны пратэз. Я стаў на пратэз і пачаў вучыцца хадзіць на ім. Праз тыдзень ужо хадзіў без мыліцаў. І далей я ўжо вярнуўся на службу – займаўся адміністрацыйнымі задачамі, мэнэджмэнтам, так бы мовіць, нашага падраздзялення – палка Каліноўскага, і інструктарствам трохі.

— Ці ёсць спадзяванне цалкам аднавіць рух на пратэзе?

Так, вядома ж! Існуюць розныя віды пратэзаў, рознага віду актыўнасці. Пратэзы, якія патрэбныя вайскоўцам, якія ўвесь час актыўныя, працуюць інструктарамі, ці бяруць удзел у баявых дзеяннях, ім патрабуюцца пратэзы на ўзровень вышэйшыя за тыя, якія могуць ставіць ва Украіне, бо выплаты, якія ўкраінская дзяржава прапануе, не настолькі вялікія, каб набыць добры пратэз. За іх можна набыць пратэз, на якім ты зможаш хадзіць па асфальце. Для хаджэння ў экіпіроўцы, для правядзення трэнаванняў, для больш актыўнага жыцця патрабуюцца больш адаптаваныя механізмы.

Пратэз, пра які гаворыць Аляксей, каштуе каля 57 тысяч еўра. Прафінансаваць такую суму ўкраінскай дзяржаве зараз не пад сілу. Але мы спадзяемся, што сабраць такія грошы талакой змогуць беларусы ўсяго свету. Журналіст тэлеканала «Белсат» Сяргей Пеляса арганізаваў збор сродкаў на пратэз для Аляксея і заклікае ўсіх неабыякавых людзей далучыцца да ахвяраванняў:

Мы можам разам дапамагчы канкрэтнай асобе. Бо шмат хто спачувае беларускім дабраахвотнікам, якія абараняюць Украіну, украінскім жаўнерам. Бальшыня розных збораў, ахвяраванняў палягаюць у тым, што дапамагаюць нейкай вайсковай частцы, альбо збіраем на нейкія тэхнічныя прылады. Тут сітуацыя цалкам іншая – можна дапамагчы канкрэтнай асобе.

Гэта беларускі жаўнер, які абараняе Украіну яшчэ з часоў вайны на Данбасе. І гэта вельмі канкрэтная справа і досыць дарагая – сучасны пратэз, які верне Аляксею не толькі здольнасць нармальна функцыянаваць, але і магчыма, і служыць інструктарам у палку Каліноўскага, а можа нават і ваяваць. Я думаю, што недзе ў галаве ён трымае такую думку, што ён бы хацеў нават на фронт трапіць з гэтым пратэзам.

Сэнс такі, што ён хоча вярнуцца да паўнавартаснай службы і свой баявы досвед выкарыстаць у навучанні ваяроў палка Каліноўскага. А мы можам дапамагчы ў гэтай канкрэтнай справе: далучыцца да гэтага збору, каб у Аляксея з’явіўся гэты пратэз.

Збор ідзе праз польскую фундацыю «Браты» на платформе zrzutka.pl – гэта вядомая польская платформа, для дабрачыннай дзейнасці. Яна на польскай мове, ёсць таксама англійская версія. І там ёсць вельмі шмат варыянтаў, як можна ахвяраваць. Можна ахвяраваць з любых краінаў свету.

Нават самая маленькая сума – гэта ўжо крок наперад, які дазволіць аднавіць фізічную спраўнасць Аляксею «Псіхолагу» і вярнуць яго ў шэрагі, каб ён мог навучаць новых беларускіх дабраахвотнікаў.

Для ахвяравання на набыццё пратэзу Аляксею «Псіхолагу» Назараву трэба прайсці за гэтай спасылкай

Цалкам размову з Аляксеем Назаравым слухайце ў плэеры ніжэй:

Comments are closed.