Loading

Дабрачынны фонд «Вільна Білорусь», створаны беларусамі ва Украіне для дапамогі найперш беларусам, якія ваююць у розных, як адмыслова беларускіх, так і агульных падраздзяленнях Узброеных Сілаў Украіны, зрабіў ужо даволі шмат для таго, каб у нашых ваяроў былі годныя ўмовы. Але зараз у фонда вельмі важная, патрэбная, і ў той жа час, няпростая задача. І ён спадзяецца на тое, што беларусы, якія зараз раскіданыя ва ўсім свеце, не застануцца ў баку, а далучацца да таго, каб талакою дапамагчы беларускім вайскоўцам, што бароняць ад расійкіх захопнікаў не толькі Украіну, але і саму свабоду. Кажа кіраўнік фонду «Вільна Білорусь» Аляксей Францкевіч:

«Час размаўляць скончыўся і прыйшоў час нешта рабіць. Сёння ад кожнага залежыць, калі мы пераможам, калі ў нас з’явіцца шанс дэакупаваць Беларусь, вызваліць нашых палітзняволеных. Мы звяртаемся да ўсіх неабыякавых беларусаў, і не толькі беларусаў. Нам патрэбна ваша дапамога. Мы аб’явілі збор для нашых ваяроў, якія бралі ўдзел у вызваленні Херсоншчыны, а зараз перакінутыя на іншы напрамак. Збіраем на дрон, які ім вельмі патрэбны для выканання тактычных заданняў».

Аляксей Францкевіч нагадвае, што фонд «Вільна Білорусь» дапамагае ўсім беларусам, якія ваююць у шэрагах Узброеных сілаў Украіны, незалежна ад таго, у якім падраздзяденні хто ваюе. Кожны можа звярнуцца да фонда і ён будзе рабіць усё, што ў ягоных сілах, каб дапамагчы.

І вось зараз пра дапамогу фонд «Вільна Білорусь» папрасіў беларускі дабраахвотніцкі батальён «Тэрор». Кажа адзін з ваяроў батальёну:

«Мяне зваць Алесь, я – баец батальёна «Тэрор». Наш батаьён у складзе УСУ удзельнічаў у вызваленні Херсоншчыны. За выдатны ўнёсак у гэтую аперацыю адзін з нашых байцоў быў узнагароджаны Ордэнам Багдана Хмяльніцкага з рук спадара Зяленскага. І мы б хацелі падзякаваць кожнаму, хто дапамагаў нам у вызваленні Херсоншчыны, хто данаціў на цёплае адзенне, на ежу, на амуніцыю і абсталяванне. Зараз мы працягваем працаваць на іншым напрамку. У нас шмат ахвочых нішчыць акупантаў, але нам не хапае выведвальных дронаў, такіх як DJI Matrice 30T. Мы былі б вам вельмі ўдзячныя, калі б вы дапамаглі фонду «Вільна Білорусь» сабраць сродкі на гэты дрон. Толькі разам мы зможам перамагчы ворага! Слава Україні! Жыве Беларусь!»

Усе, хто мае жаданне дадаць свой унёсак у перамогу над агрэсарам, могуць знайсці рэквізіты, каб пералічыць сродкі ТУТ. Пералічыць можна як украінскія грыўны, так і еўра альбо даляры ЗША. Нават невялікая сума стане садзейнічаннем беларусаў агульнай перамозе над агрэсіўнай імперыяй! І мы абавязкова пераможам!

 

Падпісвайцеся на наш тэлеграм t.me/radiounetfm

Comments are closed.