Loading

Не ўсе ведаюць, што ў складзе беларускага палка імя Кастуся Каліноўскага служаць прадстаўнікі розных нацыянальнасцей. Ёсць сярод іх і грамадзяне Літвы. Адзін з іх, Альбертас з пазыўным «Дантыст», узначальвае медычную службу палка.

Літоўскаму добраахвотніку беларускага палка імя Кастуся Каліноўскага Альбертасу Глазаўскасу з пазыўным «Дантыст», 29 гадоў. Нарадзіўся ў Літве, а калі яму споўнілася 13 гадоў, сям’я пераехала жыць у Вялікабрытанію. Там Альбертас атрымаў вышэйшую адукацыю спартыўнага рэабілітолага ў Лонданскім спартыўным інстытуце.

Затым працаваў спартыўным рэабілітолагам, дапамагаў даглядаць за хворымі, быў ратаўніком у басейне, выкладаў мовы і шмат валанцёрыў для Брытанскага чырвонага крыжа і для Нацыянальнай сістэмы аховы здароўя падчас пандэміі. Валодае літоўскай, ангельскай, нямецкай, рускай, а зараз ужо і ўкраінскай мовамі. Ва Украіне Альбертас з 17 снежня 2021 года. Прыехаў лячыць зубы, бо сябры параілі добрую клініку за разумныя грошы. Калі пачалося поўнамаштабнае ўварванне, вырашыў застацца і дапамагаць.

На пытанне, чаму застаўся, адказвае адным словам – любоў

З першага дня я палюбіў украінцаў і іх краіну. Я проста не змог у цяжкі час пакінуць людзей, якія апынуліся ў такой сітуацыі. Тым больш, калі я магу быць карысны як медык. У маім жыцці былі цяжкія сітуацыі. Я на ўласным досведзе ведаю, як гэта застацца сам-насам з праблемай. Я б сабе не дараваў ніколі, калі б з’ехаў тады. Таму ў мяне нават і думкі такой не было. Апроч таго, я вельмі свабодалюбівы чалавек. Я не хачу, каб ракеты падалі на мірных жыхароў Украіны. Не хачу, каб яны падалі і на людзей у Літве і ў іншых краінах. Таму я застаўся тут дапамагаць. І вось з чэрвеня служу ў палку Каліноўскага.

Шлях добраахвотніка

Як і шмат іншых людзей, Альбертас не чакаў поўнамаштабнага ўварвання. Думаў, што будзе абвастрэнне на Данбасе. Планаваў ехаць, калі што, туды як валанцёр-медык. 24 лютага хлопец прачнуўся раніцай ад гука знішчальніка. Узяў тэлефон і адразу зразумеў, што пачалася вайна. Бліжэй да вечара малады чалавек патрапіў у падольскі ваенкамат, дзе запісаўся добраахвотнікам. Пакінуў свой кантакт і ў звестках пра сябе напісаў, што ведае асновы тактычнай медыцыны, кіруе аўтамабілем ведае асновы валодання зброяй і ангельскую мову. Не з першай спробы, але ў тэрабарону Альбертас патрапіў.

Узброеным добраахвотнікам наляпілі зялёныя апазнавальныя стужкі і адправілі патруляваць раён Абалонь. Група Альбертаса павінна была ахоўваць абалонскую адміністрацыю калі метро Мінская. Увесь час Альбертас здымаў відэа і рабіў фота. У думках ён такім чынам развітваўся з роднымі і сябрамі, пакідаў у сацсетках свае здымкі на памяць.

Медычная служба

Так прайшлі першыя дні. Трэба было больш стала ўладкоўвацца, і Альбертас запісаўся ў мясцовую тэрабарону на Падоле, дзе жыў. Там арганізавалі медпункт, які пэўны час быў у раёны адзіным. Туды звозілі лекі, людзі звярталіся па дапамогу. Альбертас дапамагаў як мог. Але таксама прыходзілася будаваць барыкады з мяшкоў і валіць дрэвы. Паступова наладзілі варту. Адзін з блокпастоў быў у доме знакамітага журналіста і вядоўцы Аляксандра Гардона арганізавалі ягоныя бацькі. Мясцовыя вельмі дапамагалі – прыносілі адзенне, ежу.

Прыкладна праз тыдзень на Падоле арганізавалі курсы тактычнай медыцыны. Іх праводзіў знакаміты амерыканскі ваенны медык Патрык Чылі, які ў 2014 годзе прывёз ва Украіну натаўскую методыку навучання аказання першай дапамогі падчас бою.

На курсе з Альбертасам навучаліся людзі розных прафесіяў – рэжысёр, айцішнік, выкладчык, стаматолаг, ветэрынар. Пераважна ўсе «падаляне», выключна цывільныя раней людзі. Іх рыхтавалі як інструктараў, пасля чаго пачалі вазіць па ваенных пазіцыях пад Кіевам, каб яны навучалі байцоў.

Альбертас кажа, што праца была неабходнай і плённай. Іх навучанне выратавала жыцці многім. Працаваць прыходзілася і пад абстрэламі. Першыя некалькі месяцаў праца інструктараў была запатрабаваная, пакуль рускія не адышлі ад Кіева.

Літоўскі «каліновец»

Альбертас пайшоў у літоўскі добраахвотніцкі атрад «Змяіны востраў. Да перамогі» пад камандаваннем Сігітаса Маляўскаса з пазыўным «Пагоняс». Але праз арганізацыйныя абставіны частка атраду паехала працаваць інструктарамі ва Львоў, а некалькі чалавек з Альбертасам засталіся ў Кіеве і далучыліся да вайсковай часткі 11 АРСП. Каля месяца жылі і трэніраваліся на іх базе. Але на жаль, не было магчымасці юрыдычна па законе аформіць іншаземных добраахвотнікаў. У Альбертаса ўжо скончыліся 90 дзён бязвізавага знаходжання ва Украіне. Адзіная легальная падстава для знаходжання ва Украіне, была даведка, што ён валанцёр вайсковай часткі.

Увесь час малады чалавек медыйна сачыў за дзейнасцю палка імя Каліноўскага. Маўляў, беларусы яму спадабаліся. Але ён не думаў, што да іх можа далучыцца грамадзянін Літвы. Аднак, калі каліноўцы размясцілі набор у медычную службу палка, Альбертас вырашыў паспрабаваць.

Яго запрасілі на сумоў’е. Малады чалавек разлічваў на пасаду інструктара тактычнай медыцыны. Аднак амаль адразу яму прапанавалі ўзначаліць палкавую медычную службу. Бо жанчына, якая раней займала гэтую пасаду, па сямейных абставінах павінна была сысці.

Першы час, кажа Альбертас, было вельмі цяжка. Бракавала досведу, ціснула адказнасць. Але патроху ўцягваўся ў працу. «Дантыст» узначаліў чатыры напрамкі: прыём хворых у медпункце (часцей з лёгкімі, бытавымі хваробамі), размеркаванне, запыт і сарціроўка гуманітарнай медычнай дапамогі, размеркаванне байцоў па шпіталях і наведванне іх, а таксама – навучанне тактычнай медыцыне. Было цяжка, але праца вельмі спадабалася.

Яшчэ адным з аргументаў пайсці ў полк да беларусаў, быў артыкул у літоўскай прэсе, з якога Альбертас даведаўся, што ў палку ўжо служаць грамадзяне Літвы. З землякамі хутка ўсталяваліся добрыя зносіны. Напачатку яны вельмі падтрымалі «Дантыста» і дапамаглі ўвайсці ў курс справы.

Праз месяц працы на новым месцы да Альбертаса прыехала мама, прафесійная медычная сястра. Яна шмат дапамагла сыну ў сістэматызацыі працы і моцна падтрымала маральна. З навучаннем байцоў дапамаглі і новыя рэкруты, некаторыя з іх валодалі навыкамі тактычнай медыцыны.

Напачатку верасня ў Альбертаса была камандзіроўка ў зону баявых дзеянняў у Запарожжа, дакладна ў Гуляй-Поле. Каля тыдня хлопец працаваў у медычнай эвакуацыйнай машыне, якая вывозіць параненых з поля бою і падтрымлівае іх жыццё, пакуль не перададуць байца ў шпіталь. На той перыяд, кажа Альбертас, параненых не было. І гэта вялікі поспех і шчасце, калі медыкі падчас баявых дзеянняў сядзяць без справы. Значыць, хлопцы там ваююць паспяхова. Прыкладна на канец студзеня ў «Дантыста» запланавана наступная такая камандзіроўка ў Запарожжа. Ён спадзяецца вярнуцца адтуль жывым.

Дарэчы, свой пазыўны «Дантыст» атрымаў менавіта праз гісторыю з першапачатковай мэтай прыезду ва Украіну. Як вы памятаеце, хлопец прыехаў лячыць зубы. Нават, пад час вайны паспеў выдаліць зубы мудрасці. А мянушка так і прычапілася. Да таго ж, дантыст на ўсіх мовах гучыць аднолькава, што таксама падабаецца Альбертасу.

Пераслед за ўдзел у вайне на радзіме

У першыя дні вайны Альбертас хваляваўся, што за ўдзел у ёй на радзіме яго могуць судзіць. Таму літоўцы хавалі твары і інфармацыю пра сябе, каб не дайшла да ўладаў. Але потым стала зразумела, што Літва цалкам падтрымлівае Украіну і ніякага пераследу сваіх грамадзян за ўдзел у вайне на баку ўкраінцаў чыніць не будзе. Адзінае што, забаронены ўдзел дзеючым афіцэрам літоўскага войска. Нават у вольны час.

Таму літоўцы пачалі распавядаць пра свой удзел адкрыта. Альбертас кажа, што гэта дапамагае прыцягваць увагу і збіраць дапамогу. Калі землякі даведваюцца пра сваіх валанцёраў ці ваяроў, яны ахвотна збіраюць ім валанцёрскую падтрымку. І гэта вельмі каштоўна, бо такая падтрымка на вайне патрэбна заўжды.

У палку імя Каліноўскага зараз служаць 7 грамадзян Літвы. «Дантыст» з сябрамі намагаюцца аб’яднаць іншых літоўцаў ва Украіне. Пакуль праз сацсеткі атрымалася звязацца прыкладна з 30 асобамі. Але пэўна іх больш. Нядаўна амбасада Літвы ў Кіеве праводзіла ўрачысты прыём для сваіх добраахвотнікаў. Альбертас кажа, што было вельмі прыемна атрымаць медаль легіянера ад прадстаўнікоў ураду сваёй радзімы.

«Дантыст» лічыць, што беларусы з літоўцамі ментальна падобныя, таму праблемаў з паразуменнем і ў адносінах няма. Апроч таго, толькі на вайне Альбертас усвядоміў, наколькі свабодалюбівым чалавекам ён з’яўляецца. І як важна змагацца з дыктатурамі, якія нясуць пагрозу. Таму гэтая вайна – ягоны ўласны ўнёсак у барацьбу і выбачэнне перад украінцамі за тое, што з 2014 года актыўна ім не дапамагаў, а спачуваў пасіўна. У мірным жыцці, у дабрабыце звычайна не адчуваеш, якой каштоўнасцю ёсць свабода.

«Дантыст» плануе змагацца за свабоду і любоў да пераможнага канца. А пасля вайны спачатку накіруецца ў падарожжа па Украіне, адпачне ва ўкраінскім Крыме і, магчыма, зоймецца ўласным бізнесам.

Поўную размову слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.