Loading

14 лістапада прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ўзнагародзіў ваяроў, якія змагаліся за вызваленне Херсону ад расійскіх захопнікаў. Сярод ушанаваных быў і беларускі добраахвотнік з батальёну Тэрор з пазыўным «Цёмнавельможны пан». Для нашага радыё прэс-служба батальёну ўзяла каментар у героя, які атрымаў Ордэн Багдана Хмельніцкага III ступені.

Крыніца: t.me/V_Zelenskiy_official

Узнагарода была прысуджана за выкананне баявых задач на Херсонскім напрамку. «Цёмнавельможны пан» служыць у складзе УСУ з 2015 года. Ён праходзіў баявую падрыхтоўку ў палку «Азоў» і прымаў удзел у баявых дзеяннях у складзе дабравольнага ўкраінскага корпусу «Правы сектар».

У 2019 годзе звольніўся і пачаў жыць цывільным жыццём. Але з лютага з моманту паўнамасштабнага ўварвання расійскіх захопнікаў ва Украіну, разам з таварышамі з «Азову» арганізаваліся, атрымалі зброю і прыступілі да выканання абароны Кіеўскай вобласці.

Беларусы ўдзельнічалі ў многіх пяхотных аперацыях, удзельнічалі ў складзе артылерыйскіх падраздзяленняў, працавалі з мінамётамі і карэктыроўкай артылерыі.

«Цёмнавельможны пан» не хацеў прымаць узнагароду. Маўляў, апроч яго шмат вартых узнагароды ваяроў. Да апошняга ён не ведаў, якую ўзнагароду яму прызначылі. Але на атрыманне паехаў, бо гэта быў загад камандзіра.

Крыніца: t.me/terrorbel

У першую чаргу для «Цёмнавельможнага пана» гэта ўзнагарода – прызнанне працы ваяроў усяго батальёну і прызнанне дзяржавай унёску беларусаў у вызваленне Херсону.

На пытанне, ці плануе герой вяртацца ў Беларусь, ён адказвае, што ягоны лёс павязаны з батальёнам. Таму, калі батальён туды накіруецца, каб выконваць задачы ў Беларусі, ён пойдзе разам.

 

Comments are closed.