Loading

Ніжняя палата беларускага парламента ў першым чытанні прыняла закон аб дэнансацыі Факультатыўнага пратакола да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, які прадугледжвае механізм падачы і прыёму індывідуальных скаргаў на парушэнне дзяржавамі правоў чалавека, акрэсленых у пакце.

Юрыст Праваабарончага цэнтра «Вясна» Павел Сапелка распавёў пра тое, што гэта азначае для правоў беларусаў, ці ёсць іншыя спосабы змагання за свае правы і як падобныя дзеянні ўлады могуць быць успрынятыя сусветнай супольнасцю.

«Пасля заключных працэдур і падпісання Лукашэнкам закон набывае моц і з гэтага часу сапраўды Беларусь не будзе вызнаваць права Камітэта ААН у правах чалавека разглядаць індывідуальныя скаргі на парушэнне Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. У нас дагэтуль не было магчымасці звароту ў Еўрапейскі суд у правах чалавека. Такім чынам, тая норма, якая ёсць яшчэ ў гэтай нашай выхалашчанай Канстытуцыі, якая дазваляе беларусам у выпадку, калі іх правы не абароненыя ў Беларусі, звяртацца ў міжнародныя органы, застаецца цалкам пустой, не падмацаванай аніякімі механізмамі».

А наколькі эфектыўным быў сам механізм звароту да Камітэта ААН у правах чалавека грамадзян Беларусі? Ці вядомыя выпадкі, каб Беларусь, як дзяржава, выканала тыя рашэнні, якія прымаў КПЧ паводле індывідуальных скаргаў беларусаў?

«Каб так наўпрост, то Беларусь не выканала аніводнага з рашэнняў. Але я хачу падкрэсліць, што ў гэтых рашэнняў была вельмі важная функцыя – яны ў цэлым вызначалі вектар развіцця заканадаўства. І нягледзячы на тое, што Беларусь не вызнавала кампетэнцыі Камітэта ў правах чалавека ўказваць на тыя дзеянні, якія павінны прыняць беларускія ўлады, і не выконвала вось так наўпрост гэтыя рашэнні, тым не менш, вельмі многія ідэі Камітэта ў правах чалавека ААН атрымлівалі ў той ці іншай ступені сваё ўвасабленне ў практыцы. Для прыкладу варта сказаць, што той жа Закон аб масавых мерапрыемствах зазнаваў хоць і нязначныя, але змены ў бок большых магчымасцяў для арганізацыі масавых мерапрыемстваў. З’явіўся нават даволі маленькі і ўсечаны, але варыянт правядзення мірных сходаў паводле заяўнага прынцыпу».

Акрамя Камітэта ААН у правах чалавека ёсць яшчэ і такія адмысловыя працэдуры, як спецдакладчыкі ў нейкіх тэмах, альбо ў нейкіх краінах, і, у прыватнасці, цяпер ёсць мандат спецдакладчыка па Беларусі. Ці захоўваецца пасля дэнансацыі далучэння Беларусі да гэтага Факультатыўнага пратаколу ў беларусаў магчымасць паведамляць пра парушэнні сваіх правоў гэтым спецдакладчыкам?

«Безумоўна, гэтыя магчымасці застаюцца і яны па-сутнасці застаюцца адзіным такім каналам уваходу інфармацыі аб бягучых парушэннях правоў чалавека ў Беларусі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» дастаткова актыўна працуе ў гэтым напрамку. Мы часта накіроўваем паведамленні пра канкрэтныя парушэнні правоў тэматычным спецдакладчыкам, а спецдакладчыцы па Беларусі прадстаўляем больш разгорнутыя матэрыялы да тых дакладаў, якія яна рыхтуе, выконваючы свой мандат».

Напэўна адной з нагодаў для прыняцця гэтага закона стала тое, што беларускім чыноўнікам часта даводзіцца апраўдвацца за ўчынкі дзяржавы на розных міжнародных пляцоўках, на тым жа перыядычным аглядзе. А ці ёсць нейкая працэдура рэакцыі дзяржавы на даклады, якія рыхтуюць вось гэтыя спецдакладчыкі?

«Справа ў тым, што гэтыя міжнародныя ўзаемадачыненні заснаваныя на прынцыпе дабраахвотнасці прынятых на сябе абавязацельстваў. Так, там з аднаго боку няма нейкіх наўпрост прапісаных і падмацаваных нейкімі санкцыямі ў выпадку невыканання абавязкаў Беларусі выконваць запыты і прапановы вось гэтых самых спецдакладчыкаў. Але лічыцца добрым тонам у міжнародных дачыненнях, паважаючы гэты мандат, паважаючы інстытуцыю, якую прадстаўляюць спецдакладчыкі – арганізацыю Аб’яднаных Нацый, даваць адказы, рэагаваць і выпраўляць становішча, калі на гэта будуць паказваць абставіны і довады спецдакладчыкаў».

Якая на Вашу думку можа быць рэакцыя міжнароднай супольнасці на тое, што еўрапейская краіна ў 21-м стагоддзі скасоўвае выкананне сваіх абавязкаў, якія накладаў вось гэты пратакол да Міжнароднага пакта аб правах чалавека?

«У гісторыі гэтага пратакола былі дзяржавы, якія выходзілі. Нічога добрага, вядома ж, у гэтым няма. І гэта не дадасць нейкага міжнароднага аўтарытэту Беларусі. Пазіцыя дзяржавы Беларусі адносна таго, што Камітэт у правах чалавека нібыта перавышае свае паўнамоцтвы – гэта довад дзіцяці, якога свараць за гарэзніцтва, а ён крычыць, што вы мяне не разумееце. Цяжка зразумець, калі ўрад дзяржавы кажа пра тое, што правы чалавека не маюць універсальнага характару, калі неабходнасць абароны правоў чалавека і спынення іх парушэнняў разглядаюцца як умяшальніцтва ва ўнутраныя справы і парушэнне суверэнітэту».

Дэпутаты таксама прынялі папраўкі, якія дазваляюць забараняць беларусам выезд за межы краіны ў шэрагу выпадкаў, у тым ліку і тады, калі супраць іх вядзецца адміністрацыйны працэс. Як падобнае абмежаванне свабоды перасоўвання выглядае з гледзішча правоў чалавека і міжнароднага права?

«Любыя абмежаванні канстытуцыйных і міжнародна вызнаных правоў па-першае, мусяць быць замацаваныя законам, па-другое быць абгрунтаваныя неабходнасцю для абароны нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, грамадскай маральнасці ці чагосьці яшчэ. Акрамя таго, яны маюць быць прапарцыйнымі. Таму, калі мова ідзе пра накладанне забароны і абмежавання на выезд на час адміністрацыйнага працэса, магчыма яно і было б абгрунтаваным, калі дзяржава гэтымі правамі не будзе злоўжываць. І не будзе ўвогуле злоўжываць законам для прыцягнення да адказнасці людзей, якія адстойваюць свае правы. Калі гэта будзе адбывацца, пра гэта трэба будзе казаць. Хаця, зараз, магчыма яшчэ заўчасна даваць нейкую ацэнку гэтай сітуацыі».

Comments are closed.