Loading

Беларуская дыяспара запускае праграму «Магістраты культуры». Ідэя праекта ў тым, каб знайсці чалавека, які будзе каардынаваць культурнае жыццё і ініцыятывы беларусаў у асобна ўзятым горадзе.

Ініцыятар «Магістратаў» Цімох Акудовіч расказаў, што праграма мусіць працаваць па прынцыпе краўдфандзінга — прадстаўнікі беларускай дыяспары ў нейкім горадзе фармуюць спіс ініцыятыў і мерапрыемстваў, якіх ім не хапае, збіраюць грошы і на іх наймаюць мэнэджэра, які забяспечыць здавальненне культурнага попыту беларусаў менавіта ў гэтай лакацыі.

«Ёсць, напэўна, сем гарадоў у Польшчы, дзе колькасць беларусаў досыць вялікая, прадстаўнічая, і там усюды ж адбываюцца нейкія беларускія канцэрты, вечарыны, фестывалі, але гэта ўсё робіцца досыць часта крыху спантанна…Мы яшчэ назіраем хвалю пасля ‘20-га года, а яна, несумненна, будзе змяншацца паціху па натуральных прычынах, і спыніць гэта можна толькі сістэмнай работай, такімі магістратамі, якія ў далёкай перспектыве будуць гатовыя развіваць беларускую культуру.»

Зараз арганізатары праграмы распрацоўваюць своеасаблівую культурную карту «беларускіх» польскіх гарадоў: збіраецца база дадзеных культурных падзей у Польшчы цягам апошніх двух гадоў і пералічваюцца ўсе магчымыя фарматы і выканаўцы. У верасні плануецца правесці два апытанні сярод беларусаў у гэтых гарадах: што з культуры ў шырокім сэнсе людзі хацелі бы бачыць у сваім горадзе і хто з патэнцыйных мэнэджэраў ці выканаўцаў з Беларусі, што жывуць у гэтых гарадах, мог бы далучыцца да праекта.

«Вялікая колькасць беларусаў зараз жыве сваім жыццём у Польшчы, і трэба думаць, як іх падключыць да беларускага жыцця. А для гэтага трэба ў іх пытацца, чаго ім не хапае.»

Працу магістратаў плануецца распачаць не ў Варшаве, хаця і ў сталіцы ёсць прастора для дзейнасці — так, паводле Акудовіча, у Варшаве не хапае падзей для дзяцей беларусаў і адукацыйных ініцыятыў, у меншых жа гарадах апроч інтэлектуальных сустрэч ёсць попыт і на мерапрыемствы папрасцей.

«Другая мэта — навучыць беларусаў саміх кантраляваць сваю культурную палітыку, гэта значыць, навучыцца замаўляць рашэнне сваіх праблем. Гэта, па шчырасці, крыху палітычная задача.»

Афіцыйная онлайн-прэзентацыя праекта запланавана на 11 жніўня.

Comments are closed.