Святлана Ціханоўская адрэагавала на рашэнне Таццяны Зарэцкай пакінуць пасаду прадстаўніцы Кабінета па фінансах і эканоміцы ў сувязі з ціскам, аказаным на яе асабіста, яе блізкіх і бізнэс-партнёраў. Кіраўніцтва і прадстаўнікі Кабінета выказалі Зарэцкай поўную падтрымку, салідарнасць і разуменне яе рашэння. Кабінет будзе аказваць усебаковую дапамогу ў расследаванні гэтай справы і прыцягненні вінаватых да адказнасці.
Святлана Ціханоўская, кіраўніца Кабінету, адзначыла: «Нашая праца ўжо два гады ажыццяўляецца пад пастаяннымі атакамі з боку рэжыму. Я дзякую Таццяне за тое, што яна вырашыла дапамагчы беларусам сваёй экспертызай і вопытам. Я лічу вялікай стратай сыход Таццяны. Аднак, я хачу, каб тыя, хто аказваў на яе ціск, ведалі: мы працягнем нашую працу нягледзячы ні на што. Мы і не чакалі, што будзе лёгка. Але беларусам, якія штодзень жывуць пад пагрозай рэпрэсій – яшчэ цяжэй».
Раней Таццяна Зарэцкая напісала, што пакідае пасаду прадстаўніцы Кабінета па фінансах і эканоміцы. Свой сыход яна патлумачыла тым, што за апошнія некалькі тыдняў сутыкнулася з вялізным ціскам: на яе асабіста, на сяброў, родных, на супрацоўнікаў кампаніі, партнёраў і інвестараў.
Comments are closed.