Loading

Святлана Ціханоўская дала інтэрв’ю рэсурсу «Зеркало», у якім адказала на пытанні пра  кароткатэрміновы прыход Таццяны Зарэцкай у Аб’яднаны Пераходны Кабінет і зыход з яго.

Паводле Ціханоўскай, на пасаду прадстаўніка Кабінета па фінансах і эканоміцы разглядаліся розныя кандыдаты, і Таццяна Зарэцкая была прапанавана да разгляду аўтарытэтным спецыялістам, імя якога Ціханоўская не назвала. Пры гэтым некалькі іншых кандыдатаў адмовіліся, а Зарэцкая не толькі пагадзілася, але праявіла энтузіязм і зацікаўленасць.

 Зарэцкая прайшла праверку бяспекі, яе на паліграфе праверыў BYPOL. Станоўчыя водгукі былі атрыманыя і ад МЗС Эстоніі, у іх няма ніякіх пытанняў да Таццяны. Але  праверкі бізнэсаў і слоў Зарэцкай да прызначэння яе на пасаду не рабілася. 

Зарэцкая  ўдзельнічала ў пасяджэннях Кабінета і вяла прамыя перамовы з партнёрамі, разам з членамі Кабінета працавала над фарміраваннем бюджэту і фінансавага плана работы. 

Што тычыцца пагроз журналістам, якія агучвала Зарэцкая калегам з „Зеркала”, то Ціханоўская  выказала адзназначную пазіцыю:  „недапушчальна ціснуць на СМІ і забараняць публікацыі. Журналісты маюць права задаваць пытанні „.  

На пытанне, ці было прызначэнне Зарэцкай на пасаду памылкай Кабінета, Ціханоўская адказала:  „Нашай памылкай было тое, як мы рэагавалі, як мы камунікавалі падчас гэтага крызісу. Памылкай было таксама, што недастаткова кансультаваліся з экспертнай супольнасцю. Памылкай было тое, што Таццяна, напэўна, адказала не на ўсе пытанні, і гэта дало глебу для абвінавачванняў. Гэта ўрок. Мы вынеслі гэты ўрок, прызнаём памылкі і працягваем працу”.

 Новых канкрэтных кандыдатур на пасаду прадстаўніка па фінансах і эканоміцы у Кабінета пакуль няма, але ён абавязкова будзе прызначаны. 

Comments are closed.