Loading

Канструктыўнай ненастойлівасцю назвала лідар дэмакратычнай Беларусі Святлана Ціханоўская палітыку дэмакратычных сіл па ўкраінскім пытанні. Зараз у Кіеве знаходзіцца прадстаўнік Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Валерый Кавалеўскі, які праводзіць шэраг спатканняў, спрабуе данесці да ўкраінскага боку пазіцыю дэмакратычнай супольнасці. Па словах Святланы Ціханоўскай, яны добра разумеюць асцярожнасць украінцаў, але гатовы паслядоўна і ненастойліва пераконваць улады ў Кіеве.

Святлана Ціханоўская:

«У нас зараз Валерый Кавалеўскі знаходзіцца ў Кіеве. Ён сустракаўся з прадстаўнікамі Вярхоўнай Рады, нашымі «каліноўцамі», там такія пастаянныя стасункі. Безумоўна, мы бы жадалі, каб такіх кантактаў было больш ці яны больш бачнымі. Але мы разумеем і прымаем асцярожную пазіцыю ўкраінскага боку. Хоць я нядаўна давала інтэрв’ю і спытала: Украіна так асцярожна сябе паводзіць у дачыненні да афіцыйнага Мінска, няўжо, калі вайна скончыцца, у вас з’яўляецца думка працягнуць супрацоўніцтва з рэжымам Лукашэнкі? Мяне запэўнілі, што не. Тады ў мяне яшчэ пытанне: што стрымлівае ўкраінскі ўрад ад кантактаў з дэмакратычнымі сіламі. Для мяне галоўнае гэта не сустрэча з Зяленскім, хоць гэта быў бы добры пасыл беларусам, украінцам і нашым дэмакратычным партнерам, але гэта такі працэс выбудоўвання даверу, канструктыву. Я разумею ўкраінскі бок, у іх зараз вельмі шмат асцярожнасці. І прапаганда таксама не спіць і пастаянна расказвае пра ФСБэшныя карані Ціханоўскай. Наша задача ў сваёй паслядоўнай пазіцыі, у сваёй канструктыўнай ненастойлівасці выбудоўваць вось гэтыя беларуска-украінскія адносіны. Таму мы спрабуем заходзіць пакрысе з розных бакоў. І спадзяюся, што ўкраінцы разумеюць, што ў іх не можа быць агульнай будучыні з рэжымам Лукашэнкі».

Comments are closed.