Былы пасол Украіны ў Беларусі і прадстаўнік Украіны ў Трохбаковай кантактнай групе Раман Бяссмертны ў сваім допісе для НВ выказаў меркаванне пра тое, што ўладам Украіны варта раздзяляць улады Беларусі ды беларускі народ і беларускіх апазіцыйных палітыкаў.
У прыватнасці Раман Бяссмертны лічыць, што Лукашэнка гатовы быў уступіць у вайну, але правал ракетна-бомбавага абстрэлу Украіны 10 кастрычніка спыніў гэтыя намеры і з боку Беларусі адбылося «адпаўзанне назад». Прычым, на думку Бяссмертнага рашэнне прымалася ў Крамлі, дзе зразумелі, што падрыхтоўка да атакі была няўдалаю.
Але найбольш увагі ў сваёй калонцы Раман Бяссмертны надаў прапанове Святланы Ціханоўскай да Уладзіміра Зяленскага аб стварэнні альянса паміж Украінай і дэмакратычнай Беларуссю.
«Беларускі народ мае патрэбу ў дапамозе Украіны і Еўропы. І на апошніх выбарах абраў Святлану Ціханоўскую сваім лідэрам, які мае патрэбу ў дыпламатычна ўзважаным стаўленні да яе. Тое, што пры ўладзе зараз у Беларусі знаходзіцца дыктатар, які здзекуецца з народа і праводзіць разбуральную для народа знешнюю палітыку, не азначае, што ў гэтым вінаваты беларускі народ і беларуская дзяржава. Гэта азначае, што ёсць кола асоб, якія захапілі ўладу», – піша Раман Бяссмертны.
Ён звярнуў увагу на тое, што беларусы зараз шукаюць адказы на пытанні, з якімі яны сутыкаюцца амаль 30 гадоў. Ціханоўская шукае адказы на гэтыя пытанні ў той меры, наколькі ёй гэта дазваляе невялікі досвед палітычнай барацьбы і яшчэ меншы досвед дыпламатычнай дзейнасці. «Ціханоўская мае патрэбу ў дапамозе тых, хто бачыць Беларусь сярод цывілізаваных народаў», – піша экс-пасол Украіны ў Беларусі.
«Украінскі палітыкам варта ўсвядоміць: Беларусь як дзяржава не можа адбыцца без паўнавартасных, незалежных, дэмакратычных Украіны, Польшчы, Літвы. Але гэтак жа Украіна, Польшча і Літва, іншыя краіны Балтыі, Нямеччына не змогуць адчуваць сябе ў бяспецы, пакуль Беларусь не будзе цывілізаванай еўрапейскай дзяржавай», – сцвярджае Раман Бяссмертны.
Ён звяртае ўвагу на тое, што Украіна вельмі добра прадэманстравала, што яна можа супрацьстаяць маскоўскай ардзе. І гэта сур’ёзная цана ролі Украіны ў Цэнтральнай Еўропе, якою нельга грэбаваць.
«Калі беларусы звяртаюцца да ўкраінцаў, гэта значыць, што яны разумеюць, якую ролю адыгрывае зараз Украіна. Таму яны просяць у нас дапамогі. Адмахвацца ў такой сітуацыі азначае прымяншаць сваю ролю і значэнне. Гэта азначае адмаўляцца ад сваёй лідэрскай ролі, ад ролі партнёра вялікіх, сярэдніх і малых дзяржаў у свеце, якія пацярпелі паражэнне ў барацьбе за дэмакратыю і цывілізаванае жыццё», – робіць выснову Раман Бяссмертны.
Comments are closed.