Loading

Родная мова беларусаў – якая? Беларуская? Ці можа быць роднаю мовай беларуса якая-небудзь іншая мова? Напрыклад – расійская? Ці можна ідэнтыфікаваць беларуса, калі ён не гаворыць па-беларуску, а для сваіх зносінаў у сям’і, з блізкімі сваімі землякамі выкарыстоўвае не беларускую, а, напрыклад, расійскую мову? Ці ўвогуле важная мова ў нацыянальнай ідэнтыфікацыі асобы?

Пра гэта мы гаворым са звычайнымі, і ў той жа час, незвычайнымі беларусам. Нашыя госці:

Кацярына Хольцапфэль-Варажун – беларуска, якая жыве ў Аўстрыі. На беларускую мову яна перайшла ў дастаткова ўжо свядомым узросце, як раз трапіўшы ў замежжа. Сёння яна сама цалкам беларускамоўная і выхоўвае беларускамоўнага сына.

Павел Кірылёнак. На ягонай старонцы ў Фэйсбуку замацаваны статус «Беларус по рождению, чех по паспорту, каталонец по убеждениям». Жыве спадар Павел у Гішпаніі, а калі больш канкрэтна, то ў Каталоніі, у Барселоне.

Асноўныя сцвярджэнні ўдзельнікаў гутаркі:

Павел Кірылёнак:

Нам трэба вызначыцца з тым, што мы маем на ўвазе, калі гаворым «беларус». У традыцыйнай еўрапейскай класічнай традыцыі нацыя – гэта амаль тое самае, што этнас. То бок, беларус – гэта той, хто ведае беларускую культуру, мае нейкую агульную культуру з усімі беларусамі, размаўляе па-беларуску. Калі б мы размаўлялі 100 гадоў таму, гэта было б вось так.

Калі вы сёння будзеце размаўляць з амерыканцам, напрыклад, ці з кімсьці яшчэ англамоўным, у яго будзе абсалютна іншы падыход: нацыянальнасць – гэта тое, пашпарт якой краіны ты маеш у кішэні. Калі ў тваёй кішэні амерыканскі пашпарт, то ты амерыканец.

Мой падыход вельмі просты – нацыянальнасць гэта самавызначэнне. Я лічу, што нацыя – гэта сукупнасць людзей, якія дамовіліся паміж сабой, што «мы» – гэта мы, а «яны» – гэта яны. У нас ёсць нешта, што робіць нас беларусамі, а вось ёсць палякі – яны крыху іншыя, ёсць расейцы – яны крыху іншыя, літоўцы – іншыя. І вось, што робіць нас беларусамі? Што ёсць у нас, чаго няма ў літоўцаў, палякаў ці ў расейцаў? І вось тут, канешне, мова – гэта вельмі важны фактар. Гэта адзін з моцных вызначальных фактараў, але не адзіны. Ёсць шмат розных рэчаў, якія складаюць тое, што мы завем нацыянальнай культурай, нацыянальным самавызначэннем.

Не разумею, у чым сэнс падыхода, калі мы скажам, што той, хто не размаўляе па-беларуску ў паўсядзённым жыцці – ён не беларус. Гэта ж проста нейкі жах – нам прыйдзецца проста вызнаць, што абсалютная большасць насельніцтва Беларусі не ёсць беларусамі.

Беларусы – гэта тыя, хто жыве на тэрыторыі Беларусі і тыя, хто жыве па-за межамі Беларусі, але лічаць сябе беларусамі. Але нацыя беларусаў – гэта сёння зрусіфікаваная нацыя. Гэта рэчаіснасць.

Ці можа беларуская нацыя існаваць без беларускай мовы, без беларускага падмурку? Яна не можа існаваць – яна існуе. Ці будзе яна існаваць праз 20 гадоў, я не ведаю. Калі Расія будзе ўзмацняцца і яна будзе працягваць кантраляваць Беларусь палітычна, можа так адбыцца, што праз 50 ці 100 гадоў беларусаў як нацыі не будзе існаваць. Але сёння гэта не так.

Тут вельмі важна не перагнуць палку. Бо, калі мы будзем ставіць пытанне рубам: калі ты не размаўляеш па-беларуску, ты не беларус – гэта негатыў. Гэта прывядзе да таго, што расійскамоўная частка беларусаў скажа: а вось з прынцыпу не буду вучыць вашу беларускую.

Нам трэба зняць пытанне ці ты беларус, калі ў цябе праблемы з беларускай мовай. Так! Ты – беларус, але ў цябе праблемы і ты павінен гэтыя праблемы неяк вырашаць. І ты павінен крыху больш думаць, што такое быць беларусам і як быць беларусам. Трэба пазітыўна заахвочваць людзей пераходзіць на беларускую ці хаця б пачаць яе вывучаць.

Кацярына Хольцапфэль-Варажун:

Мы не проста вывучаем «русский язык». Мы жывем усім расейскім. Мы жывем у расейскай культурнай прасторы. У нас у грамадстве ўжо ёсць падзел ментальны. Ёсць «мы» – беларусы, а ёсць «яны» – рускамоўныя. І тут як снежны ком нарастае вельмі шмат пытанняў – чаму ў Беларусі мы не можам вольна карыстацца беларускай мовай? Калі ў нас зрусіфікаванае грамадства, то чаму яно такое і кім яно зрусіфікавана? Самімі ж грамадзянамі!

Я зразумела, што нас ментальна асімілююць. Калі мы пераехалі ў Аўстрыю, то для мяне ўсе рускамоўныя былі як свае. О! Нашы! Я чую нашых! А пасля падзеяў, якія адбываліся ў 2017-м годзе, я стала задаваць сабе пытанне: чакайце, дык атрымліваецца, што ўсе рускамоўныя – гэта мае? Дык а я тады хто? Толькі ад нас залежыць, ці спынім мы асіміляцыю, ці не.

Адзінае, што вызначае рускамоўных беларусамі – гэта пашпарт і тэрыторыя. Але гэта можа стаць, як, напрыклад, Рэспубліка Татарстан – асобная рэспубліка ў межах Расейскай Федэрацыі, дзе адзіная мова – гэта руская, у іх пашпарт Расеі, і яны знаходзяцца на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі. Ёсць там татары? Што гэта такое? Ці іх там няма?

Для мяне за мяжой, для майго сына, для майго мужа, ды для ўсіх, калі яны чуюць і разумеюць, што гэта руская мова – гэта тыя з усходу, з Расеі. Яны не выдзяляюць там – з Беларусі, з Украіны, з Казахстану, адкульсьці яшчэ. Не! Гэта з Расеі. Таму што руская мова – гэта мова, якая мае цэнтр: гэта Масква!
Калі я пазбавілася ўсяго рускага ў сваім жыцці, я стала думаць, як беларус. Вось Беларусь – цэнтр, вакол якога круцяцца ўсе астатнія краіны. Калі я была рускамоўная і чытала свайму сыну рускамоўныя кнігі, я адчувала, што я нейкая правінцыя. Ну як Рэспубліка Татарстан.

Таму на пытанне ці будзе існаваць беларуская нацыя без беларускай мовы – я кажу: не, яна не зможа існаваць. Гэты мы проста робім копію расейцаў. Без беларускай мовы няма ніякай беларускай культуры, няма ніякай беларускай літаратуры.

Калі гаварыць пра ўплыў моцнай расійскай мовы – то прыкладаў шмат – Эстонія, Латвія, Літва неяк змаглі, Украіна зараз спрабуе гэта зрабіць – аддзяліцца цалкам. І гэта паказвае наколькі гэта цяжка, але гэты выбар трэба зрабіць. Самае бяспечнае, што зараз можна зрабіць – гэта стаць ментальна беларусамі.

Трэба тлумачыць, што ў нас ніколі не было і няма ніякага дзяржаўнага двухмоўя. А адсюль ужо – а што ж такое ў нас было? А што нам даў гэты «русский язык»? А ён нас прывязаў да Расеі. А ён нас асіміляваў. А ён нас ментальна робіць не беларусамі. Значыць трэба гэта змяняць.

Цалкам гутарку слухайце ў плэеры ніжэй:

Comments are closed.