113 total views
Кіраўнік КДБ Беларусі Іван Церцель паведаміў, што спецслужбы затрымалі ўкраінскага шпіёна і двух завербаваных ім беларусаў, якія адпраўлялі даныя ваеннай разведцы Украіны. Акрамя таго ён заявіў аб затрыманні «вялікай колькасці грамадзян Украіны, якія закідваліся на нашу тэрыторыю» .
«Мы бачым актывізацыю вядзення агентурнай разведкі з боку ўкраінскіх замежных спецслужбаў. Зусім нядаўна намі была прыпынена дзейнасць на нашай тэрыторыі створанай вайсковай выведкай Украіны рэзідэнтуры. Затрыманы рэзідэнт, грамадзянін Украіны, і двое нашых грамадзян, якія ўступілі на шлях здрады і працавалі ў інтарэсах замежнай дзяржавы», – заявіў Церцель.
Па словах кіраўніка КДБ, «грамадзянін Украіны, які быў маршрутызаваны праз Польшчу на нашу тэрыторыю ў адным з прыгранічных раёнаў, стварыў агентурную сетку, завербаваў нашых грамадзян, якія збіралі інфармацыю закрытага характару аб дзейнасці нашых Узброеных Сіл, сілавых структурах. Іншую інфармацыю, якая складае дзяржаўную таямніцу. Адпаведна, яны былі затрыманы і прыцягнуты да крымінальнай адказнасці. Праводзіцца следства» .
Як расказаў Церцель, затрыманы таксама былы вайсковец, падпалкоўнік. Яго прозвішча Церцель не назваў, толькі расказаў, што затрыманы працаваў на Службу бяспекі Украіны, сустрэчы праводзіліся ў Адэсе, у іншых гарадах, у тым ліку на тэрыторыях трэціх дзяржаў.
Распачата крымінальная справа за шпіянаж, за здраду дзяржаве, вядзецца следства.
Паведаміў Церцель і пра «вялікую колькасці грамадзян Украіны, якія закідваліся на тэрыторыю Беларусі». Падрабязнасці затрыманняў КДБ паабяцаў агучыць увечары 20 кастрычніка.
Comments are closed.