Loading

«У Беларусі пачаўся суд над Нобелеўскім лаўрэатам» – прыблізна так сусветныя СМІ пісалі аб працэсе над кіраўніком праваабрончага цэнтра «Вясна» Алесем Бяляцкім, яго намеснікам Валянцінам Стэфановічам і каардынатарам кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімірам Лабковічам. Беларускія дзяржаўныя СМІ таксама надалі ўвагу гэтай справе, расійскі Спутнік-Беларусь нават узгадаў, што Алесь Бяляцкі – Нобелеўскі лаўрэат, астатнія пра гэта прамаўчалі.

Нягледзячы на тое, што працэс адкрыты, інфармацыі пра яго няшмат, бо расійскую праваабронцу Кацярыну Яньшыну, якая вяла трансляцыю судовага пасяджэння ў ТГ-канале «Мемарыяла» арыштавалі на 15 сутак пасля першага дня працэсу. Людзі, якія ходзяць у суд напужаны, таму калегі Алеся Бяляцкага і журналісты вымушаны адсочваць інфармацыю аб працэсе ў тым ліку і ў афіцыйных беларускіх СМІ. Там свая інтэрпрэтацыя фактаў. Што ж хавае ці перакручвае прапаганда? – высвятлялі з праваабаронцай «Вясны» Дзіянай Пінчук.

Абвінавачванне: кантрабанда і фінансаванне беспарадкаў

Праваабронцам «Вясны» прад’яўлены наступныя абінавачванні: ч. 4 арт. 228 («кантрабанда арганізаванай групай») і ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса («фінансаванне групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Што ўлады спрабуюць схаваць за гэтымі артыкуламі?

Артыкул кантрабанда за тое, што з 2016 года і да моманту затрымання праваабронцы перамяшчалі праз мяжу ЕС грашовыя сродкі і нібыта не дэкларавалі іх. Што тычыцца «фінансавання групавых дзеянняў», то гэта аплата штрафаў і адвакатаў пратэстоўцам, і іншая матэрыяльная дапамога пацярпелым ад рэпрэсій. У гэтай справе гучаць не толькі прозвішчы праваабронцаў «Вясны», але і таксама заснавальнікаў ByHelp.

Справа па ч.2 артыкула 342 КК цягнецца яшчэ з 16 лютага 2021 года, калі быў такі вялікі рэйд на грамадскую супольнасць. Па гэтай справе ўжо асуджаны Леанід Судаленка і Таццяна Ласіца. Галоўнае, што тут трэба ведаць: праваабронцы «Вясны» не прызналі віны ні па адным артыкуле Крымінальнага кодэкса.

А чым гэтая справа Алеся Бяляцкага і Валянціна Стэфановіча адрозніваецца ад справы 2011 года?

Па сутнасці нічым. Толькі колькасцю тамоў, іх зместам і доказамі. Трэба разумець, што больш за год, з моманту затрымання праваабронцаў і да восені 2022 года, іх абвінавачвалі за няўплату падаткаў, як гэта было ў 2011. Але калі падыйшлі ўсе тэрміны і следству трэба было прад’яўляць канчатковае абвінавачванне, то яны перакваліфікавалі справу на больш жорсткую. Але прэтэнзіі дзяржавы застаюцца да адной і той жа сумы грошай.

Моўнае пытанне

Першы дзень працэсу над праваабронцамі запомніўся моўнымі спрэчкамі: падсудныя падалі хадайніцтвы, каб суд праходзіў на беларускай мове, пасля адмовы папрасілі перакладчыка з рускай на беларускую. Суд таксама адмовіў.

З боку суда аргумент быў такі: у Беларусі дзве дзяржаўныя мовы – руская і беларуская. Абвінавачванне было прад’яўлена на рускай мове і з матэрыяламі справы яны знаёміліся па-руску, значыць праблем з разуменне быць не павінна.

Але нягледзячы на тое, што ўсе хадайніцтвы па моўным пытанні былі адхілены, на судзе праваабронцы працягваюць карыстацца беларускай мовай і некаторыя сведкі таксама выступаюць па-беларуску.

Хуткасць чытання

У справе праваабронцаў «Вясны» 283 тамы матэрыялаў па 300 старонак кожны – гэта рэкорд па палітычнай справе. Алесь Бяляцкі заявіў, што з больш чым 70 тамамі не паспеў азнаёміцца. Прапагандысты ўжо пакпілі з гэтага, што маўляў, часу было дастаткова. А ці было?

Вельмі цікава на гэты конт выказаўся былы адвакат Дзмітрый Лаеўскі, які падлічыў, што, каб азнаёміцца з такім аб’ёмам матэрыялаў, чалавеку трэба не менш за тры месяцы, і то рабіць гэта трэба вельмі хутка. «Вясноўцам» далі толькі месяц.

Крыніца: t.me/viasna96

Кайданкі

Падчас суда праваабаронцы заявілі хадайніцтва, каб ім знялі кайданкі. Але пытанне засталося нявырашаным. На трэці дзень працэсу хадайніцтва было пададзена паўторна. Фота Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага ў кайданках у клетцы ў судовай залі абляцела на мінулым тыдні вядучыя сусветныя выданні.

Ініцыятыву па зняцці кайданкоў праявіў Валянцін Стэфановіч, які быў вельмі абураны, што яны і так за кратамі, ды яшчэ і ў кайданках. Ён заявіў, што гэта прыніжае іх годнасць. Суддзя не стала нават разглядаць хадайніцтва, а паведаміла, што гэта адносіцца да кампетэнцыі канвою. Але канваіры гэта такія людзі, якія ўсё выконваюць толькі па загадзе зверху, яны адразу не змаглі запытаць у кіраўніцтва, што ім рабіць. Таму пытанне так і засталося ў паветры.

Стрыжань

Зараз алоўкі і асадкі нельга браць на суд. Верагодна, такая практыка з’явілася пасля інцыдэнту з палітвязнем Сцяпанам Латыпавым, калі ён спрабаваў пашкодзіць сабе горла асадкай. Таму Алесь Бяляцкі вымушаны пісаць стрыжнем на судзе.

Крыніца: t.me/viasna96

Запаснік, Кароль і Красоўская: хто гэтыя людзі?

Справу «Вясны» вядзе суддзя Марына Запаснік. Пракурорам выступае Аляксандр Кароль. Гэты тандэм не першы раз працуе разам у палітычных справах.

Марына Запаснік – гэта такая вядомая рэпрэсіўная суддзя. Яна пачала сваю кар’еру з маўклівых акцый яшчэ ў 2011 годзе. Раней яна разглядала адміністрацыйныя правы, у тым ліку адпраўляла на «суткі» Міколу Статкевіча і Уладзіміра Някляева. З лістапада 2020 года Запаснік стала працаваць па крымінальных справах і па нашай інфармацыі вынесла ўжо 14 палітычна матываваных прысудаў за пратэсты 2020 года.

Пра Аляксандра Караля вядома не вельмі шмат, але ён не вельмі «свяціўся» па палітычных справах. У 2019 годзе ён падтрымліваў абвінавачванне супраць анархіста Дзмітрыя Паліенкі. Гучная справа была, падсудны парэзаў сабе вены, каб суд зрабілі адкрытым. Таксама Кароль падтрымліваў абвінавачванне супраць мастака Алеся Пушкіна. Гэты працэс запомніўся тым, што падсудны ў знак пратэсту парэзаў сабе жывот. Дарэчы на працэсе Алеся Пушкіна Кароль працаваў разам з суддзёй Запаснік.

Адно з хадайніцтваў «вясноўцаў» тычылася выдалення з залы суда карэспандэнткі «СБ: Беларусь сегодня» Алены Красоўскай, якая нібыта праходзіць як сведка па гэтым працэсе пад іншым прозвішчам. Але ў хадайніцтве адмовілі. Хто такая гэтая Красоўская?

Гэтае хадайніцтва заявіў Валянцін Стэфановіч, бо па яго інфармацыі Красоўская давала паказанні па справе «Вясны» толькі пад іншым прозвішчам, Карповіч. Суддзя назвала гэта выдумкай і Красоўскую пакінулі. У 2015 годзе Карповіч зарэгістравала арганізацыю»Рэгіён 119». Да гэтага Красоўская працавала з Андрэем Бандарэнкам, і казалі, што па яго справе была нейкая сакрэтная сведка жанчына, тады называлі імя Красоўскай. Пра яе псеўдаправаабарончую дзейнасць загаварылі, калі яна ад сваёй новай арганізацыі прадставіла справаздачу пра становішча беларускай пенітэнцыярнай сістэмы, дзе апісала, як добра ў беларускіх турмах, заявіла, што ў Беларусі няма палітвязняў і ніколі не было. Акрамя таго яна вельмі актыўна падтрымлівала смяротнае пакаранне. Да «Вясны» Красоўская ніякага дачынення не мела.

Аўдыёверсію падкаста слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.