Loading

Яраслаў Іванюк з фонду «Камунікат», Валер Булгакаў з выдавецтва Arche, а таксама выдаўцы Андрэй Янушкевіч і Раман Цымбераў прадставілі свае выданні на 10-ым кніжным кірмашы ў Беластоку, які прайшоў 21-23 красавіка ў межах Літаратурнага фестываля «На памежжы культур».

У вялікім выставачным памяшканні Гарадскога стадыёна, дзе праходзіў кірмаш, недахопу ў наведвальніках не было. Што зусім нядзіўна, бо некалькі дзясяткаў выдавецтваў з усёй Польшчы прадставілі свае як навінкі, так і раней выданыя кніжкі. Тое ж самае можна было сказаць і пра стэнд нумар 24, які быў абазначаны, як «Незалежныя выдавецтвы з Беларусі», дзе было прадстаўлена каля сотні найменняў кніг па-беларуску. Аднак, падаецца, больш слушна было б назваць гэтыя выдавецтвы не з Беларусі, а беларускімі, бо прынамсі адным з іх чатырох быў беластоцкі фонд «Камунікат», які стварыў і паспяхова развівае мясцовы беларус Яраслаў Іванюк.

«Фонд «Камунікат» у мінулым годзе выдаў сем кніг Уладзіміра Арлова, і яны тут прэзентуюцца на беларускім стэндзе. У гэтым годзе мы таксама выдалі чарговыя дзве кнігі. Гэта другая частка «Айчыны» – славутай кнігі, якую ў Беларусі прызналі экстрэмісцкай, першую частку ў мінулым годзе. Мы выдалі яе, праўда, без малюнкаў, але па змесце гэта працяг славутай «Айчыны», якая ў Беларусі выходзіла ў вялікім накладзе з малюнкамі Паўла Татарнікава. І таксама «Імёны свабоды» Уладзіміра Арлова. Гэта пятае выданне кнігі, якое раней выдавала Радыё «Свабода», – кажа Яраслаў Іванюк.

З новымі кніжкамі прыехаў на кірмаш выдавец Андрэй Янушкевіч, вымушаны пакінуць радзіму праз пераслед з боку лукашэнкаўскіх улад. Гэта, у прыватнасці, фэнтазі «Казік з Каменнай горкі» Алеся Кудрыцкага, якую 22 красавіка прадставіў сам аўтар, кніга Валера Гапеева «Вольнэры» таксама ў жанры фэнтазі, якая складаецца з некалькіх частак, і нон-фікшн ад «Гарадзенскай бібліятэкі» «Ніколі болей» – успаміны рэпрэсаваных гарадзенцаў. Усе гэтыя кніжкі выданы Андрэем Янушкевічам ужо ў Польшчы.

Акурат перад пачаткам кірмашу ў Беластоку Андрэй Янушкевіч на сваёй старонцы ў Facebook паведаміў пра заключаны кантракт з амерыканскім пісьменнікам Стывенам Кінгам на друк яго твораў. Падчас нашай размовы выдавец раскрыў дэталі дамовы.

«Мы заключылі дамову праз упаўнаважанага агента, прадстаўніка Стывена Кінга, бо такіх вялікіх аўтараў заўсёды прадстаўляюць літаратурныя агенцтвы альбо агенты, на выданне першай кнігі «Караля жахаў» па-беларуску. Мы распланавалі, што нам удасца яе выдаць у снежні 2023 года. Праблема ў тым, што ў спадара Кінга, як правіла, усе кнігі таўшчэзныя, і гэты аб’ём – гэта моцны выклік для перакладчыка і для рэдактара. На гэта трэба час, але я спадзяюся, што мы справімся. А выдаваць Стывена Кінга мы вырашылі з класікі – рамана, які ўжо даўно атрымаў сусветнае прызнанне як ад крытыкаў, так і ад чытачоў атрымлівае высокія ацэнкі, які не губляе сваёй актуальнасці і папулярнасці па сённяшні дзень, гэта раман «Ззянне» (The Shining). А потым, мы спадзяемся, пяройдзем да свежых твораў Стывена Кінга. Пакуль мне цяжка сказаць, што гэта можа быць», – распавёў Андрэй Янушкевіч.

Выдавецтва Arche ужо не ўпершыню прымае ўдзел у кніжным кірмашы ў Беластоку, распавёў яго прадстаўнік Валер Булгакаў. Ён нагадаў, што профіль яго выдавецтва нішавы, акадэмічны, не разлічаны на шырокую аўдыторыю.

«У нас выданні жорстка прывязаныя да супольнасці аматараў гісторыі Беларусі. Прычым гэтыя аматары могуць быць і прафесіяналамі, адно другому не перашкаджае. Гэта значыць, мы друкуем кніжкі па беларускай гісторыі, напісаныя як акадэмікамі, так і па-просту для людзей, якія хочуць нешта даведацца на гэты конт новае.

На жаль, апошні год у нас тэхнічная паўза па зразумелых прычынах, бо наша краіна і грамадства зараз у такой кропцы, што трэба пераасэнсаваць стратэгіі, якімі мы кіраваліся шмат гадоў. Таму фактычна з лета мінулага года нічога новага ў нас не выходзіць, але гэта не азначае, што мы прыехалі з пустымі рукамі», – адзначыў Валер Булгакаў.

Упершыню прыехаў на кніжны кірмаш у Беласток выдавец Раман Цымбераў. Сярод іншага, яго выдавецтва прадставіла новую кнігу «Побач» паэткі Насты Кудасавай і мастачкі Святланы Софіі Дзямідовіч. Мэта выдаўца на кірмашы – высветліць, наколькі цікавяцца ў Беластоку беларускай кнігай.

Варта адзначыць, што аўтарамі-беларусамі ў Беластоку сапраўды цікавяцца, і не толькі суродзічы. Так на кірмашы быў прадстаўлены пераклад на польскую мову кнігі «Поўня» Міхася Андрасюка, арыгінал якой па-беларуску выйшаў больш за чатыры гады таму. Паспрыяў публікацыі польскамоўнага выдання беластоцкі фонд «Суседзі», які шмат гадоў выступае арганізатарам дадзенага фестываля «На памежжы культур».

Comments are closed.