Loading

Днямі ініцыятыва ByPol абвесціла аб стварэнні ў розных гарадах Еўропы сеткі беларускіх харугваў, у якіх людзі будуць займацца тактычнай, фізічнай і іншымі відамі падрыхтоўкі. Кіраўнік ініцыятывы ByPol і адказны ў пераходным кабінеце за аднаўленне правапарадку і законнасці ў краіне Аляксандр Азараў распавёў нам падрабязнасці.

  

Чаму ўзнікла такая ідэя? 

Паўтары гады таму быў абвешчаны план «Перамога». У межах яго рэалізацыі ўжо год вялася адпаведная падрыхтоўка беларусаў за мяжой. Пасля яе беларусы вярталіся ў свае гарады і не адчувалі падтрымкі. Таму было вырашана зрабіць такія харугвы, бо ўжо амаль што ў кожным горадзе Польшчы ёсць па некалькі чалавек, якія прайшлі падрыхтоўку ад ByPol. Харугвы аб’яднаюць тых, хто прайшоў навучанне, і тых, хто зараз у працэсе. Распрацаваны інструкцыі, як можна самастойна займацца спортам, стральбой, тактыкай. У кожнай харугвы ёсць кіраўнік, які кантактуе з нашай адказнай за гэта асобай.

 Дзе ўжо створаны харугвы? 

Першая створана ў Гданьску. Наступны горад, ад якога атрымалі прапанову — Беласток. У ByPol ужо напісалі беларусы з Грузіі, Нямеччыны і Літвы. Прынамсі літоўскія беларусы самастойна рыхтуюцца каля сямі месяцаў. У ByPol ім дапамаглі набыць страйкбольную зброю. У планах — ахапіць як мага больш краін, дзе беларусы будуць рыхтавацца да плану «Перамога». Унутры Беларусі рыхтавацца людзям зараз немагчыма і небяспечна, а план «Перамога» прадугледжвае аперацыі, у якіх спатрэбяцца спецыяльныя навыкі. Як толькі ByPol абвесціў свой план, былі дні, калі нам пісала па 800 чалавек. Вядома, апрацаваць такую колькасць запытаў складана. Тым больш, правесці якасны адбор. Харугвы гэтую праблему здымаюць.

Фота: BYPOL.

 Як патрапіць? 

Супрацоўнікі ByPol і кіраўнікі харугваў ясна разумеюць, што агенты Лукашэнкі будуць намагацца ўкараніцца ў іх, каб весці сваю агентурную працу. Праз гэта кожны чалавек будзе праходзіць дасканалую верыфікацыю. Напачатку ў харугвах могуць займацца ўсе ахвочыя, як мужчыны, так і жанчыны. А вось адбор на далейшы ўдзел у рэалізацыі плана «Перамога» пройдуць не ўсе. Тым больш, унутры саміх дыяспар існуе вельмі добрая верыфікацыя, і падазроных асобаў да заняткаў  не дапускаюць. Усе ахвочыя могуць аб’ядноўвацца і пісаць запыт у ByPol на стварэнне харугвы ў сваім горадзе.

Comments are closed.