Loading

З 18 па 20 лістапада ў Варшаве пройдзе VIII фестываль беларускага кіно Bulbamovie. Цягам трох дзён на экране сталічнага кінатэатра Iluzjon – доўгачаканыя прэм’еры, дакументальны мэйнстрым і стужкі конкурснай праграмы. Пра яе адметнасці, запрошаных зорак і падрыхтоўку да Bulbamovie размаўляем з дырэктарам фестывалю Янушам Гаўрылюком.


Арганізатары фестывалю спачатку вагаліся: ці магчыма паказваць беларускія фільмы ў Еўропе, калі ідзе вайна, у якой удзельнічаюць беларускія ўлады? У выніку было вырашана ўсё ж такі арганізаваць фестываль, які з кожным годам набірае абароты.

«Беларускае кіно – гэта эксклюзіўны тавар. Яго амаль нідзе не ўбачыш».

Агульны настрой праграмы – гэта рэха 2020-га года. Але калі летась на фестывалі абмяркоўвалі феномен беларускай рэвалюцыі, то зараз галоўным лейтматывам Bulbamovie будзе рэфлексія на палітычныя падзеі двухгадовай даўніны. Акрамя гэтага ў праграме кінафестывалю прагучыць і актуальная тэма міграцыі беларусаў.

На Bulbamovie адбудзецца польская прэм’ера дакументальнага фільма «Мара» Сашы Кулак. Кіно пра гераіню, якая ад палітычнай рэальнасці Беларусі збягае ў свет мараў, прэзентуе сама рэжысёрка.

Кадр з фільма «Мара». Крыніца: bulbamovie.wordpress.com

Асобная ўвага надаецца фільмам беларускага рэжысёра Аляксея Палуяна. Кароткі метр «Возера радасці» у Польшчы пакажуць упершыню.

«Гэта добрая нагода для сустрэчы з рэжысёрам Аляксеем Палуянам. Мы пакажам і яго «Смеласць». Думалі, ці варта гэта рабіць: фільм неаднойчы дэманстраваўся ў Варшаве. Але мяне пераканалі, што існуе пэўная міграцыя беларусаў, што так ці інакш будуць людзі, якія яшчэ не бачылі гэтае кіно».

Кадр з фільма «Возера радасці». Крыніца: bulbamovie.wordpress.com

Акрамя праграмнай часткі фестывалю вартая ўвагі і конкурсная. Сёлета арганізатары атрымалі 31 заяўку на конкурс. Фільмы дасылалі з Грузіі, Італіі, Літвы і, канешне, з Беларусі. У большасці работ быў, на жаль, не фестывальны фармат. Арганізатары Bulbamovie шукаюць у першую чаргу аўтарскі, мастацкі падыход, а ў заяўках дасылалі пераважна телерэпартажы. У выніку ў шорт-ліст конкурснай праграмы трапілі толькі 3 дакументальныя і 9 ігравых карцін.

«Агулам у праграме будзе 24 фільма: 12 праграмных і 12 конкурсных», – адзначае дырэктар фестывалю Bulbamovie Януш Гаўрылюк.

Адна з навінак фестывалю – «прыз гледачоў». Пасля сеансу можна будзе прагаласаваць за лепшае кіно. Пераможцаў назавуць на закрыцці кінафэсту.

Перцу фестывальным дыскусіям будзе дадаваць Максім Жбанкоў, які адмыслова прыедзе з Вільні ў Варшаву. Запрашаюць арганізатары і на музычную праграму. Канцэрт Маргарыты Ляўчук і Канстанціна Гарачага адбудзецца 19 лютага.

Януш Гаўрылюк прыадкрыў таямніцу і далейшых планаў Bulbamovie: фільмы, якія па розных прычынах не трапілі ў асноўную праграму, плануюць паказаць пазней – напрыклад, у Музеі Вольнай Беларусі.

Для студэнтаў уваход на ўсе фільмы бясплатны. Для астатніх наведвальнікаў Bulbamovie квіток каштуе 15 злотых на цэлы дзень, то бок на ўсе фільмы. За 30 злотых можна набыць абанемент на ўсе фестывальныя паказы.

Падрабязную праграму VIII фестывалю беларускага кіно Bulbamovie, які пройдзе з 18 па 20 лістапада ў Варшаве, глядзіце тут.

Comments are closed.