Loading

Ёсць шэраг прычын, па якіх расійскія ўлады распачалі інфармацыйна-псіхалагічную аперацыю «украінская брудная бомба». І сярод іх практычна няма рацыянальных,  акрамя хіба  адной: пра «брудную бомбу» гавораць у «нямытай Расіі».

Перш за ўсё, звяртае ўвагу, што VIP-лакаматывам гэтай інфармацыі стаў міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу. 23 кастрычніка ён правёў тэлефонныя размовы з кіраўнікамі абаронных ведамстваў ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і Турцыі, спрабуючы пераканаць іх, што Украіна збіраецца прымяніць «брудную бомбу» ў Херсонскай вобласці. «Міністр вайны» паспрабаваў выступіць у ролі вяршыні інфармацыйнага айсберга, а расійскія СМІ падхапілі гэтую тэму з энтузіязмам, вартым пераймання. Аднак намаганні Шайгу аказаліся марнымі — яго візаві падкрэслілі, што не валодаюць інфармацыяй пра такія планы Украіны і ўказалі на адсутнасць доказаў. 24 кастрычніка да Шайгу далучыліся яго цёзка Лаўроў і начальнік Генштаба РФ Герасімаў, якія працягнулі экспартаваць тэму пра «брудную бомбу», а спікер Дзярждумы Валодзін агучыў чарговую порцыю  абвінавачванняў на адрас украінскіх улад.

Гэта досыць паказальны выпадак, бо кансэнсус вайскова-палітычнага кіраўніцтва Расійскай Фэдэрацыі склаўся не проста так, а сведчыць пра знаходжанне ў адной лодцы. Зразумела, што ў сучаснай Расіі дэманстраваць наяўнасць уласнага меркавання, знаходзячыся ў адной з «вежаў Крамля», — вялікая раскоша. Ужо відавочна, што пра «брудную бомбу» будзе казаць і  Уладзімір Пуцін на сустрэчы ў клубе «Валдай» 27 кастрычніка

Адной з асаблівасцяў «бруднай бомбы», акрамя спосабу яе выкарыстання ў якасці крыніцы радыяцыйнага забруджвання, з’яўляецца тое, што яна, у адрозненне ад класічнай ядзернай бомбы, выкарыстоўвалася толькі ў вучэбна-імітацыйных умовах, у гісторыі чалавецтва не было вопыту яе баявога прымянення. А зараз гэтая фраза выкарыстоўваецца хутчэй для запалохвання, інфармацыйна-псіхалагічнага ўздзеяння, прапаганды. Паколькі для падрыву «бруднай бомбы» можа быць выкарыстаны артылерыйскі боепрыпас вялікага калібру, аўтары ідэі дэманструюць жаданне размыць негатыўную рэакцыю сусветнай супольнасці, перакласці адказнасць з хворай галавы на здаровую.

Перакручаная логіка расійскіх палітыкаў і вайскоўцаў дазваляе казаць пра яшчэ адзін важны аспект. Расійская Федэрацыя, як вядома, атрымала ў спадчыну савецкі ядзерны арсенал і валодае шэрагам яго відаў і спосабаў дастаўкі. «Брудная бомба», як сведчыць найноўшая гісторыя чалавецтва, з 90-ых гадоў ХХ стагодзя з’яўляецца марай розных тэрарыстычных арганізацый і дзяржаў, якія імкнуцца выкарыстоўваць ядзерны шантаж у сваёй знешняй палітыцы.  Крэмль, спрабуючы паказаць свету, што Украіна падобная да ІДІЛ, не толькі дэманструе  ўласны цынізм. Расія, спрабуючы абвінаваціць Украіну ў падрыхтоўцы акту дзяржаўнага тэрарызму, працягвае працэс уласнай дэміфалагізацыі.

Варта нагадаць, што адпаведныя абвінавачванні на адрас Украіны гучалі ў пачатку шырокамаштабнага ўварвання, пасля захопу расійскімі войскамі Запарожскай і Чарнобыльскай АЭС. Ужо тады расійская прапаганда намагалася пераканаць свет, што Украіна працуе над «бруднай бомбай», не прадастаўляючы ніякіх доказаў. І тады, і зараз галоўны адрасат гэтага сігналу — ўнутраны спажывец у РФ, для якога мінімізаваны магчымасці атрымліваць інфармацыю пра ход вайны ва Украіне з неафіцыйных крыніц.

Парадаксальна, але факт: інфармацыйная кампанія пра «брудную бомбу» сведчыць, што Расія ідзе да паразы ў вайне з Украінай, прапагандзе патрабуюцца абгрунтаванні няўдач расійскіх войскаў. Таму наўрад ці каго-небудзь з вайсковых экспертаў здзівіць, калі расійскія войскі, вымушаныя адступаць з Херсона, паставяць пад удар пастаўку вады да акупаванага Расіяй  яшчэ ў 2014 годзе Крыму.

Яўген Магда

Comments are closed.