Loading

Калі глядзець на лічбы статыстыкі, якія яшчэ можна знайсці ў адкрытым доступе, то сітуацыя ў эканоміцы Беларусі аптымізму не выклікае: ВУП упаў на 5.2%, інфляцыя з пачатку года амаль 18%, прыблізна на 8% скараціўся знешні гандаль. Тым не менш, эксперты даследчага цэнтра BEROC фіксуюць паляпшэнне эканамічнага і фінансавага настрою бізнесу і беларусаў. Вайна і санкцыі аказаліся не такімі балючымі, як здавалася ў красавіку падчас мінулага апытання, а беларускім уладам пакуль удаецца купіраваць ключавыя шокі.

  Дзмітрый Крук: рэцэсія працягваецца, але да спаду 2015-2016 гадоў яшчэ далека    

У другім квартале эканоміка Беларусі здзейсніла самы хуткі і самы глыбокі нырок у рэцэсію. Спад склаў 5.5% у параўнанні з другім кварталам 2021 года. Але ўзроўню рэцэсіі 2015-2016 года мы яшчэ не дасягнулі – кажа старшы навуковы супрацоўнік BEROC Дзмітрый Крук. Больш за ўсё на спад паўплывала зніжэнне ўнутранага попыту.

Па словах Дзмітрыя Крука, галоўнай пагрозай для беларускай эканомікі доўгі час былі экспартныя шокі, звязаныя з санкцыямі. У другім квартале яны сталі купіравацца, а чэрвеньскія лічбы кажуць, што, нягледзячы на санкцыі, якія запрацавалі з пачатку лета на поўную моц, фізічныя аб’ёмы экспарту аднавіліся. Па ацэнцы эканаміста, экспартнае дно краіна прайшла ў красавіку–траўні 2022 года.

Акрамя таго, у другім квартале склалася ўнікальная сітуацыя: на фоне прывязкі курса беларускага рубля да расійскага ўнутраны рост цэн у Беларусі яшчэ не адаптаваўся да высокіх сусветных цэн, і гэта забяспечыла небывала высокую канкурэнтаздольнасць беларускіх тавараў на знешніх рынках. Гэтаму не ў апошнюю чаргу паспрыялі энергетычныя дамоўленасці афіцыйнага Мінска з Расіяй: па-першае, Беларусь атрымлівае расійскі газ па цане ў некалькі разоў танней за рыначную. Па-другое, «падобная сітуацыя магла быць і з нафтай, – кажа Дзмітрый Крук. – Ускосныя даныя даюць падставу меркаваць, што ў траўні-чэрвені для Беларусі патаннела расійская нафта. Адпаведна, маючы танныя энерганосьбіты, можна адчуваць сябе канкурэнтаздольным на знешніх рынках. Да таго, ж гэта дазволіла стрымаць рост цэн на паліва на ўнутраным рынку».

Бізнес: ацэнка эканамічных і фінансавых перспектыў хутчэй нейтральная, але трэнд аптымістычны   

Настроі ў бізнесу і чаканні прадпрымальнікаў таксама прыкметна палепшыліся ў параўнанні з красавіцкім апытаннем. «Праз некалькі тыдняў пасля пачатку вайны ўсе чакалі шокаў, і таму настрой быў негатыўны, – тлумачыць старшы навуковы супрацоўнік BEROC Леў Львоўскі. – Зараз шокі ці рэалізаваліся ці ў бізнесе засталіся людзі, якія з сітуацыяй справіліся і таму яны ацэньваюць перспектывы больш аптымістычна». Каб пераадолець рызыкі бізнес павышаў эфектыўнасць працы, выводзіў на рынак новыя прадукты, шукаў новыя фарматы дзейнасці і новыя рынку збыту.

У жніўні ў параўнанні са снежнем 2021 года змянілася ацэнка бар’ераў для бізнесменаў: на першае месца выйшлі фактары, звязаны з санкцыямі.

Насельніцтва: надзея вярнулася і стабілізавалася  

У цэлым эканамічны настрой беларусаў можна ацаніць так: чым горш, тым лепш–кажа навуковы супрацоўнік BEROC Алесь Ганчаронак.  Калі ў снежні 2021 года ВУП дэманстраваў рост, то песімістычна перспектывы эканомікі ацэньвала больш за 57% беларусаў. Калі  зараз ВУП не проста падае, а падае вельмі імкліва, то такіх “песімістаў” стала амаль на 10% менш.

Індэкс спажывецкай упэўненасці ў жніўні вырас ў параўнанні са снежнем 2021 года і красавіком 2022, і зараз гэты паказчык у Беларусі вышэй, чым у Расіі, і ў многіх краінах ЕС.

“З самых песімістаў беларусы перабраліся ў групу аптымістаў Еўропы,” —рэзюмуе Алесь Ганчаронак.

Большасць удзельнікаў апытання па-ранейшаму лічаць, што эканамічная сітуацыя ў Беларусі за апошні год пагоршылася, але колькасць такіх асоб зніжаецца. Больш за палову апытаных прызналіся, што за апошні год іх матэрыяльнае становішча стала горшым. Асноўнай прычынай скарачэння даходаў назвалі рост цэн.  Беларусы сталі эканоміць на вольным часе і адзенні, але не гатовы эканоміць на харчаванні.

Даследаванне паказала, што самыя вялікія эканамічныя аптымісты Беларусі працуюць у сельскай гаспадарцы, жывуць у Магілеўскай вобласці і гэта людзі ва ўзросце ад 18 да 24 гадоў. Больш упэўнена ў эканамічным плане адчуваюць сябе і тыя, хто глядзіць беларускае тэлебачанне і атрымлівае інфармацыю з дзяржаўных СМІ.

Comments are closed.