Старажытнае Берасце, гераічны Брэст, імперскі Брэст-Літоўск і міжваенны Брэст-над-Бугам: у заходняй сталіцы Беларусі сустракаліся розныя культуры, вядомыя гістарычныя постаці, нараджаліся дзіўныя гарадскія легенды. Засталіся нам у спадчыну і арыгінальныя архітэктурныя здабыткі. Ні адзін беларускі горад не мае такой колькасці прыкладаў архітэктуры міжваеннага мадэрнізму Гэты свой непаўторы патэнцыял Брэст захаваў нават праз стагоддзе.
«Пасля першай сусветнай вайны каля 70-ці адсоткаў гарадскіх будынкаў было зруйнавана, – распавядае менеджар валанцёрскай ініцыятывы «Брэсцкі канструктывізм» Алена Тур. – У 1921 годзе архітэктар Юліян Лісецкі распрацаваў архітэктурны план, а крыху пазней з’явілася праграма «Вялікі Брэст» і польская дзяржава даволі добра прафінансавала новы архітэктурны праект. Польскія фінансы прынеслі ў Брэст-над-Бугам і новы стылістычны ўплыў – моду на мадэрнізм».
«Асаблівымі рысамі гэтых будынкаў былі чыстыя простыя формы, выразныя геаметрычныя фігуры на фасадах – кругі, трохкутнікі, гарызантальныя лініі, стужачныя шкляныя вокны. Усе элементы дэкору найперш функцыянальныя. Спачатку – функцыянал, зручнасць. І толькі потым эстэтыка, прыгажосць», – тлумачыць Алена Тур.
Тады ж увасобілася ў жыццё і ўмоўная канцэпцыя «горад у горадзе», калі побач было ўсё неабходнае. Дамы аб’ядноўваліся ў кварталы, раёны, дзяльніцы, у межах якіх таксама – усё для жыцця.
«На першых паверхах у такіх дамах маглі быць пякарні, крамы. Гэта былі вельмі ўтульныя дворыкі. Утульнасць і высокі камфорт, па-сутнасці, простага жыцця захаваўся і да нашага часу».
Галоўнай воссю мануманетальнай забудовы Брэста стала вуліца Люблінскай уніі (сучасная Леніна), на якой за польскім часам таксама з’яўляліся велічныя грамадскія будынкі. Самы рэпрезентацыйны – колішняе ваяводскае ўпраўленне, у якім цяпер знаходзіцца Аблвыканкам. Сучасная адміністрацыя Ленінскага раёна таксама месціцца ў гістарычным помніку міжваеннага часу. Засталося нямала і прыватных прыкладаў міжваеннай забудовы. Сапраўдны дыямент у архітэктурнай калекцыі – Дом Юзафа Бараньскага. Зʼявіўся ў горадзе-над-Бугам у 1936-ым. Дарэчы, падчас Другой сусветнай у ім размяшчалася тайная паліцыя. Па словах мясцовых жыхароў, рэшткі камер засталіся ў будынку і сёння.
Яшчэ адзін адрас, які варта запісаць у свой маршрут па мадэрнісцкіх адрасах Берасця – Карла Маркса, 22. Двухпавярховая мураваная архітэктурная кампазіцыя была спраектавана Людвікам Зажыцкім у другой палове 30-х. Берасцейцы ведаюць гэты дом як Дом Марыі Непамуцкай.
Алена Тур раіць звярнуць увагу і на комплекс блочных дамоў – зараз яны выглядаюць маналітам, але будаваліся ў розныя часы: у залежнасці ад фінансавых магчымасцей уладальнікаў.
Больш падрабязную размову з Аленай Тур пра гістарычную і мастацкую каштоўнасць міжваеннай архітэктуры Брэста слухайце ў падкасце «Спадчына».
Comments are closed.