Loading

Цягам некалькі месяцаў у беластоцкім пабе Beer4you рэалізуецца праект Beer and historу. Штотыдзень пераехаўшыя з Беларусі гісторыкі праз свае лекцыі папулярызуюць веды пра мінуўшчыну Беласточчыны, якая непарыўна звязана з беларускай гісторыяй. Падчас апошняга расповяда слухачы, папіваючы піва, даведаліся пра беларускія мясціны ў Беластоку.

Называць Беласток выключна беларускім горадам нельга, бо гэта будзе перабольшваннем. Разам з тым выкрэсліць гэты горад з беларускай гісторыі таксама немагчыма, бо многія нават знакавыя падзеі нашай мінуўшчыны адбываліся на тэрыторыі сучаснага Падляшша. Пра некаторыя з іх, што мелі месца ў першай палове мінулага стагоддзя, і іх слядах распавёў для пары дзясяткаў прысутных у пабе гісторык Аляксей Трубкін.

Але пачаў ён з апошніх дзесяцігоддзяў 19 стагоддзя, і першым у сваім топе такіх падзей і мясцін выступоўца назваў тагачасную Беластоцкую гімназію, якая потым называлася рэальнай вучэльняй, дзе вучыўся народаволец Ігнат Грынявіцкі. Гэты, паходзячы з тэрыторыі сучаснай Магілёўшчыны 24-гадовы юнак, вядомы тым, што менавіта ён здзейсніў тэрарыстычнае забойства расійскага імператара Аляксандра ІІ. Крыху пазней і сам памёр ад ран. Будынак вучэльні захаваўся. Ён знаходзіцца на вуліцы Варшаўскай побач з паштовым аддзяленнем. Цікава, што ў Польшчы Грынявіцкі лічыцца польскім рэвалюцыянерам, праўда, ніякай мемарыяльнай шыльды аб ім на будынку няма.

Вучыўся ў той жа рэальнай вучэльні і будучы булаховец Мікола Дзямідаў, які потым стаў знакавым дзеячам беларускай эміграцыі.

З Беластокам звязаны і слуцкія паўстанцы, якія пасля таго, як сыйшлі з тэрыторыі савецкай Беларусі, апынуліся інтэрнаванымі польскімі ўладамі. Тут яны былі памешчаны ў канцэнтрацыйны лагер, які знаходзіўся на месцы цяперашняга Ваяводскага шпіталя. Дарэчы, існуе версія, што вядомы са старых фотаздымкаў сцяг слуцкіх паўстанцаў, зроблены ў Гродне, пабываў і ў Беластоку.

Беларуская народная рэспубліка, нават пасля няўдалай спробы яе ўсталявання, яшчэ доўга як ідэя жыла ў свядомасці беларускага простага люду на Беласточчыне, на якую прэтэндаваў урад БНР. Аб гэтым сведчыць у прыватнасці судовы працэс 1923 года над беларусамі, т. зв. працэс 45-ці.

Паказальны суд, які праходзіў зноў жа на цяперашняй вуліцы Варшаўскай, праўда, у іншым будынку, стаў кропкай, якую паставіла польская дзяржава ў такіх беларускіх марах. Цікава, што суд, хоць і вынес абвінаваўчыя прысуды, не разглядаў падсудных выключна як нейкіх крымінальнікаў.

Але тым прысудам беларускае жыццё не спынілася. Узнікае добравядомая нам са школьных падручнікаў па гісторыі Беларуская сялянска-работніцкая грамада. Яе з’езд праходзіў на вуліцы Магілёўскай, а сядзіба знаходзілася на Віцебскай. Гэтыя блізкія адна да адной вуліцы дагэтуль носяць свае назвы.

У Беластоку дзейнічала і Таварыства беларускай школы. Яго ўправа знаходзілася на цяперашняй вуліцы Мальмэда, праўда, будынак не захаваўся. Таварыства дабівалася выкладання па-беларуску. Пры ім дзейнічала выдавецка-асветніцкае таварыства «Рунь», у хуткасці з-за ціску ўлад стаўшая «Сяўбой». Дарэчы, у прыцясненні беларускага асветніцкага руху з боку польскіх улад Другой Рэчы Паспалітай і цяперашняга лукашэнкаўскага рэжыму прысутныя заўважылі шмат падабенства.

Для беларускага тэатру «Полымя» ствараў свае карціны-дэкарацыі вядомы мастак Язэп Драздовіч. Найбольш гучная заслуга менавіта гэтага тэатра – запрашэнне ў Беласток і правядзенне канцэрта опернага спявака сусветнага масштаба беларуса Міхася Забэйды-Суміцкага. З сучасных выканаўцаў з ім можа параўнацца хіба Лучана Павароцці. Забягаючы крыху наперад варта адзначыць, што Забэйда-Суміцкі выступаў у Беластоку і падчас Другой сусветнай, то бок пры немцах, і пасля яе, гэта значыць пры ўладах камуністычнай Польшчы.

У будынку цяперашняга Драматычнага Тэатра імя Аляксандра Вянгеркі прайшоў у кастрычніку 1939 года з’езд працоўных Заходняй Беларусі, які ўхваліў уз’яднанне з БССР. На ім прысутнічаў, сярод іншых, Янка Купала. Праўда, уз’яднанне тое аказалася даволі дзіўным. Звычайныя беларусы што з усходу, што з захаду не мелі права ездзіць адзін да аднаго.

У той жа 1939 год у беластоцкай турме камуністы закатаваны аўтара гімну БНР «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» Макара Краўцова.

Пры нямецкай акупацыі Беласток, дарэчы, разам з Гродна, апынуўся ў складзе Усходняй Прусіі. Беларускае грамадскае і культурніцкае жыццё, прычым даволі актыўнае, працягвалася – дзейнічаў Беларускі камітэт, які месціўся ў будынку на вуліцы Кіеўскай.

Як распавёў Аляксей Трубкін, зараз шмат якія з беларускіх мясцін Беластоку пазначаны на Гугл-мапе, а таксама адпаведная мапа з’явілася і ў папяровым выглядзе.

Пасля лекцыі гісторык распавёў, чым важна ўзятая ім тэма ў беларускай гісторыі Беластока.

Comments are closed.