Дзяржаўная праграма «Pierwsze Mieszkanie» стартуе ў Польшчы ўжо 3 ліпеня. Пра гэта ў сераду заявіў міністр развіцця і тэхналогіяў Вальдэмар Буда.
Удзельнікам праграмы абяцаюць іпатэчны крэдыт пад 2% на 10 гадоў. Пра тое, ці змогуць беларусы атрымаць такую іпатэку, якія ўмовы трэба выканаць, каб далучыцца да праграмы і якія падводныя камяні могуць чакаць тых, хто атрымае крэдытную дапамогу ад дзяржавы, у эфіру радыё Ўнэт распавёў фінансавы і крэдытны кансультант Глеб Рачкоўскі.
Сцісла ў размове:
- На паперы праграма іпатэчнага крэдыту пад 2% выглядае значна лепш, чым яна будзе дзейнічаць у рэчаіснасці, але беларусы змогуць скарыстацца з яе фактычна на тых жа ўмовах, што і палякі.
- Тое, што беларусы атрымліваюць іпатэчныя крэдыты на нейкіх адмысловых умовах, горшых, чым у грамадзянаў Польшчы, гэта міф. Ніякай дыскрымінацыя па пашпартах няма і ніколі не было.
- У Польшчы ёсць адзін банк, які выдае крэдыты беларусам нават без карты пабыту, чатыры банкі даюць іпатэку замежнікам з часовымі відамі на жыхарства, а калі ў вас карта рэзідэнта, то вы можаце ўзяць крэдыт у любым польскім банку.
- Пакуль няма спісу банкаў, якія будуць удзельнічаць у праграме «Pierwsze Mieszkanie», але, хутчэй за ўсё, да яе далучыцца большасць банкаў, бо зацікаўленасць праграмай у грамадстве надзвычайна высокая.
- Бюджэт праграмы разлічаны на чатыры гады. Але парадокс гэтай ініцыятывы ў тым, што, з аднаго боку, дзяржава ваюе з інфляцыяй і падвышае базавую стаўку, а з іншага – выдзяляе на праграму для падтрымкі насельніцтва сур’ёзную суму ў 18 млрд злотых.
- Варта звярнуць увагу, што 2% – гэта тое, што дзяржава будзе гарантаваць нам па плаваючай стаўцы, але да гэтых адсоткаў дойдзе яшчэ маржа банку, якая таксама складае каля 2%. Адпаведна, крэдыт будзе выдавацца пад 4%, але гэта і так ніжэй за сённяшнія банкаўскія прапановы ў 7.5%.
Больш парад ад Глеба Рачкоўскіага ў трансляцыі ніжэй.
Comments are closed.