Loading

Некалькі месяцаў таму ў Варшаве адкрылася беларуская кавярня з хатняй выпечкай па сямейных і рэгіянальных рэцэптах. На польскі рынак нашыя суайчыннікі выйшлі прыблізна 3 месяцы таму і пакуль што працуюць у тэставым рэжыме. Шукаюць аптымальны графік, знаёмяцца з кліентамі, вывучаюць попыт і эксперыментуюць з меню. Прапануюць то ватрушкі, то смятаннікі, то сінабоны. Як гарачыя піражкі (а ў продажы ёсць і яны) разлятаюцца арэшкі са згушчонкай. Добра ў беларусаў прадаваўся і хатні хлебчык. Ад яго вырабу, праўда, вырашылі часова адмовіцца. Затое сталі пячы сочнікі з творагам і нават рабіць цукеркі.

Мы пакаштавалі хатніх слодычаў і пад кубак духмянай кавы паразмаўлялі з уладальнікам «Какао» Яўгенам Скрабутанам.

 

Посмотреть эту публикацию в Instagram

 

Публикация от Domowe białoruskie wypieki (@kakao_warszawa)

Пакуль што ён займаецца не толькі арганізацыйнымі справамі, а і стаіць за прылаўкам гэтага невялічкага памяшкання на вуліцы Грахоўскай. Кавярня «Какао» знаходзіцца насупраць трамвайнага прыстанку «Кіцкега». Побач – студэнцкія акадэмікі, недалёка Ронда Вятрачная. Месца даволі жывое і «прахадное», распавядае Яўген Скрабутан.

– Да таго, як арэндаваць памяшканне, я нават сядзеў на лавачцы насупраць і прыкідваў, колькі тут ходзіць людзей, якія гэта людзі. Некаторых рэчаў улічыць так і не атрымалася. Напрыклад, тут няма шматпавярховікаў. Людзей шмат, але палова з іх людзі сталага веку. Хаця, як потым аказалася, польскія пенсіянеры вельмі любяць заходзіць да нас на каву. Ёсць кліенты, якія спачатку п’юць эспрэса, а потым пігулку ад ціску: не могуць сабе адмовіць у задавальненні.

– Дзень добры, – у кавярню заходзіць акурат адна са сталых наведвальніц «Какао». Пытаюся, ці часта сюды прыходзіць, ці ўсё падабаецца.

– Я прыходжу і вельмі задаволеная. Тут свежая выпечка, такой зараз у Польшчы мала. Я яшчэ і аматарка кавы, добрай кавы. Вось зараз вып’ю эспрэса і пайду. Добрае месца. І ўпрыгожыла, разбавіла тут нашую прастору. Побач ёсць яшчэ адна кавярня, але там я не да канца перакананая. Вось толькі месца тут малавата, але зроблена ўсё добра.

 

Посмотреть эту публикацию в Instagram

 

Публикация от Domowe białoruskie wypieki (@kakao_warszawa)

Кавярня і сапраўды зусім невялічкая – хутчэй фармату take away. Утульная, светлая. Сцены ўпрыгожвае роспіс беларускай мастачкі Ташы Кацубы. Уся выпечка «Какао» пакуль што робіцца дома. «Што ў нейкім сэнсе стварае праблему», – распавядае ўнутраню кухню бізнесу Яўген Скрабутан.

– З гэтай прычыны адмовіліся, напрыклад, ад сінабонаў, бо паводле традыцыі яны павінны падавацца цёплымі. Хаця людзі фанацелі і елі іх і так. Але гэта было трошкі няправільна. Калі мы зробім тут кухню, купім пекарнік, то вернемся да гэтай пазіцыі і будзем прапаноўваць людзям свежыя гарачыя сінабончыкі.

А калісьці – хаця даволі цяжка гэта ўявіць, бо так захоплена распавядае Яўген пра сваю кавярню – ён марыў пра ўласны бар, дзе будуць збірацца сябры і знаёмыя, якіх у Польшчы вельмі шмат.

– Але з-за таго, што ў маёй сям’і заўсёды была традыцыя выпякаць, мы вырашылі паспрабаваць. Аказалася, што людзі фанацеюць па аўсяным печыве, а з палякамі ўвогуле цікава. Для іх, скажам, піражкі з бульбай або сочнікі – гэта навіна.

– Яўген, як змяніўся свет, калі вы сталі на яго глядзець адсюль, з-за прылаўка?

– Пра людзей нічога новага не даведаўся. Затое больш пачаў разбірацца ў хлеба-булачных вырабах. Я не ведаў і не звяртаў увагі на тое, што абсалютная большасць булачак у Польшчы – замарожаныя. Пекарні іх толькі разаграваюць, і гэта ў некалькі разоў дазваляе знізіць сабекошт. Адзін і той жа круасан будзе прадавацца ў «Бедронцы» за 2 злотых, а ў «Гжыбках» за 6. Пытанне толькі, хто як падсмажыць. Мне зараз смешна глядзець на людзей, якія стаяць у чэргах у «Любашку», бо часта такі самы хлеб можна купіць у «Лідле» ці «Бедронцы».

– Яўген, а не страшна было ўсё гэта пачынаць?

– Вельмі страшна. Але калі мы ўсё падлічылі, то зразумелі, што калі раптам не атрымаецца, то грошы, якія мы згубім, не такія ўжо і вялікія. Увогуле, мне вельмі падабаецца сустракацца з кліентамі, яны адразу задаюць мільярд пытанняў. Аказваецца, што ў многіх палякаў ёсць сваякі, беларускія карані. І мы можам гадзінамі пра гэта размаўляць. Зноў жа, хочацца нагадваць людзям, што мы не агрэсары, што мы павінны сябраваць. І гэта вельмі добра атрымліваецца.

Поўную размову з Яўгенам Скрабутанам слухайце ў плэеры ніжэй.

 

Comments are closed.