Loading

У Турцыі ў панядзелак адбыўся наймагутнейшы з 1939 года землятрус. Эпіцэнтраў было два, на паўднёвым усходзе краіны. Першы землятрус магнітудай 7.8 бала адбыўся ў раёне горада Газіянтэп а 4 гадзіне раніцы, калі большасць людзей спала. Другі, магутнасцю 7.7 бала, – паблізу горада Экінезю а 13 гадзіне.

Самыя вялікі разбурэнні зафіксаваны на паўднёвым усходзе Турцыі, аднак, так ці інакш і сам землятрус і яго наступствы адчулі людзі па ўсёй краіне. За 800 кіламетраў ад эпіцэнтраў, у Стамбуле, падземныя штуршкі былі ледзь адчувальныя, але сумныя навіны адразу дайшлі і да гэтага раёна краіны.

Крыніца: ensonhaber.com

Беларуская спявачка Таццяна Грыневіч-Матафонава, якая жыве ў Стамбуле, распавяла радыё Ўнэт, як даведалася аб трагедыі.

«У Стамбуле мы спалі і нічога не адчувалі, іншыя стамбульцы, кажуць, адчулі штуршкі, а мы не. Вельмі расстроена. Шмат загінулых, у турэцкіх знаёмых сябры загінулі. Людзі цяжка гэта ўсё перажываюць. У тэлеграм-чаце беларусаў Турцыі людзі расказвалі, як а 4 раніцы павыскоквалі з дамоў, сядзелі ў машыне і назіралі, як побач абрушваюцца дамы».

Таццяна Грыневіч-Матафонава ў Турцыі. Крыніца: budzma.org

Цягам усяго панядзелка колькасць ахвяр землятрусу пастаянна павялічвалася. На раніцу аўторка было вядома пра 2291 загінулага і каля 16 тысяч параненых. Пераважна людзі гінулі пад заваламі. Юлія, жыве ў горадзе Адана за 200 кіламетраў ад эпіцэнтраў.

«У Адане, не ў самым эпіцэнтры, але таксама трэсла жудасна. Усе на вуліцах, ніхто дамоў не ідзе. Вельмі шмат фэйкаў, не ведаем, што праўда, а што не. Кажуць, што чакаецца трэцяя хваля».

Нават за амаль 600 кіламетраў ад эпіцэнтру, у некаторых раёнах Антальі, будынкі моцна пацярпелі – распавяла нам беларуска Вольга. Па яе словах, найгоршая сітуацыя ў горных раёнах паблізу эпіцэнтраў, там разбураныя бальніцы, а людзі, у тым ліку хворыя і інваліды, вымушаныя заставацца на вуліцы пад снегападам.

«Я знаходжуся ў Антальі, гэта паўднёва-заходняе ўзбярэжжа Турцыі. Асабіста я землятрусу не адчувала, хоць у іншых раёнах горада людзі паведамлялі, што ў іх офісах патрэскаліся сцены. Падземныя штуршкі працягваліся ўвесь дзень: першы землятрус адбыўся раніцай, пасля было дзесьці 32 афтэршока, і пасля гадзіны дня ў той жа мясцовасці адбыўся паўторны землятрус. Пацярпела агулам 10 гарадоў, іх улады зараз спрабуюць дапамагчы людзям, шмат якіх зараз засталося проста на вуліцы, а з’ехаць не могуць, бо дарогі разбураны. У некаторых раёнах вельмі халодна і ідзе снег».

Крыніца: ensonhaber.com

Акрамя Турцыі і Сірыі, падземныя штуршкі адчуваліся і ў шэрагу іншых краін, у Ізраілі, Ліване, на выспе Кіпр, у Іраку, Грузіі, Арменіі і нават на поўдні Казахстана. У Батумі, які знаходзіцца за 600 км ад эпіцэнтру, уначы таксама людзі таксама пакідалі свае дамы – кажа Ілля, які жыве ў гэтым грузінскім горадзе.

«Я прачнуўся ўначы, а ў мяне жырандоля на столі качаецца. Я спачатку са сну не зразумеў, што адбываецца. Потым пачуў нейкі гоман на вуліцы, глянуў у вакно, а там з дома насупраць людзі выбягаюць. Я зразумеў, што землятрус, гэта не першы землятрус, які я перажываю ў Батумі. Нічога страшнага, толькі вось сцены ў кватэры патрэскаліся».

Па прагнозах экспертаў, сейсмічная актыўнасць у рэгіёне Паўночнага Анаталійскага разлома будзе працягвацца яшчэ некалькі тыдняў, але моц наступных штуршкоў і землятрусаў будзе з кожным разам слабець.

Падрабязней у плэеры ніжэй.

Comments are closed.