Над двума ліцэямі з дадатковым вывучэннем беларускай мовы ў Гайнаўцы і Бельску-Падляшскім узнікла пагроза змянення статусу. Калі так адбудзецца, то ў Польшчы не застанецца сярэдніх навучальных устаноў, дзе не толькі вучаць беларускай мове, літаратуры, традыцыям, але і захоўваюць беларускі дух. Прычына ў новай трактоўцы адукацыйнымі ўладамі палажэння аб магчымасці вучняў пры іх жаданні адмовіцца ў працэсе навучання ад абавязковага вывучэння беларускай мовы і адпаведна ад здачы выпускнога экзамена па ёй. Прадстаўнікі беларускай меншасці, кіраўніцтва ліцэяў, бацькі навучэнцаў арганізавалі 14 траўня ў Беластоку прэс-канферэнцыю, дзе заявілі рашучы пратэст спробам змяніць статус гэтых навучальных устаноў і распавялі пра сваю дзейнасць у рэчышчы недапушчэння пагаршэння сітуацыі з навучаннем беларускай мове.
Ужо каля 80 гадоў цяперашнія ліцэі ў Гайнаўцы і Бельску працуюць, зберагаючы беларускасць і прышчапляючы любоў да яе ў дзяцей беларускай меншасці, якой у Польшчы больш за ўсё жыве на Падляшшы. Аднак у хуткім часе ўсё можа змяніцца, і абодва ліцэі перастануць быць асяродкамі беларушчыны для наступных пакаленняў жыхароў Гайнаўкі, Бельска і іх наваколляў. Так, паводле зачытанай прафесарам Алегам Латышонкам заявы, з-за новай трактоўкі існуючых прававых палажэнняў, прадстаўнікі Міністэрства адукацыі і навукі, а таксама беластоцкага Кураторыума асветы націскаюць на ліцэй у Гайнаўцы, якім кіруе дырэктар Ігар Лукашук, каб там змянілі статус, у выніку чаго не ўсе вучні былі б ахоплены навучаннем беларускай мовы, а выпускны экзамен па ёй (матура) стаў бы неабавязковым. Прычым за тое ж раней выступілі бацькі некаторых вучняў. У гэтым навучальным годзе яны, абапіраючыся на адпаведную пастанову Найвышэйшай кантрольнай палаты, вырашылі адмовіцца ад вывучэння сваімі дзецьмі беларускай мовы. Аднак пераводзіць школьнікаў у іншы ліцэй, яны не хочуць – «Беларус», як па-простаму мясцовыя называюць ліцэй, мае высокія стандарты адукацыі і ўзровень ведаў. Разам з тым Рада бацькоў ліцэя яшчэ 22 лістапада 2022 года выказалася за захаванне статус-кво, а значыць захаванне беларускай унікальнасці навучальнай установы.
Аднак потым з Кураторыума ў гайнаўскі ліцэй прыйшло распараджэнне, дзе змяшчаецца патрабаванне аб змене статуса. Вось што паведаміў Ігар Лукашук:
«У школу прыйшла карэспандэнцыя, якая заклікала школу памяняць або выключыць са статута тыя запісы, якія зацвярджаюць абавязак вывучэння беларускай мовы і што гэты прадмет абавязковы. Адзіным органам, які гэта можа рабіць, гэта педагагічная рада. І педагагічная рада двойчы гэтую магчымасць адкінула. І цяпер, відаць, прыйшоў такі этап, калі Кураторыум будзе прымаць рашэнне, таму што мае такія магчымасці, каб выкідаць са статутаў школ, якія лічыць нязгодным з законамі».
Падобная сітуацыя і ў Бельску. У бліжэйшыя дні да выпускнога экзамена па беларускай мове не прыступіць большасць моладзі ў тамтэйшым ліцэі, якія раней яе вучылі ў абавязковым парадку. І пры гэтым пакуль статус ліцэя застаецца ранейшым і абавязак вучняў здаваць беларускую мову на экзамене, паводле статута навучальнай установы, нікуды не падзеўся.
Вельмі важным чыннікам ва ўсёй гэтай гісторыі ёсць тое, што абодва ліцэя паўсталі як школы беларускай нацыянальнай меншасці, дзеля таго, каб захаваць беларускую тоеснасць навучэнцаў. Пры гэтым вучні выхоўваюцца там у дзвюх культурах – і беларускай і польскай, распавёў дырэктар бельскай навучальнай установы Анджэй Сцепанюк.
«Гэта школа ў сваім запісе, калі была ўтворана, была школай для беларускай нацыянальнай меншасці. Канешне, усё пакрысе змянялася. Да 70-х гадоў усе прадметы выкладаліся на беларускай мове. З 70-х гадоў пачалі ад гэтага адыходзіць. Але на 20-тысячнае мястэчка два агульнаадукацыйныя ліцэі, дзе ў адным можна вучыць беларускую мову, а ў другім няма такога абавязку, павінны застацца, бо гэта традыцыя. Гэта традыцыя тых месц, таго памежжа польска-беларускага, на якім мы знаходзімся. Мы выхоўваем у дзвюх культурах – як у культуры беларускай, так і ў культуры польскай. І выхоўваем моладзь, якая мусіць знайсці сябе ў грамадстве польскім. Не будзем хаваць гэтага. Не выхоўваем людзей, якія выедуць у Рэспубліку Беларусь, бо ім няма чаго туды ехаць. І тут мы з’яўляемся той перлінай, якой удаецца падтрымаць беларускасць на гэтай тэрыторыі. І не толькі на гэтай тэрыторыі. Праца мноства пакаленняў у гэтых двух школах прыводзіла да таго, што ў рознага кшталту рэйтынгах мы маем вынікі сапраўды вельмі добрыя, калі не выдатныя ў розных момантах. Ліцэй гайнаўскі, як і ліцэй у Бельску заўсёды вельмі высока заўважаны. Трэба сказаць, што тут адукацыйны працэс на высокім узроўні. Больш за шэсць тысяч выпускнікоў выйшла з бельскага ліцэя і яны знайшлі сябе па ўсім свеце, не толькі ў Польшчы. І ні ў чым ім не перашкаджала беларуская мова і выпускны экзамен па ёй. Наадварот, я думаю, нейкім чынам гэта павышала каштоўнасць навучання ў гэтых дзвюх школах», – адзначыў Сцепанюк.
У сваю чаргу Алег Латышонак адзначыў, што адукацыйны працэс у абодвух ліцэях быў заснаваны на дэмакратычных традыцыях, на прынцыпах беларускай незалежнасці, і заўсёды адбываўся пад бел-чырвона-белым сцягам. А гэта значыць, што гэтыя навучальныя ўстановы не ёсць часткай так званага «рускага міру».
Нагадаю, што на мінулым тыдні да міністра адукацыі Польшчы па пытанні ліцэяў звярнулася і Святлана Ціханоўская. У яе лісце адзначаецца, што беларуская меншасць у Польшчы заўсёды актыўна падтрымлівала рух да дэмакратычных перамен у Беларусі і зрабіла вялікі ўнёсак у захаванне беларускай мовы і незалежнай беларускай культуры, якія сістэматычна знішчаліся і знішчаюцца рэжымам Лукашэнкі. Ды і ўвогуле, па меркаванні арганізатараў прэс-канферэнцыі, беларуская дыяспара, якая стала вельмі шматлікай у Польшчы зараз, цалкам падтрымлівае намаганні меншасці па захаванні цяперашняга статуса ліцэяў.
Старшыня Беларускага саюзу ў Рэчы Паспалітай Яўгей Вапа, падкрэсліваючы, што дадзеная прэс-канферэнцыя ёсць пратэстам супраць той сітуацыі, у якой апынуліся ліцэі, адзначыў, што маюцца меркаванні экспертаў права, якія тлумачаць няслушнасць новага трактавання магчымасці пераводу вучняў на неабавязковасць вывучэння беларускай мовы. Да такой высновы прыйшлі прафесар аддзелу права і адміністрацыі Варшаўскага ўніверсітэта Матэўш Піліх і прафесар Беластоцкага ўніверсітэта Анджэй Саковіч.
Паводле іх, як адзначыў Алег Латышонак, закон не дазваляе адмаўляцца ад навукі беларускай мовы падчас навучання.
«Абедзве экспертызы ясна гавораць, калі хто не хоча вывучаць беларускую мову, то ён павінен памяняць ліцэй. Не ліцэй мае падпарадкавацца такому чалавеку. І ў нашым выпадку гэта вельмі пераканаўчыя экспертызы. Мы лічым, як і пакліканыя намі эксперты, што якраз распараджэнне міністэрства ёсць нязгоднае з законам», – патлумачыў прафесар Латышонак.
У сваю чаргу Яўген Вапа нагадаў, што, паступаючы ў першы клас ліцэя з дадатковым вывучэннем беларускай мовы, бацькі вучняў падпісваюць дэкларацыю, у якой пагаджаюцца з тым, што мова меншасці будзе іх дзецьмі вывучацца і потым яны будуць здаваць па ёй выпускны экзамен. Яўген Вапа параўнаў нежаданне здаваць экзамен па беларускай мове з, напрыклад, адмовай здаваць экзамен па польскай мове, якая таксама ёсць абавязковым прадметам.
«Калі мае быць усё лягчэй, то навошта вучыцца беларускай мове. Тое ж самае, што ў выпадку не здачы на выпускным польскай мовы. «Не здаем, бо не мусім!» І можна апеляваць да сумлення, наракаць на ўсё. Але нібыта ёсць адміністрацыйная прылада, якая дапаможа гэта абыйсці праз кожную шчыліну, і скарыстоўваецца максімальна», – выказаў свой пункт гледжання Яўген Вапа.
15 арганізацый нацыянальнай меншасці ўжо не першы месяц б’юць ва ўсе званы, спрабуючы выратаваць сітуацыю і звяртаючыся да дзяржаўных структур і сродкаў масавай інфармацыі. Вось што распавёў нашаму радыё старшыня старэйшай беларускай арганізацыі ў Польшчы – Беларускага грамадска-культуранага таварыства (БГКТ) Васіль Сегень.
«Колькі гадоў існавалі абодва ліцэі з дадатковым навучаннем беларускай мовы. Гэта была іх спецыфіка. І калі ад гэтага адмовіцца і зрабіць ліцэі як шэраг іншых, гэта для беларускай меншасці ў Польшчы, напэўна, вялікая страта і нядобрае рашэнне, вельмі нядобрае. Мы будзем падтрымліваць усялякія захады дырэкцыі школ, і як трэба будзе, то будзем выступаць як асобная арганізацыя ў падтрымку гэтых навучальных устаноў, каб яны засталіся са сваёй спецыфікай», – заявіў старшыня БГКТ.
Акрамя таго на сайце petycjeonline.com ідзе збор подпісаў у абарону беларускасці ліцэяў.
Comments are closed.