Loading

Даследаванне пра беларусаў у Літве разбівае шмат міфаў аб эміграцыі, як лакальных так і глабальных. Па-першае, высветлілася, што ў Літве пражывае не шмат беларусаў – усяго каля 49 тысяч, па-другое, палова з іх прыехала яшчэ да 2020 года, а па-трэцяе, доля палітычных мігрантаў не такая вялікая, як магло здавацца на першы погляд. Па словах дырэктара інстытута «Палітычная сфера» Андрэя Казакевіча, вывучэнне беларусаў у асобна ўзятай краіне, прынамсі Літве, дазваляе казаць, што маштабы эміграцыі беларусаў пасля 20 года перавышаны.

Называюць лічбы і 300 тысяч і 500 тысяч, ледзьве не мільён. Прычым часта сцвярджаюць, што выязджаюць айцішнікі, маладыя людзі, палітызаваныя беларусы. І гэта такая гіпотэза, якая патрабуе пацвярджэння. Наша даследаванне пра Літву, гэта толькі частка вялікага праекта пра беларускую дыяспару, які ахоплівае Польшчу, Германію і іншыя краіны ЕС. І так атрымліваецца, што нідзе мы гэтых сотняў тысяч не бачым. Дакладна, што лічбы міграцыі не дасягаюць 500 тысяч ці 300 тысяч, хутчэй за ўсе можна казаць пра 150 тысяч – менавіта столькі грамадзян жыве за межамі Беларусі, і яны выязджалі ў розны час. Вялікая колькасць людзей, якія выехалі пасля 20 года фіксуецца толькі ў Літве і Польшчы, у Германіі дакладна такой тэндэнцыі не назіраецца.

Што тычыцца Літвы. Тут у абсалютных лічбах беларусаў менш, чым, да прыкладу, у Польшчы, а вось у адносных лічбах гэта краіна лідар: на тысячу літоўцаў прыходзіцца 17 беларусаў. Да прыкладу ў Польшчы гэты каэфіцыент 1.8, а ў Германіі – 0.3. Гістарычны максімум беларусаў у Літве дасягнуты па выніках мінула года–48 тысяч 804 чалавекі, пазалетась было 31 028 чалавек, а яшчэ дзесяць гадоў таму гэтая лічба вагалася паміж 5 і 6 тысячамі. Прычым масавая міграцыя беларусаў у Літву пачалася не ў 2020 і нават не ў 2021 годзе. Беларусы актыўна пачалі прыбываць з 2017 года.

З 2017 года назіраем прырост па некалькі тысяч чалавек штогод, а пазней – яшчэ хутчэй. Прычыны дзве. Па-першае, працяглая стагнацыя ў Беларусі і Расіі. У Беларусі эканамічны рост паміж 2011-2020 годам у сярэднім складаў 0.96%, у Расіі–1.3%, у той час як нашыя суседзі ўзнаўляліся значна хутчэй, Літва ў сярэднім за гэтыя гады прырастала на 3.4%. Такім чынам складаная эканамічная сітуацыя была на традыцыйных для беларусаў рынках.

І акрамя гэтага ў 2017 годзе былі прыняты рашэнні, якія палегчылі доступ беларусаў да рынку працы Літвы, асабліва для так званых «дэфіцытных» спецыяльнасцей, гэта сфера транспарту, лагістыкі, прамысловасці, будаўніцтва.

Чым жа займаюцца ўсе тыя беларусы, якія жывуць у Літве? І тут разбіваецца чарговы міф: калі нам здаецца, што кожны другі беларус у Вільні павінен быць айцішнікам, а кожны першы – палітычна актыўным і выступаць за дэмакратычныя каштоўнасці, то статыстыка кажа, што гэта зусім не так. Каля 80% беларусаў у Літве занята ў сферы транспарту і лагістыкі, і ўскосна можна меркаваць, што яны з’яўляюцца кіроўцамі бальшагрузных аўтамабіляў, па-простаму «дальнабоямі». У абсалютных лічбах гэта можа быць каля 15 тысяч чалавек, супраць пары тысяч айцішнікаў.

Па інфармацыі, якая была прадстаўлена літоўскай Біржай працы, абсалютна дамінуе транспарт і лагістыка: ад 68 да 80% беларусаў, якія працуюць па легальных дамовах, заняты менавіта ў гэтай сферы. На другім месцы ідзе будаўніцтва: яно вырасла да 16%, калі глядзець па выніках 2021 года. Да гэтага трэцяе месца займала перапрацоўчая прамысловасць, але зараз тут знаходзіцца сектар інфармацыя і сувязь, гэта тое, што мы можам адносіць да сектара ІТ. Бачым абсалютнае дамінаванне рабочых спецыяльнасцей на літоўскім рынку працы. Напэўна, па выніках 2022 года колькасць айцішнікаў вырасце, але гэта будзе рост на 2-3 тысячы чалавек.

Сітуацыя на рынку працы перадвызначыла і партрэт беларускага эмігранта ў Літве: гэта ў пераважнай большасці (да 90%) мужчыны ва ўзросце ад 30 да 40 гадоў. Па гэтым даследаванні вельмі мала ў Літве сем’яў з дзецьмі: не больш за 500, пра гэта сведчыць статыстыка з Міністэрства адукацыі па колькасці беларускіх дзяцей у літоўскіх школах і дзіцячых садках. Гэта значыць, што мужчыны ў асноўным прыязджаюць з Беларусі без сем’яў. Акрамя таго, бачна, што міграцыя беларусаў у Літву носіць хутчэй эканамічны, альбо працоўны характар. Па словах Андрэя Казакевіча, не варта перабольшваць лічбы палітычнай міграцыі.

Па тых дадзеных, якія ў нас ёсць, колькасць палітычных мігрантаў у Літве складала ад трэці да паловы тых, хто прыехаў пасля 2020 года. Значыць можна ацаніць іх прыблізна ў 9-12 тысяч чалавек.

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.