Прадстаўнікі беларускай дыяспары Беластока правялі мітынг у гонар перамогі над нацызмам у Другой сусветнай вайне. Яны параўналі дзеянні пуцінскай Расіі ва Украіне са злачынствамі супраць чалавечнасці, якія здзяйсняла гітлераўская Германія. Таксама былі ўзгаданы і палітзняволеныя, якія пакутуюць і паміраюць у Беларусі, якой кіруе хаўруснік Пуціна Аляксандр Лукашэнка.
Мітынг з нагоды Дня перамогі над нацызмам у Еўропе прайшоў на стаўшым ужо традыцыйным для беларускіх палітычных акцый месцы – каля Генеральнага консульства Беларусі ў Беластоку. Прыйшоўшыя на мітынг наўпрост заяўлялі пра падабенства дзеянняў лідараў таталітарных рэжымаў – Гітлера, Пуціна, Лукашэнкі. Мерапрыемства адкрыў актывіст дыяспары Ян Абадоўскі, які адзначыў, што з пераможцаў фашыстаў выраслі новыя фашысты.
«Восьмага траўня 1945 года быў падпісаны Акт аб капітуляцыі нацысцкай Нямеччыны, а ў Еўропе скончылася Другая Сусветная вайна. Але для мяне, як і для шмат іншых беларусаў, гэта не свята, а дзень памяці ахвяраў нацызму. На жаль, у выніку вайны Беларусь не атрымала свабоды – на амаль 50 гадоў засталася пад савецкай акупацыяй, якая суправаджалася русіфікацыяй і рэпрэсіямі супраць іншадумцаў. Па ўсім свеце 8 траўня праходзіць пад лозунгам «Ніколі болей!». Але ў Беларусі і ў Расіі акцэнт у гэты дзень перамогі сёння іншы. Улады Расіі і Беларусі сёння ставяць акцэнт – «Можам паўтарыць». І мы зараз бачым, што з гэтага атрымалася: з пераможцаў фашыстаў выраслі новыя фашысты. Новыя рашысты больш за год бамбяць, атакуюць украінскія мірныя гарады, забіваюць мірных жыхароў. Буча, Ірпень, Гастомель, Харкаў, Марыупаль, Мікалаеў, Севераданецк, Бахмут і вельмі шмат іншых гарадоў і мястэчак, якія знішчылі і ў якіх забілі тысячы мірных грамадзян рашысты-«асвабадзіцелі». Мы, беларусы Беластока, асуджаем расійскую агрэсію і ваенныя злачынствы. Мы ганарымся нашымі беларускімі ваярамі з Палка Каліноўскага, Палка «Пагоня», батальёна «Тэрор» і іншымі беларусамі-дабраахвотнікамі, якія змагаюцца за Украіну і адстаіваюць гонар нашых беларусаў», – прамовіў Абадоўскі.
Пра вайну, якую вядзе сёння Аляксандр Лукашэнка супраць беларускага народа, казала актывістка дыяспары Кацярына Дзерман. З людзей, якія з палітычных прычын аказваюцца за кратамі, не толькі здзекуюцца, але і забіваюць. Яна заклікала ўдзельнікаў акцыі распавядаць мясцовым жыхарам пра палітычных зняволеных і пра той жах, што па-ранейшаму пануе ў Беларусі.
«Гэтая вайна часта бывае нябачная людзям. І тут у Польшчы мне не раз ужо даводзілася сутыкнуцца з тым, што людзі палякі кажуць: «Ужо два гады прайшло, у вас ужо ўсё супакоілася. Тэма зачыненая, праехалі». Так вось мне хочацца папрасіць вас, бо, пэўна, у кожнага з вас ёсць знаёмыя палякі, гэтую тэму ўздымаць, што ў нас усё не скончылася, што людзі, якія сюды прыязджаюць – уцякаюць ад нечага, што там далей ёсць жах, ёсць смерць, ёсць катаванні. Гэта вельмі важна», – заявіла Дзерман.
«Другая Сусветная вайна пачалася не толькі па ініцыятыве нацысцкай Германіі, але і камуністычнага Савецкага Саюза», – нагадаў актывіст Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Сяргей Верамеенка. – Таму абедзве гэтыя краіны нясуць роўную адказнасць за развязванне той вайны». «Яны не перамаглі нацызм, як яны кажуць. Яны сталі нашчадкамі нацызму, які пераўтварыўся ў рашызм. Я з Гародні, а гэта горад, каторы зазнаў, што такое нямецкія і савецкія атакі ў 1939 годзе. Тымі ж самымі метадамі, што і нацысты, дзейнічалі савецкія так званыя вызваліцелі. І тое, што яны 9 траўня, хай сабе дзявятага, а не восьмага, але гэты дзень яны лічаць святам, гэта гаворыць пра тое, што яны ганарацца гэтым. Усё гэта іх «можам паўтарыць» – гэта і ёсць вызнака таго, што яны з’яўляюцца нашчадкамі акупантаў», – адзначыў Верамеенка.
«Зло можна перамагчы толькі дабром і памяццю пра тых, хто загінуў тады і гіне зараз». – Пасля гэтых слоў адной з удзельніц акцыі мітынгуючыя ўшанавалі хвілінай маўчання ахвяр узгаданых войнаў.
Comments are closed.