Loading

Беларуская дыяспара Беластока правяла ў нядзелю мітынг з патрабаваннем спыніць расійскую агрэсію ва Украіне і вывесці расійскі войскі з тэрыторыі Беларусі. Таксама гучалі патрабаванні неадкладнага вызвалення палітвязняў.

Як і большасць акцый дыяспары ў Беластоку, гэтая таксама прайшла каля Генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь. У ёй прынялі ўдзел каля 70 чалавек, якія стаялі ўздоўж агароджы консульства з антываеннымі транспарантамі, плакатамі і бела-чырвона-белымі сцягамі.

«Сёння наша акцыя – гэта акцыя пратэсту супраць знаходжання расійскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі», – заявіў, адкрываючы мерапрыемства, актывіст дыяспары Ян Абадоўскі.

Удзел у акцыі прынялі і грамадзяне Украіны. Выступаўшы ад іх імя Антон з Кіева, прамаўляючы на ўкраінскай мове, адзначаў, што ўжо больш за год цягнецца вайна, і ўжо больш за год выкарыстоўваецца беларуская тэрыторыя для расійскай зброі і навучання расійскіх мабілізаваных. «Нядаўна Пуцін атрымаў ордэр на арышт з Гаагі, але і Лукашэнка таксама павінен атрымаць такі ордэр, і павінен сядзець недзе па суседству. На жаль, зараз не 45-ы год, і Нюрбергскі трыбунал не закончыцца павешаннем віноўных – ім прыйдзецца трохі пасядзець. Але я веру ў тое, што і Беларусь, і Украіна будуць вольнымі», – сказаў украінскі ўдзельнік мітынгу.
Надзея Салаўёва з Магілёва ўзгадала, як у 2019 годзе яна ўдзельнічала ў так званых парламентскіх выбарах ад Партыі БНФ і адзіная стаяла ў цэнтры горада з плакатам з патрабаваннем спыніць расійскую акупацыю Беларусі.

Надзея Салаўёва

«Кіраўніцтва Расіі сваю краіну практычна раскрала», – адзначыў актывіст з Гродна Сяргей Верамеенка.

Сяргей Верамеенка

Удзельнікі акцыі не абышлі ўвагай і падзеі апошніх дзён – прысуд чатыром палітзняволеным жанчынам – Марыне Золатавай, Валерыі Касцюговай, Людміле Чэкінай, Таццяне Кузінай, якія атрымалі вялічэзныя тэрміны калоніі за сваю журналісцкую і навуковую дзейнасць. Удзельнікі акцыі запатрабавалі вызвалення ўсіх палітвязняў. Сябра загінуўшага ў калоніі палітвязня Вітольда Ашурка Сяргей Пантус прыгадаў апошнія падзеі ў Гродна, адкуль паступіла інфармацыя аб забойстве нейкага замежнага грамадзяніна, які пры затрыманні сілавікамі аказаў узброены супраціў.

«Спадзяюся, што беларусы атрымалі прышчэпку, што па-добраму з дыктатурай нельга. І выйсце толькі адно – барацьба», – заявіў адзін з выступаўшых.

Напрыканцы акцыі ўсіх прысутных запрасілі на шматлікія беластоцкія мерапрыемствы, прымеркаваныя да 105-ых угодкаў абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай рэспублікі.

Падрабязней у плэеры ніжэй.

Comments are closed.