Loading

Прыблізна сотню ўдзельнікаў сабраў мітынг 21 траўня на Дзень салідарнасці з палітвязнямі, які быў арганізаваны прадстаўнікамі беларускай дыяспары ў Беластоку каля Генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь. Акцыя стала адной з самых масавых з пачатку года, якую правялі беластоцкія беларусы. Салідарнасць з ахвярамі лукашэнскаўскага рэжыму і абурэнне яго дзеяннямі не даюць забыць аб лёсах зняволеных суайчыннікаў, а таксама нагадваюць аб неабходнасці іх найхутчэйшага вызвалення.

Першае пра што заявіў, адкрыўшы мітынг салідарнасці актывіст з Гродна Аляксандр, гэта было ўзгадванне аб загінулых на расійска-ўкраінскай вайне беларускіх байцоў з Палка Каліноўскага. Удзельнікі акцыі ўшанавалі іх памяць хвілінай маўчання. Гэтае ўшанаванне нечакана адбылося вельмі ўзнёсла і сімвалічна – пад гукі званоў непадалёк размешчанага касцёла.

Затым Аляксандр адзначыў, што Беларусь цяпер знаходзіцца на шостым месцы ў свеце па колькасці палітычных зняволеных на 100 тысяч чалавек.

«Цяпер, каб патрапіць пад увагу карных органаў, трэба ўсяго толькі пакінуць каментар альбо пакінуць падабайку пад непажаданым для ўлады, для лукашыстаў пастом у інтэрнэце. Сённяшні дзень гэта напамін, што зараз у Беларусі знаходзіцца амаль паўтары тысячы зняволеных, адпраўленых за краты па палітычных матывах. І гэта толькі згодна з крытэрыямі Праваабарончага цэнтру «Вясна». Насамрэч лічба палітвязняў значна большая».

Аляксандр

Для сённяшняй улады ў Беларусі палітычна актыўныя людзі сталі большай небяспекай, чым крымінальнікі, заявіў у сваю чаргу другі гродзенскі актывіст Сяргей Верамеенка.

«Яны баяцца настолькі актыўных людзей і патрыётаў, што нават пачалі на іх вешаць жоўтыя біркі. Сёння некаторыя з нас прыйшлі з такімі самымі біркамі, каб выказаць сваю салідарнасць. Людзей з гэтымі біркамі ў турмах катуюць і трымаюць у нечалавечых умовах. І гэта яшчэ раз паказвае іх страх.

Кожны народ мае права на пратэст, кожны народ мае права выказваць сваё меркаванне, кожны народ мае права на забастоўку і, канешне ж, кожны народ мае права на паўстанне. Тое, што беларусы ў 2020 годзе яскрава прадэманстравалі. Наша паўстанне не скончылася. Яно працягваецца, яно цягнецца сотнямі гадоў, але каб нам перамагчы канчаткова, нам трэба будзе прыкладаць максімальныя высілкі».

Сяргей Верамеенка

Жонка Сяргея Верамеенкі Вольга добра ведала забітага ў калоніі палітвязня Вітольда Ашурка. Яна распавяла пра тое, як даведалася пра яго смерць. Вольга Верамеенка адзначыла, што імёны тых, хто катуе і забівае беларусаў ужо вядомыя і прыйдзе час, калі яны панясуць крымінальную адказнасць.

Вольга Верамеенка

Досыць добра ведаў Вітольда Ашурка і гродзенскі журналіст і праваабаронца Уладзімір Хільмановіч. Распавядаючы пра грамадскую актыўнасць забітага палітвязня, выступоўца нагадаў, што да апошняга перапісваўся з ім. Хільмановіч зачытаў верш аднаго, як ён заявіў, з іх сяброў, напісаны пасля забойства ў шклоўскай калоніі.

Уладзімір Хільмановіч, узгадаўшы рэпрэсіі супраць беларусаў за мінулыя дзесяцігоддзі, адзначыў, што шлях да свабоды даволі цярністы, але па яму ўсё роўна прыйдзецца прайсці, і зрабіць усё, каб падобны пераслед за іншадумства больш не паўтараўся. Для гэтага павінны быць распрацаваны законы аб люстрацыі і палітрэпрасаваных. Дарэчы, аб неабходнасці суда над тымі, хто здзяйсняў рэпрэсіі і ў прыватнасці над Аляксандрам Лукашэнкам гаварылі і іншыя выступоўцы.

Уладзімір Хільмановіч

Журналіст Ян Роман, гаворачы пра палітвязняў, нагадаў пра зняволеных супрацоўнікаў медыя, у прыватнасці пра Анджэя Пачобута, які быў асуджаны па сфальшаванай справе на восем гадоў зняволення.

«Гляджу на плакаты, і фактычна ўсіх людзей на гэтых плакатах я ведаю асабіста. Не хачу сказаць «ведаў» у тым ліку і Вітольда Ашурка. Гэтыя людзі застануцца назаўсёды, напэўна, у нашых сэрцах. Сярод людзей, якія знаходзяцца за кратамі, больш за 30 журналістаў, маіх калег, якіх я таксама добра ведаю. Адзін з іх Анджэй Пачобут – чалавек, якога я вельмі даўно ведаю і з якім доўгі час працаваў над стварэннем тэлевізійнай праграмы для палякаў у Беларусі.

З таго, што я ведаю, такія акцыі, якія мы праводзім, то інфармацыя далятае да людзей, якія знаходзяцца за кратамі. Пра гэта казалі і тыя, хто ўжо выйшаў, і Анджэй інфармацыю перадаваў таксама і дзякаваў за тое, што пра яго памятаюць. Сярод тых журналістаў, якія сядзяць, вельмі многа таксама гарадзенцаў – і Павел Мажэйка, і Дзяніс Івашын. Я не кажу пра грамадскіх актывістаў, пра прафсаюзных дзеячоў. Тая колькасць журналістаў, якая знаходзіцца за кратамі, паказвае, наколькі рэжым баіцца вольнага слова і помсціць тым людзям, якіх абвінавацілі ў арганізацыі масавых пратэстаў», – распавёў журналіст.

Ян Роман нагадаў, што 26 траўня прызначаны разгляд апеляцыі па справе Анджэя Пачобута. Таму ўвечары таго дня зноў жа каля беларускага консульства ў Беластоку намечана чарговая акцыя салідарнасці з ім, а таксама з усімі палітвязнямі Беларусі.

Comments are closed.