Loading

Ад сярэдзіны лютага 2023 года ў беларускім хабе «Новая зямля» у Беластоку па суботах праводзяцца заняткі для дзяцей па беларускай мове. Пачатак абяцаючы, але перспектывы пакуль не вельмі выразныя.

Ганна Дар

Беларуская прысутнасць у адукацыі Беластока і Падляшша была заўсёды. Праўда, за апошнія дзесяцігоддзі яна значна здала свае пазіцыі. Так, каля дзесяці гадоў таму ў Беластоцкім універсітэце спынілі навучанне студэнтаў на аддзяленні беларускай філалогіі. Прычына – ашчаднасці ўніверсітэта ды малое зацікаўленне сярод моладзі. Летась многіх узрушыла паведамленне, што не ўдалося сабраць жадаючых вывучаць з першага класа беларускую мову, як мову меншасці ў публічнай падставовай школе №4 Беластока. Тут варта адзначыць, што абавязак выкладаць мову меншасці польская дзяржава мае выключна перад сваімі грамадзянамі, калі тыя, зразумела, таго захочуць. Прыехаўшыя з Беларусі беларусы, гэта значыць дыяспара, у сваёй большасці польскага грамадзянства не маюць і таму на іх гэты абавязак дзяржавы не распаўсюджваецца.

Змяніць сітуацыю спрабавалі бацькі, якія сабралі больш за 40 заяў пад просьбай да мясцовых улад выкладаць для іх дзяцей беларускую мову таксама як для дзяцей меншасці. Ініцыятаркай збору заяў стала настаўніца беларускай мовы і літаратуры з Мінска Ганна Дар.

У сваю чаргу ініцыятыву Ганны Дар падтрымалі стваральнікі хаба «Новая зямля». Было абвешчана аб правядзенні заняткаў па беларускай мове для дзяцей дзвюх узроставых груп – ад 3,5 да 6 гадоў і ад 8 да 12 гадоў. І ў суботу 18 лютага адбыліся першыя ўрокі, якія настаўніца праводзіць на свой густ і разуменне.

Тое, што заняткі не праходзяць без плёну, казалі і самі малыя навучэнцы. Праўда, у некаторых, відаць, з-за хвалявання беларускія словы перамешваліся ўжо не толькі з рускімі, але і з польскімі.

На заняткі прыходзіць прыкладна да 10 дзяцей у кожнай групе, якіх прыводзяць бацькі. Дарослыя, дарэчы, самі не заўсёды беларускамоўныя, але зацікаўленыя, каб іх сыны і дочкі не гублялі сувязь з беларускасцю, і адначасова, што таксама немалаважна – лішні раз адарваліся ад тэлефонаў і ноўтбукаў.

Спадарыня Ганна разумее ўсе акалічнасці навучання дзяцей, якія прыехалі з Беларусі, якая збольшага ёсць рускамоўнай краінай, але тым не менш настаўніца верыць у добры працяг беларускамоўнага навучання, якое яна пачала ў лютым 2023 года.

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.