Ва ўкраінскім Львове адкрылася выстава карцін беларускай мастачкі Віялеты Майшук з назваю «Жыве Україна» – творы, прысвечаныя беларускім валанцёрам, якія дапамагаюць Украіне.
Выстава ў Першай Львоўскай медыятэцы адкрылася з прадстаўлення аўтаркі мастацкіх твораў, маладой мастачкі з Гомельшчыны, якая ў 2020 годзе праз палітычны пераслед мусіла пакінуць Беларусь, Віялеты Майшук. Спачатку яе саму прадставіла журналістка Аліна Рудзіна, а пасля Віялета распавяла пра матывы стварэння мастацкага цыклу і сваё адчуванне таго, што прадстаўлена на палотнах. Віялета падрабязна спынялася на тых акалічнасцях, якія натхнілі яе на стварэнне нейкіх карцін. Напрыклад, так званыя «бандэраўскія смузі» ці «кактэйлі Молатава», з прыгатаваннем якіх Віялета сутыкнулася ў першыя дні паўнамаштабнага ўварвання:
«Першая праца – гэта пра кактэйлі Малатава, што мы начамі гатавалі гэтыя кактэйлі ў гаражах у Дняпры. З першых дзень нашыя ваяры пайшлі ў УСУ дапамагаць Украіне».
Своеасаблівымі ўспамінамі напоўненая карціна, дзе намаляваныя, здавалася б, звычайныя варэнікі:
«Пра варэнікі – гэта асобная тэма. Гэта «галицькі вареники», яны з цікавым начыннем. Яно нібы і таннае, але ў той жа час вельмі сытнае, каб ваяры як бы набіраліся моцы. Мы іх рабілі цэлым домам – дом сабраўся ў падвале ў першыя дні, ляпілі, на вуліцы іх варылі, а ў падвале ляпілі, бабулі намольвалі, і адпраўлялі на фронт. У маштабах дзевяць тысяч на дзень».
Не менш натхняльная і гісторыя з набыццём і дастаўкай ва Украіну гуманітарных грузаў і аўтамабіляў:
«Карціна, там дзе машына, гэта гуманітарная дапамога, разам з машынамі, на якія скідаліся беларусы ў фонды і прыдбалі, і вазілі сюды ва Украіну».
Калі ж Віялета падыйшла да галоўнай і фінішнай карціны выставы, распавядаючы пра яе, яна не змагла стрымаць пачуццяў:
«Апошняя карціна – гэта трыпціх, заканчэнне гэтых усіх працаў, што без валанцёраў, мне здаецца… было б цяжэй… Тут украінская і беларуская дзяўчыны, яны абязлічаныя, што гэта кожная. Гэта – зямля, і…».
Варта адзначыць, што і ў наведнікаў выстава выклікала пачуцці. Вось, што нам сказаў студэнт Львоўскага ўніверсітэту Максім:
«Было цікава пабачыць. Вось варэнікі пабачыў. Усё зроблена ў цёмных колерах, таму што аўтарка сама сказала, што пісала ўначы пераважна. Мне яшчэ спадабалася – я надпіс пад варэнікамі – нашай нацыянальнай стравы, прачытаў. Што з грэчкі. Я, калі быў у Крэменцы, на Тэрнопальшчыне, паспытаў – цікавы смак. Увогуле, я думаю, мы з Беларуссю душой, у нас мовы вельмі падобныя».
Жыхарка Харкава, якая праз абстрэлы мусіла эвакуявацца з роднага горада, таксама пад уражаннем ад выставы і падзялілася сваімі назіраннямі пра стаўленне да беларусаў падчас вайны, у якой лукашэнкаўскі рэжым выступіў саўдзельнікам:
«Яшчэ стала бліжэй да сэрца, яшчэ бальней мне гэта. Бо ў мяне і не было нават сумневаў, што людзі – беларусы, што яны з намі. Ніякіх сумневаў няма. І гэтая выстава, гэтая імпрэза яшчэ раз гэта падкрэслівае. І ўвогуле, кранае сэрца – гэтая пяшчотная, вытанчаная жанчынка, якая так рэагуе на тое, што адбываецца ў нас у краіне. Так і яе суджэнец. Таму я ведаю, што мы супольныя, што мы будзем разам ісці да тае перамогі, якая верне нам любоў аднаго народу да іншага. Яна і не знікла, гэтая любоў. І будзем ездзіць адзін да аднаго».
Спадарыня Таццяна прызналася, што сачыла за стаўленнем беларусаў да вайны і сітуацыяй у Беларусі:
«Беларусы, яны з намі. Яны не змянілі свайго гледзішча. Бо мы бачылі, як беларусы выходзілі супраць невыбараў спадара Лукашэнкі. І ўсё, што адбываецца – гэта жахліва. Бо я памятаю, як літаральна ў першыя дні, седзячы пад жахлівымі абстрэламі Харкава – гэта Салтаўка, амаль тая Паўночная Салтаўка, мы пабачылі – прыбегла мая сястра, таксама ўжо дарослая пані, якая паказала зварот беларускага генерала, які казаў «не страляйце», скажам, так проста. Быў зварот да вайскоўцаў-беларусаў. Ён сказаў, што я ўпершыню ў наўпроставым эфіры выступаю, і я вырашыў, што гэта трэба зрабіць – ён запісаў гэты зварот і выклаў у інтэрнэт. І мы яго вельмі хутка – можа нехта распаўсюдзіў ва Украіне, але мы пабачылі проста ў першыя дні. І гэта таксама вельмі вялікае на нас уражанне зрабіла. Прывяло да таго, што мы верым больш і больш, уласна, сумненняў не было, што беларусы з намі. І гэта трагедыя беларускага народу».
Наведніца выставы з Беларусі Вольга таксама высока ацаніла аўтарскае бачанне:
«Першае, што я бачу ў карцінах, гэта тое, што яны насамрэч у чорным колеры, неяк у цемры. Але мы бачым, што святло ідзе менавіта ад людзей. Ад тых людзей, якія дапамагаюць Украіне, якія дапамагаюць адно аднаму, якія валацёраць. Гэта сапраўды зараз тое, што дапамагае Украіне ісці да перамогі. І гэты пасыл бачны ў гэтай выставе. Тое, што закладзена ў карцінах, зразумела амаль і без словаў. Гэта тое, што зараз робіць кожны ва Украіне – нехта данаціць, нехта нейкія сеткі пляце, нехта, мабыць, дапамагае суседу ці маці. І гэта таксама дапамога Украіне. І я мяркую, што аўтарцы ўдалося падкрэсліць тую думку, якую яна закладвала».
Зразумеў пасыл аўтаркі і беларус Юрась:
«На маю думку, гэта даволі дакладнае адлюстраванне якогась валантэрскага руху, прынамсі, таго, што бачыў я таксама, і ў якім удзельнічаў. Бо тут няма нашых гэтых свечак, я думаю, яшчэ будуць, пэўна, як мы свечкі рабілі акопныя. Але ж сапраўды валантэрскі рух больш шырокі і правільна зрабіла Віялета, што расказала як раз аб тым, пра што яна ведае сама. І гэта шчыра, на мой погляд. І тэхніка мне вельмі… я не ведаю, што гэта за тэхніка, як яна называецца правільна, я не мастацтвазнаўца, але мне дужа падабаецца».
Калі мы папрасілі спадарыню Віялету распавесці пра канцэпт выставы і вынік, які яна пабачыла ад наведнікаў, яна зноў не магла стрымаць пачуццяў, а вынік стаўся чаканым многімі, хто прыйшоў пазнаёміцца з творамі маладой мастачкі.
«Хочацца перамагчы і вярнуцца ў Беларусь, працягваць жыць спакойна і каб без ракет, каб… для дзяцей… будучыню дзецям, так скажам. Лепей мы зараз… Лепей мы зараз будзем змагацца, чым потым будуць змагацца нашыя дзеці. Я актывістка яшчэ з 20-га года, яшчэ ў Беларусі, калі мне там не спадабалася ўлада і я з’ехала, то тут у любым выпадку ў такі цяжкі час, у вайну, я не збіралася з’язджаць, я шукала моманты, хоць у нечым я магу дапамагчы. А праз тое, што я мастак, я выказала гэта ў карцінах. Я, калі сама плакала, я бачыла людзей, якія таксама са мной плакалі. І я не ведаю, ці то гэта падтрымка, ці то проста расчуліліся ад словаў, якія я сказала. Пачула добрыя водгукі ў тым плане, што мы не дарма гэта зрабілі і што валанцёры зараз у гэтым маюць патрэбу, што іх падтрымліваюць, што ў іх вераць. І ў прынцыпе на валацёрах пабудавана ўсё, мне здаецца. Валанцёр – гэта бескаштоўна. Але мы забываем, што гэта энергія, сілы і час гэтага чалавека, якія ён паклаў у працу дзеля Перамогі».
Выстава будзе працаваць у Першай Львоўскай медыятэцы за адрасам Львоў, вуліца Мулярська 2А на працягу месяца.
Comments are closed.