Loading

14 снежня прадстаўнікі праваабарончай арганізацыі Free Belarus Center (FBC), Палка Каліноўскага (ПК) і Кіберпатрызанаў абмеркавалі ў Кіеве з Упаўнаважаным Вярхоўнай рады па правах чалавека Дзмітрыем Лубінцом і 10 нардэпамі пытанні легалізацыі беларусаў ва Украіне і іншыя праблемныя аспекты. Супрацоўніца FBC, праваабаронца Анісія Казлюк распавяла падрабязнасці сустрэчы.

Правесці гэтую сустрэчу нам прапанавалі прадстаўнікі Палка Каліноўскага яшчэ падчас беларуска-ўкраінскага форуму ва Львове. Таксама ў ёй быў зацікаўлены адзін з украінскіх дэпутатаў і міжфракцыйнае аб’яднанне «За дэмакратычную Беларусь».

Часу на падрыхтоўку да сустрэчы ў нас было літаральна два дні.

На сустрэчы былі агучаны пытанні, з якімі сутыкаюцца зараз беларусы ва Украіне і абмяркоўваліся варыянты рашэнняў. Па выніках вырашылі працаваць сумесна наступным чынам. Спецыялісты FBC будуць рыхтаваць для дэпутатаў і офісу Упаўнаважанага па правах чалавека справаздачы маніторынгу выканання заканадаўства, а таксама індывідуальныя звароты. Такім чынам будуць выяўлены нормы заканадаўства Украіны, якія існуюць, але не працуюць адносна беларусаў. А таксама прапанаваны нормы, якіх няма, але патрэба ў іх існуе.

Прадстаўнікі ПКК абмяркоўвалі пытанні вызвалення беларусаў з расійскага палону, рэгулявання статусу беларускіх добраахвотнікаў і тых ваяроў, якія скончылі кантрактную службу ў УСУ і засталіся без абароны Украіны.

На вялікі жаль нікому невядома колькасць беларусаў, якія засталіся ва Украіне. Відавочна, што дыяспары значна скарацілася з пачаткам вайны. Але праблемы ва ўсіх аднолькавыя. Гэта стасункі з міграцыйнай службай і легалізацыя, пытанні пераходу мяжы, сканчэнне тэрміну дзеяння пашпарту, немагчымасць карыстацца страхавымі і некаторымі іншымі паслугамі. Таксама ўздымалася пытанне працэсу атрымання беларусамі статусу ўцекачоў, які быў прыпынены з пачаткам вайны.

Дакладную дату наступнай сустрэчы не абмяркоўвалі, але прыкладна гэта будзе студзень ці пачатка лютага.

Фота: t.me/freebelaruscenter

Поўную размову з Анісіяй Казлюк слухайце ў плэеры ніжэй.

 

Падпісвайцеся на наш тэлеграм t.me/radiounetfm

Comments are closed.