Loading

У Любліне з’явіўся яшчэ адзін адрас на беларускім маршруце: вуліца Баляслава Храбрего, 18. У снежні тут адкрылі мурал, прысвечаны Святлане Алексіевіч. Яго аўтарка – Алена Грыбянчук, муралы якой на беларускую тэму ўжо можна ўбачыць у горадзе. Падчас адкрыцця пісьменніца не толькі пазірала са сцяны на прысутных, але і гучалі яе творы: арганізатары і госці чыталі «Час сэканд-хэнд» на беларускай, польскай і рускай мовах.

Радыё Ўнэт падчас свайго выезду да Любліна сустрэлася з Аленай Грыбянчук каля мурала. Пагаварылі, як узнік гэты твор, як правільна прачытаць яго сімволіку і якія яшчэ задумы ў аўтаркі.

— Гэта ўжо другі мурал на тэму Беларусі, які ты стварыла ў Любліне. Чаму на гэты раз абрана Святлана Алексіевіч?

— Перад тым, як намаляваць першы мурал, я думала, каб намаляваць Святлану Алексіевіч, але склалася так, што ў 2020 годзе пачаліся пратэсты. Я вырашыла, што намаляваць пратэстоўцаў было б больш актуальна, і таму я спынілася на гэтай тэме. Але Святлана Алексіевіч заставалася ў маёй галаве, у маіх ідэях і я вельмі хацела яе намаляваць. Беларуская ўлада яе не прызнае, і таму вельмі важна казаць пра гэтую тэму не толькі ў Беларусі, але і за мяжой.

— Ты, напэўна, думала, як будзеш перадаваць вобраз Святланы Алексіевіч, што ў выніку атрымалася?

— Мой папярэдні мурал быў больш фармальным, я малявала яго ў больш рэалістычным стылі, а потым у мяне пачаўся творчы перыяд, калі я хацела рабіць больш абстрактныя рэчы. Але мне хацелася стварыць партрэт пісьменніцы. Гэты праект я рабіла і прыдумвала разам з акцёрам Купалаўскага тэатра Аляксандрам Казелам. Ён мяне натхніў, каб зрабіць гэта ў стылі «калажа», бо ён робіць вельмі прыгожыя калажы, якія мне вельмі падабаюцца, і я прасіла яго аб дапамозе, бо ён жыве таксама ў Любліне. Мы разам зрабілі гэтую кампазіцыю, ён падказаў, як палепшыць некаторыя дэталі.

— Акрамя непасрэдна партрэта самой Святланы, якія вобразы мы можам тут прачытаць?

— Увогуле тут шмат сімвалаў, зараз мне здаецца, што зашмат, можна было яго так не ўскладняць. Гэты праект паўстаў вясной 2022 года, калі яшчэ тэма вайны ва Украіне была вельмі гарачай, калі ўсім балела, і мне таксама, таму што ў мяне нарачоны ўкраінец, там ёсць сям’я. Таму на гэтым мурале з’явілася кніга Алексіевіч «У вайны не жаночы твар», мне здаецца, і тады і зараз яна вельмі актуальная. Макі, як сімвал Украіны, якія плачуць. Вельмі хацелася б дадаць яшчэ што-небудзь пра Украіну, але гэта Польшча, гэта раён, дзе жывуць дзеці, і людзі ходзяць штодзённа, таму тэмы смерці я пазбягала. Але хацелася перадаць трагедыю метафарычнымі вобразамі, як макі, як кніга, як мяч…

— разарваны мяч.

— Так, разарваны мяч, як сімвал страчанага дзяцінства, дзяцей, што прыехалі ў Польшчу, таму што я таксама дапамагала напачатку вайны, я была валанцёрам і бачыла шмат дзяцей, якія прыехалі з матулямі з Украіны, слухала шмат гісторый.

— А цытата?

—«Нельга мець аднаго сэрца для нянавісці, а іншага для любові» – я яе напісала па-польску, таму што мне хацелася звярнуцца не толькі да беларусаў, але і да палякаў. Мне зараз вельмі баліць не толькі тое, што адбываецца ва Украіне, але і тое, што людзі пачалі адно аднаго ненавідзець, для мяне гэта штосьці, што я не разумею і не падтрымліваю.

— А месца, дзе мы знаходзімся? Чаму яно выбрана і ці лёгка было атрымаць яго пад мурал?

— Гэта – чацвертае месца з тых, якія я спрабавала атрымаць пад мурал. Трэба адразу сказаць, што гэты мурал з’явіўся дзякуючы падтрымцы «Хаткі Жака», гэта такі студэнцкі цэнтр культуры, які раз на год прапануе стыпендыю для розных мастацкіх праектаў. Я гэтую стыпендыю атрымала, а пасля вяла перамовы з універсітэтам Марыі Складоўскай-Кюры, каб яны дазволілі мне намаляваць мурал на іх сценах. Я хацела намаляваць на будынку факультэта філалогіі, але мне адмовілі, быццам бы там павінен пачынацца рамонт. Я знайшла іншую сцяну ва ўніверсітэце, але ў апошні момант мне не дазволілі, і ўжо пазней я даведалася, што гэта можа быць праз тое, што палякі тады не ведалі, ці варта падтрымліваць тэму Беларусі, бо фармальна Беларусь на баку агрэсара ў вайне. Трэцюю сцяну мне не далі проста таму што горад не хацеў, каб там увогуле штосьці было намалявана. І нарэшце Дом культуры «Пад акацыяй» пагадзіўся, каб мурал з’явіўся на іх будынку, дырэктарка гэтай установы вельмі пазітыўна паставілася да майго праекта. Яна дала сваё дазваленне. І нарэшце праект быў рэалізаваны, у снежні.

— Пэўна, было вельмі халодна, мурал на вышыні. Наколькі складанай была падрыхтоўчая праца?

Гэта быў мой першы самастойны мурал, я вымушана было ўсё арганізаваць сама, знайсці «лясы», сама ўсё гэта арэндаваць. Калі мы ставілі абсталяванне, тут паўсюль аўтамабілі, прыйшлося дамаўляцца з іх гаспадарамі, каб на час працы яны тут не паркаваліся. Складаны момант: праз тое, што было халодна, людзі не затрымліваліся і не пыталіся пра тое, што я раблю. А гэта ўсё ж такі любімы складнік маёй працы: тлумачыць людзям, што я малюю і для чаго я раблю.

— Што яшчэ ты плануеш зрабіць на тэму Беларусі тут у Любліне? Ёсць жа задумы?

Так, канешне. Я ўжо атрымала фінансаванне на наступны праект, гэта будзе мая калабарацыя з іспанскім мастаком, які прыедзе сюды ў траўні ці ў чэрвені. Мы будзем маляваць сумесны мурал, але я ўжо не планую ўздымаць палітычныя тэмы, а больш этнічныя, народныя, можа я пайду ў тэматыку беларускага арнамента.

Поўную размову з Аленай Грыбянчук слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.