19 верасня ў Варшаве адбыўся бізнес-форум Belarus Business Harbour 2022. Яго арганізавалі Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой ABBA і цэнтр эканамічных даследаванняў Case Belarus. Адзін з удзельнікаў форуму, прадпрымальнік Аляксей Якубоўскі, падзяліўся з намі сваімі ўражаннямі ад мерапрыемства і распавёў, ці цяжка адкрыць уласную справу ў Польшчы.
Ключавы момант форуму — было запрошана шмат людзей, таму атрымаўся добры нетворкінг. Усяго прысутнічала каля 100 прадстаўнікоў з розных сфер бізнеса — ад вытворчасці да паслуг. Большасць прадпрымальнікаў на такіх мерапрыемствах шукае інвестыцыі для свайго бізнеса, але форумы прыцягваюць не толькі бізнесоўцаў — на іх могуць прысутнічаць юрысты, мэнэджэры, кансультанты і іншыя патэнцыйна карысныя кантакты.
“На такіх мерапрыемствах абмяркоўваюцца розныя пытанні ад бізнесоўцаў, якія пераехалі. Ва ўсіх жа праблемы, вось ты прыехаў, а што рабіць, а якая форма ўласнасці, а як тут працаваць увогуле… Тут спецыфіка бізнеса шмат у чым іншая, болей свабод, дзяржава не перашкаджае працаваць. Мне здаецца, што беларусу, які трапляе ў свабоднае наваколле, звычайна цяжка гэта зразумець, і ён не ведае, што рабіць. У нас жа ўсё па-іншаму, у нас жа нічога нельга. Тут тэндэры сапраўдныя — я магу ўпэўнена сказаць, што ў Беларусі ніколі сумленных тэндэраў не было”.
Бізнес Аляксея Якубоўскага — САПР, праграмнае забеспячэнне для аўтаматызацыі вытворчасці металаканструкцый. Аляксей скончыў БДУІР. Сярод яго знаёмых было шмат уладальнікаў падобных прадпрыемстваў, у якіх не было спецыялізаваных праграм. Так у бізнесоўца з’явілася думка распрацаваць уласны прадукт. Маленькая каманда размяшчалася ў Брэсце. Шмат чаго будавалася на энтузіазме: ад пачатку працы да першых дывідэндаў прайшло тры гады.
“Да 2014 года было ўсё добра: сядзіш, працуеш, рэгулярна купляюць копіі тваіх праграм. А потым як грынуў гром… Я быў не гатовы да 2014 года, да гэтай сітуацыі з Крымам. У нас быў расійскаарыентаваны бізнес, да 90% нашых кліентаў былі з Расіі, і пасля 2014 фактычна мы страцілі кліентуру. Калі ты маеш праўкраінскія погляды ў Беларусі, табе будзе вельмі цяжка, і гэта тычыцца не толькі бізнеса”.
У 2014 Аляксей пачаў адкрыта ахвяраваць грошы ЗСУ. Гэта многім не спадабалася: шмат якія беларускія бізнесы займаюць прарасійскую пазіцыю. Так сталася і з партнёрамі Якубоўскага, якія былі цесна звязаныя з беларускімі дзяржструктурамі. Спачатку яму проста перашкаджалі працаваць, пазней прынеслі дагавор аб перадачы маёмасці, выплацілі нейкую сімвалічную суму і далі з’ехаць. Так у 2017 Аляксей апынуўся ў Польшчы, пачынаючы з нуля: ён не ведаў нават мовы, але хутка ўвайшоў у польскамоўную суполку і ўжо праз пару месяцаў мог сказаць нешта па-польску.
Менавіта з вывучэння мовы бізнесовец раіць пачынаць свой шлях у Польшчы — трапіць у адпаведнае кам’юніці як мага хутчэй, выйсці на працу і пачаць размаўляць.
Аляксей адзначае, што ў Польшчы хапае бюракратыі, але пры тым шмат сервісаў працуе ў анлайн-фармаце, і можна нават адкрыць фірму, не выходзячы з дому. Што тычыцца праверак, то за гэтыя гады да яго не прыйшла ніводная: Якубоўскі ўпэўнены, што бізнес у Польшчы правяраюць, толькі калі ён пачынае адкрыта парушаць закон.
У Польшчы клімат для бізнеса больш спрыяльны, дзяржава не перашкаджае весці справы, суды працуюць як мусяць. У Беларусі жа зараз увогуле небяспечна знаходзіцца, таму бізнесовец раіць выязджаць за мяжу і спрабаваць распачаць сваю справу там. Акрамя мовы, трэба наведваць мерапрыемствы для бізнеса накшталт форуму ABBA, знайсці для свайго бізнеса бухгалтара — зараз у Польшчы не праблема сустрэць руска-, украінска- ці беларускамоўнага спецыяліста — развіваць сетку кантактаў і не баяцца рухацца наперад, мяркуе Аляксей Якубоўскі.
Comments are closed.