Беларускі моладзевы хаб у Варшаве хутка адрэагаваў на навіну аб прысваенні Нобелеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму: адмысловае мерапрыемства было арганізавана ў хабе ўвечары ў той жа дзень. Наведвальнікі мерапрыемства мелі магчымасць паглядзець фільм пра гісторыю праваабарончага цэнтру «Вясна», паслухаць прамовы сяброў і паплечнікаў лаўрэата, а таксама музыку дудароў.
Адна з кіраўніц Беларускага моладзевага хаба, суарганізатарка мерапрыемства Стася Гліннік адзначае, што гэтая навіна стала добрай нагодай, каб беларусы маглі сабрацца і разам справіць свята:
«Зараз не так шмат падзей, якія беларусы могуць святкаваць. Гэтая прэмія — сігнал усім беларусам, што захад нас яшчэ падтрымлівае.»
Зміцер Салаўёў мяркуе, што прысваенне Бяляцкаму прэміі вяртае беларускую павестку ў сусветную інфармацыйную прастору і прыцягвае міжнародную ўвагу да праблем унутры краіны:
«Калі ўзнагароджваецца праваабаронца, гэта сведчыць аб тым, што ў краіне ёсць праблемы з правамі чалавека. Мы можам паказаць усяму свету на прыкладзе Алеся Бяляцкага, што адукаваныя людзі, якія займаюцца грамадскай дзейнасцю, з’яўляюцца палітычнымі зняволенымі, што людзей саджаюць у турму па сфальсіфікаваных справах. Акрамя таго, прысваенне прэміі Алесю Бяляцкаму дае магчымасць падняць на міжнародным узроўні пытанне небяспекі для незалежнасці Беларусі.»
Вячаслаў Сіўчык пагаджаецца, што гэтая падзея мусіць пасунуць з месца пытанне палітычнага пераследу ў Беларусі. Таксама Вячаслаў пракаментаваў заяву дарадцы Прэзідэнта Украіны Міхаіла Падаляка, які негатыўна выказаўся наконт таго, што прэмію атрымаў беларус:
«Тое, што Алесь Бяляцкі атрымаў Нобелеўскую прэмію, азначае, што тэму беларускіх палітвязняў немагчыма будзе пахаваць, як спадзяваліся некаторыя ў Маскве і ў лукашэнкаўскай адміністрацыі. Рэакцыя ўкраінцаў тлумачыцца псіхалагічна, з іншага боку, у сеціве працуе расейская агентура, распальваючы нянавісць. Заява Падаляка сведчыць аб яго асабістай слабасці як дзяржаўнага чыноўніка і можа быць спробай апраўдацца за ягоную дзейнасць у Беларусі, на той момант даволі прарасейскую пры антылукашэнкаўскай пазіцыі.»
Фота: Беларускі моладзевы хаб.
Comments are closed.