Loading

Язэп Драздовіч – адна з найбольш загадкавых персон беларускай культуры і мастацтва. Сапраўдны герой нацыянальнага адраджэння, ён быў таленавітым скульптарам, выдатным пісьменнікам, паэтам, настаўнікам, этнографам, фалькларыстам, філосафам, хірамантам, археолагам, астраномам і, канечне, мастаком. Пра яго жывапісныя работы нам распавяла мастацтвазнаўца Вольга Архіпава.

1. Пагоня

1921. Палатно, алей. 73х63. З калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

Гэта вельмі алегарычны, шматмоўны твор. У яго ёсць яшчэ адна назва – «Пагоня Ярылы». Пагоня сонца, якое праганяе цемру. Замест мяча ў руках вершніка – факел, агонь. Для Драздовіча гэта быў сімвал асветы, якая і выводзіць чалавека з цемры. Самае загадкавае ў гэтай карціне – выявы задняга плану. Цудоўны горад (некаторым у яго абрысах бачыцца Вільня) прытуліўся ў засені крывава-чырвонага гмаху. А вось на першым плане мы бачым крыж з надпісам на лацінскай мове. «VIVAT ALBARUSSIA LIBERTA», што ў перакладзе можа гучаць як «Жыве Беларусь».

2. Званы. Усяслаў Полацкі сядзіць у турме пад палатамі кіеўскага князя

1923. Кардон, алей. 32,3х25,8. З калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь

Мастацтвазнаўцы мяркуюць, што гэты невялічкі твор з’яўляецца эскізам для вялікага жывапіснага палатна, якое, магчыма, і не існуе. Язэп Драздовіч не аднойчы ў сваіх работах звяртаўся да гісторыі Полаччыны. Гісторыя была адной з навук, якую ён дасканала вывучаў і з вялікім захапленнем распавядаў нам пра яе.

3. Астран-абсерваторыя з квадрантам на кольцы Сатурна

1931. Палатно, алей. 49,5х61. З калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь

Вельмі яскравы і запамінальны твор, які нарадзіўся праз захапленне астралогіяй. Язэп Драздовіч чытаў на гэтую тэму вельмі шмат навуковай літаратуры, напісаў кнігу «Нябесныя бегі». Больш за тое, мастак валодаў дарам яснабачання і рабіў у сне сомнамбулічныя вандроўкі. Творца быў перакананы, што мусіць паказаць нам загадкавы касмічны свет. «Астран-абсерватьрыя» – вельмі яскравы прыклад таго, як Язэп Дразовіч займаўся вывучэннем жыцця на іншых планетах.

4. Трывеж

1932–1933. З серыі «Жыццё на Месяцы». Палатно, алей. 61х101. З калекцыі Музея старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

Вельмі шмат твораў Язэпа Драздовіча прысвечаны жыццю на Месяцы. Для яго гэта быў іншы свет і разам з тым нейкі блізкі, падобны. Драздовіч казаў, што калі людзі прыляцяць на Месяц, то там прыжвуцца беларускія расліны.

Трывеж – вельмі цікавы твор. На яго адвароце ёсць падрабязны надпіс, што мы бачым: «Панарама горадаТрывежа з ягонымі ваколіцамі над Верхнім і Ніжнім азёрамі Чалом на Маладзіковай краіне хвойнікавых пальм, між т. зв. Марамі Нектару і Урадлівасці на поўдзень ад скрозь горнага пралому Трывежскага чыгункавага шляху на Аўрыю і Арыяпаль… ».

5. Аўтапартрэт

1943 г. Палатно, алей. 65,5 х 65,5 см.

Язэп Драздовіч намаляваў сябе ў 3 постацях. Гэта мастак, які назірае за светам. Астраном, які з кнігай вывучае Сатурн, і Драздовіч-гісторык, археолаг, вечны вандроўнік. Дарэчы, вандраваў ён пераважна па Беларусі. Улёбным краем была Глыбоччына, Віцебшчына, дзе Драздовіч акрамя ўсяго збіраў фальклор. Вынікі яго пошукаў – гэта бясцэнныя крыніцы ведаў і натхнення для нас, сучаснікаў.

Аўдыёверсію падкаста «Топ-5» слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.