Loading

У канцы кастрычніка ўвагу беларускай інфармацыйнай прасторы прыцягнулі паведамленні пра тое, што двух маладых беларускіх дабраахвотнікаў, якія нібыта не прайшлі праверку Службы Бяспекі Украіны гэтая служба вырашыла дэпартаваць з Украіны. Былі таксама абвінавачванні, што нехта з іх падазраваўся ў сувязях з беларускім КДБ. Пазней высветлілася, што адным з гэтых хлопцаў быў былы 18-гадовы палітзняволены Ціхан Клюкач, а асобу другога грамадства не ведала, здагадваючыся толькі пра ягоны пазыўны – Карыч. На адным з відэа, якое трапіла ў сеціва, ён прысутнічаў у балаклаве і не называўся. І вось зараз ён вырашыў упершыню надаць галоснасці сваёй гісторыі і раскрыць сваю асобу. Такім чынам – гэта Яўген Каранкевіч, які распавёў нам сваю гісторыю.

Я – Яўген Каранкевіч з пазыўным Карыч, і я сапраўды з’яўляюся адным з тых хлопцаў, якіх зараз дэпартуюць. Я збіраўся далучыцца да палка «Пагоня», да атраду аэравыведкі, які збіраўся ехаць на ўкраінскі фронт, каб абараняць Украіну ад расійскай агрэсіі.

Я быў затрыманы Камітэтам дзяржаўнай бяспекі ў Беларусі. Ад яго я паспяхова з’ехаў, паабяцаўшы, што буду супрацоўнічаць з імі, але фактычна супрацу не вёў. Аб тым адразу ж паведаміў у польскія спецыяльныя службы па прыездзе ў Польшчу. Потым, калі я ехаў у нашу падрыхтоўчую базу аэравыведкі, на гэтай базе адразу таксама паведаміў, што была спроба завербаваць. І, калі мы прыехалі ва Украіну, мяне таксама пыталі пра гэта. Дакладней, падчас праверкі, я ў першую чаргу растлумачыў СБУ, што я быў затрыманы КДБ і была спроба мяне завербаваць.

Фота: асабісты архіў героя.

Ці можаш ты ўдакладніць, якім чынам гэтая спроба адбывалася?

Гэта адбылося так, што да мяне а 7-й гадзіне раніцы прыйшлі агенты, прадставіліся, зрабілі вобшук, папрасілі тэлефон, я паспрабаваў выдаліць Тэлеграм, яны мяне за гэта закавалі ў кайданкі. Знайшлі ў тэлефоне на Тэлеграме вялікую колькасць розных матэрыялаў, такіх змагарскіх. І, уласна, праз іх мне свяціў вялікі тэрмін. І, каб яго пазбегнуць я пагадзіўся з імі супрацоўнічаць. Я нічога не падпісваў, гэта была выключна вусная, не пісьмовая ўгода. І яны мяне адпусцілі праз тыдзень, праверыўшы маю тэхніку, спытаўшы некаторыя пытанні. І я, уласна, паехаў у Польшчу, дзе да гэтага паўтара года вучыўся на праграміста.

І ты праходзіў навучанне на гэтай базе, а потым патрапіў у падраздзяленне аэравыведкі палка «Пагоня»?

Так. Уласна, так і было. І мы з нашай групай паехалі ў бок Украіны. Там усё прайшлі, і вось прайшоў месяц нашага чакання, са мной скантактаваліся супрацоўнікі СБУ. 6 верасня яны папрасілі мяне прыехаць да іх. Я прайшоў поўную праверку ў іх – праверку звычайную, я ім расказаў усё, праверку на «Паліграфе». І быў адпушчаны, вяртаўся да атраду. Потым, праз палову месяца, увесь астатні атрад прайшоў гэты «Паліграф» і мяне выклікалі пасля ўсіх яшчэ на адну размову, якая цягнулася недзе 20 хвілінаў. І на гэтай размове мне сказалі (цытую): «Мы не видим признаков, что Вас завербовали в КГБ. Судя по Вашим ответам на «Полиграфе», Вы не получили своего позывного, Вы не получили денежного вознаграждения, Вы не подписывали какого-то соглашения, и, соответственно, Вы не являетесь завербованным внештатным агентом КГБ».

Я вяртаўся да свайго размяшчэння, дзе мы знаходзіліся з нашым атрадам, і мяне ніхто не затрымаў, прайшла палова месяца з праверкі і я быў на волі. Пасля гэтага мы чамусьці яшчэ чакалі. Была нейкая праверка яшчэ, і тут нам патэлефанаваў агент з іншага аддзелу Службы Бяспекі Украіны і папрасіў мяне з Ціханам Клюкачом (Францам) прынесці яму пашпарты.

А з гэтым агентам я быў ужо знаёмы, таму што ён прасіў мяне патэлефанаваць «майму» прадстаўніку КДБ і прасіў запісаць гэтую размову. Я так і зрабіў, я яму выслаў гэтую размову. Такіх размоваў было яшчэ дзве, то бок – тры ў суме. І, уласна, пасля гэтага ад яго аніякага кантакту не было.

У выніку праз паўтара тыдня нам з Ціханам Клюкачом вярнулі пашпарты, а там быў штамп аб дэпартацыі. Нам абгрунтавалі, што нам няма 21 года і праз гэта, нібыта, ва Узброеныя Сілы Украіны не возьмуць. Хаця, гэта, нейкая надуманая прычына.

Мы спачатку звярталіся да нашага сябра Міколы Сікорскага. Некаторыя кажуць, што гэта ён нас да сябе зацягнуў, хаця, фактычна, гэта мы самі да яго звярталіся, таму што ведалі, што ён можа неяк дапамагчы. Ён нам рэальна дапамагаў, мы ў яго некаторы перыяд жылі.

І потым мы скантактаваліся з блогерам «Асцярожна, Вірус», які нам вельмі шмат дапамагаў. Мы з ім праехалі ад Львова да Малдовы. На малдоўскай мяжы нас развярнулі малдоўскія спецслужбы. Мы з Малдовы праехалі да Славакіі. На славацкай мяжы нас не пусцілі ўкраінцы, і са славацкай мяжы мы на машыне Віруса праехалі да мяжы Украіна-Польшча. Спачатку мы паехалі на пункт Будомеж, дзе нас 23 кастрычніка не прапусцілі. Мы папрасілі прытулак, але нам пагражалі гвалтам, што, кшталту, мы вас паб’ем, калі не сыйдзеце з нашай мяжы. Хаця, ніякай пісьмовай заявы не было аб тым, што нам не дазволена атрымліваць статус уцекача, толькі вусная. Мы на папутцы паехалі ў памежны пункт Медыка, дзе тая самая сітуацыя адбылася. Нас памежнікі не пусцілі, не далі нам статуса ўцекача. У нас проста пратэрмінаваныя польскія візы былі. І мы ў адчаі вярталіся з Вірусам да Львова. Вірус нам дапамог зрабіць запыт у суд, каб адцягнуць нашу дэпартацыю і магчыма, нават, выйграць суд і цалкам яе скасаваць.

Фота: асабісты архіў героя.

Яшчэ мы кантактавалі з панам Апейкіным. Яму Сахашчык загадаў даць нам грошы на праезд, на пражыванне і на атрыманне візы ў Малдове. Было на дваіх нас вылучана 850 злотых. Гэта 200 даляраў. Ну ўявіце сабе: даехаць з Кіева да Кішынёва, там пражыць яшчэ месяц, за візу аддаць. Гэта зусім не тыя грошы. Больш за тое, Апейкін не хацеў нам тыя грошы даваць, хаця Сахашчык яго папрасіў.

Дарэчы кажучы, пра Сахашчыка. Ён увесь час з намі падтрымліваў кантакт з самой мяжы з Польшчай. Ён адзіны, хто гэта рабіў, фактычна, адзіны, хто нам дапамагаў. Пару разоў мы кантактавалі з іншымі асобамі. Як яшчэ я даведаўся потым, аб нас клапаціўся і думаў нас камандзір групы аэравыведкі Сенат.

Пасля таго, як мы падаліся ў суд, нам з дапамогай Віруса знайшлі адваката Сэргія Крыжаніўськага, які цалкам бясплатна дапамог нам у нашай справе. Ён зараз [разам] з намі судзіцца, падае патрэбныя дакументы. Мы яму ўдзячныя.

Зараз у нас з Ціханам асноўны план – гэта чакаць на добрае рашэнне суда і паехаць далей на фронт.

Фота: асабісты архіў героя.

Цалкам размову з Яўгенам Каранкевічам слухайце ў плэеры ніжэй:

 

Падпісвайцеся на наш тэлеграм t.me/radiounetfm

Comments are closed.