Loading

Ад самага пачатку паўнамаштабнага ўварвання расійцаў ва Украіну 24 лютага 2022 года на абарону Украіны паўсталі дзясяткі беларусаў. Ужо пазней да іх далучыліся сотні нашых суграмадзян, былі створаныя полк імя Кастуся Каліноўскага і іншыя беларускія падраздзяленні. Сёння беларускія вайскоўцы ў самых гарачых пунктах расійска-ўкраінскага фронту абараняюць Украіну і свабоду ўсяе Еўропы.

Пра тое, як апынуўся ва Украіне, як сустрэў вайну і што яго зараз найбольш непакоіць мы паразмаўлялі з адным з ваяроў батальёна Волат палка імя Кастуся Каліноўскага Аляксеем Вайцяховічам з пазыўным «Оскар».

— У кастрычніку 2020 года на вуліцы Арлоўскай у Мінску мяне затрымалі, збілі, рассеклі галаву, прысудзілі 15 содняў арышту і адправілі ў Жодзіна. Пасля таго, як я іх адседзеў, спачатку прэтэнзіяў да мяне не было. Але потым мне мой знаёмы, з якім я пазнаёміўся ў Жодзіне, які, дарэчы, таксама з намі ваюе – нядаўна далучыўся да нас, напісаў мне, каб я быў асцярожным, сказаў, што, магчыма, і да мяне прыдуць, бо да яго прыйшлі, зладзілі ператрус і ён тады ўжо выехаў ва Украіну.

Я тады сур’ёзна ягоныя словы не ўспрыняў. Але бліжэй да Новага году мне патэлефанавалі і сказалі, што мне трэба прыехаць у Следчы камітэт, бо я зʼяўляюся сведкам у крымінальнай справе. Я паразмаўляў са сваімі сябрамі, знаёмымі. Яны параілі мне з гэтым не гуляцца і, усё ж такі зʼехаць. І я пагадзіўся з імі. Я купіў сабе квіток на самалёт, прыляцеў ва Украіну. І ўжо дзесьці праз тыдзень мне патэлефанавала маці і сказала, што прыйшла позва ў Следчы камітэт аднаго з раёнаў Мінску ўжо ў якасці падазраванага ў крымінальнай справе, і мне пагражала да 7 гадоў пазбаўлення волі.

— Калі ты далучыўся да беларускіх падраздзяленняў?

— Як вайна пачалася, мы сабраліся сваёй кампаніяй – гэта я, «Ваўкалак», «Тромблі» і «Альгерд», і мы вырашылі, што мы пойдзем абараняць Украіну ў любым выпадку. Таму што гэта ёсць для нас вялікая магчымасць для таго, каб у будучыні вызваліць Беларусь.

Я з 21-га года жыў у Кіеве. І першы дзень вайны я сустрэў таксама ў Кіеве. Я прачнуўся недзе а 5-й раніцы праз тое, што мне патэлефанаваў «Ваўкалак» і сказаў, што пачалася вайна. І я як раз чуў, як за вокнамі адбываюцца выбухі. Гэта левы бераг Кіева.

— Ці ведалі вы куды кідацца? Што вы рабілі?

— Па-першае, як вайна пачалася, мы сабраліся ўсе разам і пачалі думаць, шукаць, дзе можна запісацца хаця б у тэрабарону, дзе можна атрымаць зброю і паехаць ваяваць. Мы на наступны дзень ужо вырушылі на іпадром, таму што мы ведалі, што там выдаюць зброю. Мы прыехалі туды раніцай і прастаялі там 7 гадзін да вечара, пакуль перад намі было недзе 4 чалавекі і вайсковец, які раздаваў зброю, проста паставіў перад фактам, што скончыліся набоі, зброю больш не выдаем, прыходзьце заўтра.

Мы паспрабавалі вярнуцца назад дадому, але метро тады не працавала, плюс – у нас былі беларускія пашпарты, і ў нас былі праблемы з паліцыяй – нас некалькі разоў спынялі, але ўсё добра вырашалася. На наступны дзень мы хацелі зноў вырушыць на іпадром, каб, усё ж, атрымаць зброю. Але на шляху нас зноў затрымала паліцыя, таму што мы выглядалі падазрона, бо былі ў вайсковым (адзенні), якое ў нас было, бо мы разлічвалі, што ўжо атрымаем зброю і паедзем. Але ў выніку нас выпусцілі.

Пасля пачалася доўгая каменданцкая гадзіна, якая доўжылася 2,5 дні, цераз што мы вымушаны былі праседзець гэтыя 2,5 дні ва ўкрыцці. Пасля чаго мы знайшлі чалавека, які пагадзіўся нас на машыне адвезці на АТЕК – базу «Азова», дзе мы ўжо запісаліся ў ТРА «Азова». Адтуль нас Ян «Беларус» прыехаў і забраў да сябе, дзе тады «Брэст», «Волат», Ян, «Ёрык» пачалі фармаваць беларускую роту пры «Азове». І адтуль мы ўжо пачалі фармавацца, развівацца і гэтак далей.

— Калі прыходзілі звесткі, што таго не стала, той знік, а потым высвятлялася чаму знік, як гэта ўспрымалася ў падраздзяленні?

Калі гэта было з «Брэстам» спачатку не было зразумела, што ўвогуле з імі адбылося, бо з імі знікла сувязь. Апошні, хто з іх выходзіў на сувязь, гэта быў «Тромблі» і ён казаў, што не можа даць каардынаты, дзе ён знаходзіцца, бо планшэт з мапай быў у «Брэста», а «Тромблі» не ведаў паролю ад яго. Ён спрабаваў патлумачыць, дзякуючы арыенцірам, што ён вакол сябе бачыць, дзе ён знаходзіцца. Але, калі мы больш-менш пачалі валодаць інфармацыяй, то стала зразумела, што хлопцы тады патрапілі проста ў кальцо, і туды ўжо ніяк немагчыма прабрацца, толькі з боем.

Калі да нас прыйшла інфармацыя, што там невядома што з хлопцамі – магчыма, яны ўсе 200, магчыма яны там дзесьці хаваюцца, магчыма ім патрэбна дапамога, эвакуацыя – мы не валодалі інфой у якім яны стане, але большасць батальёну тады вырашыла, усё ж такі, пайсці іх, так бы мовіць, ратаваць. Але потым расійскія тэлеграм-каналы пачалі посціць фота нашых загінулых, на якіх мы пазналі нашых хлопцаў – «Брэста», «Атама», «Папіка», «Сябро». І, скажам так, тады наша мараль крыху панізілася. І некаторыя хлопцы тады пакінулі батальён і полк, бо шмат хто ішоў у «Волат» праз «Брэста». Бо «Брэст» быў сапраўды моцным камандзірам, выдатным лідарам, які мог весці за сабой людзей, які клапаціўся пра сваіх байцоў болей, чым нават пра сваё жыццё.

Потым ужо расійскія тэлеграм-каналы зрабілі пасты – бралі, так бы мовіць, інтэрв’ю ў нашых хлопцаў – «Кляшча» і «Тромблі», дзе стала зразумела, што яны ў палоне і трэба іх неяк вызваляць.

На жаль, як бы мы не плакалі, што б мы не казалі пра нашых загінулых, іх ужо гэта не верне. А вось з нашымі палоннымі… Пра іх трэба размаўляць і намагацца зрабіць усё, каб іх выцягнуць. Бо хлопцы знаходзяцца ў нечалавечых умовах. Я думаю, што, нават, калі яны дагэтуль жывыя, то доўга яны трымацца так не змогуць. Мы бачылі, якімі выходзілі з маскоўскага палону абаронцы Марыупаля. І цяжка ўявіць, у якіх умовах утрымліваюцца нашы хлопцы і ці жывыя яны дагэтуль.

— Ці ёсць увогуле нейкая інфармацыя пра гэтых хлопцаў?

—На жаль, расійцы не даюць ніякай інфармацыі аб нашых хлопцах. Яны іх не дадаюць у спісы на абмены і ў прынцыпе нічога не кажуць пра іхні стан. Мы на гэты момант можам толькі гадаць і спрабаваць выцягнуць з іх якую-небудзь інфармацыю. Калі яны загінулі – хаця б забраць іхнія целы.

— Ты ўзгадваў, што хлопцы, якія былі ў палоне, нехта з іх перакрыжоўваўся там з імі…

— Так-так! Азоўцы, якія таксама былі ў палоне і бачылі нашых беларускіх хлопцаў, расказвалі, што да іх там асаблівае стаўленне, з іх там здзекваюцца, іх там катуюць, амаль не кормяць. І цяжка ўявіць, наколькі доўга ў такіх умовах можа пратрымацца чалавек.

— Якія б ты вылучыў аперацыі ці напрамкі, дзе ты браў удзел?

— Севераданецк. Пасля аперацыі на Лазавым, адкуль мы выйшлі амаль без стратаў, у нас было толькі два параненых – гэта «Ваўкалак», які тады атрымаў моцную кантузію, і яшчэ адзін баец, якому тады праз «плітаноску» аскепак заляцеў у жывот і ледзь не заляцеў у лёгкія. Але там усё абышлося, і з той задачы мы ўсе выйшлі здаровымі. І тады ў нас быў моцны маральны ўздым, мы пачалі адчуваць, што, дзякуючы «Брэсту», мы можам ісці на любыя задачы і выходзіць без страт.

Цалкам размову з Аляксеем «Оскарам» Вайцяховічам слухайце ў плэеры ніжэй:

Comments are closed.