Пасля падзей 2020 года шмат беларусаў апынуліся ў розных краінах і пачалі ў іх асімілявацца. Герой гэтай гісторыі нават цалкам перайшоў на ўкраінскую мову не толькі, каб лягчэй паразумецца ва Украіне, дзе жыве, але і каб падтрымаць Украіну ў яе супрацьстаянні «рускаму міру» і войску. Наш герой пажадаў не называць сваё імя з мэтаў бяспекі, бо ў Беларусі засталіся родныя, якіх ён не хоча падвяргаць рызыку.
Гiсторыя пераезду з Беларусі пачалася яшчэ ў 2018 годзе, калі мужчына вырашыў з’ехаць ва Украіну. Тады спроба легалізацыі там аказалася няўдалай – не хапіла патрэбных дакументаў і падстаў для атрымання віду на жыхарства. Таму давялося вярнуцца ў Беларусь і працягваць працу ў IT-сферы.
Але пасля актыўнага ўдзелу ў пратэстах 2020 года, знаёмыя папярэдзілі, што хутка прыйдуць сілавікі і, калі не хочаш сядзець, тэрмінова збягай. Украіна тады была адным з нямногіх досыць лёгкіх варыянтаў, куды паехаць, не маючы візу. З таго часу Украіна стала для нашага героя другім домам.
Але на гэты раз ён ужо быў падрыхтаваны да бюракратычных працэсаў – зрабіў неабходныя апастылі, даведкі і інш. Спачатку атрымаў часовы ВНЖ на год як валанцёр. Гэта было нескладана. Знайшоў валанцёрскую арганізацыю, якая мае дазвол на прыцягненне іншаземных валанцёраў. Асаблівых падставаў не спатрэбілася, бо валанцёрства было сапраўдным – давялося дапамагаць землякам асвойвацца ва Украіне.
Паралельна з’явілася магчымасць паспрабаваць зрабіць сталы побыт на падставе дзяржаўных квотаў на пэўных спецыялістаў. IT-прафесіі акурат падпадалі пад патрэбы Украіны ў такіх спецыялістах. Нават міністр лічбавай трансфармацыі Украіны Міхайла Фёдараў асабіста быў зацікаўлены ў дапамозе з гэтым беларускім айцішнікам. На той момант каля 19 чалавек сабралі адпаведныя дакументы і падаліся. Дзякуючы супрацоўніку Мінлічбы Аляксандру Кампанійцу, які заняўся прасоўваннем пытання легалізацыі беларускіх айцішнікаў ва Украіне, атрымаць дазвол на пастаяннае жыхарства змаглі досыць хутка – цягам шасці месяцаў. Такім чынам, беларусы сталі рэзідэнтамі Украіны і плацельшчыкамі падаткаў.
Гэтае рэзідэнцтва дапамагло пазней пазбегнуць блакавання картак, якое адбылося з усімі грамадзянамі Беларусі і Расіі на пачатку вайны. У сяброў нашага героя карткі таксама заблакавалі. У некаторых праз гэта пацярпелі не толькі ўласныя рахункі, але і спыніліся бізнесы. Але беларусы ставяцца да гэтага з паразуменнем і спадзяюцца, што пасля вайны ім усё вернуць.
За гэты час пасля ад’езду з Беларусі наш герой пабраўся шлюбам з украінкай. Таму, калі пачалася вайна, яны з жонкай і яе сваякамі прынялі рашэнне ў побытавых стасунках перайсці выключна на ўкраінскую мову. Хаця дагэтуль сям’я была рускамоўная. Але зараз гэта вельмі важна, лічыць мужчына, адмежавацца ад «рускага міра», у тым ліку і па моўнай прыкмеце. Адмыслова ўкраінскую не вывучае, але ва ўсім цалкам адмовіўся ад расейскай. Напрыклад, увесь відэакантэнт, ці літаратуру ўжывае па-ўкраінску.
Ніякага ціску ці нейкага адмоўнага стаўлення да сябе як да беларуса, наш герой ніколі не адчуваў. Ён працуе ва ўкраінскай кампаніі з украінцамі, нідзе не хавае свайго паходжання. Але ніколі ні з боку ўладаў, ні ад простых людзей негатыву не было.
Вяртацца ў Беларусь наш герой не плануе, бо зараз усё ягонае жыццё павязана з Украінай. І пасля вайны ўдзел у эканоміцы краіны будзе не менш важны, чым зараз. Апроч таго, нават ва ўмовах ваенных падзей, каменданцкіх гадзін, сірэнаў і бамбёжак ён пачувае сябе ў большай бяспецы, чым у Беларусі.
Поўную размову слухайце ў плэеры ніжэй.
Comments are closed.