Loading

18 студзеня ў варшаўскай галерэі Promocyjna адкрылася выстава «209 дзён шэрага» і адбыўся перформанс «Воін кахання» мастачкі Ташы Кацубы. Гэтыя праекты – а па сутнасці, асабістыя гісторыі – нараджаліся ў няпростыя, а нават і драматычныя моманты жыцця нашай госці.

Фота з асабістага архіва гераіні.

Таша, у Варшаву вы прыехалі з Гданьску. Там знаходзіцеся пасля таго, як мусілі выехаць з Украіны… Натхняе горад?

Я памятаю свае апошнія дні ў Кіеве, я адчувала сябе максімальна разбіта. Але мяне выратавалі словы маёй куратаркі: «Таша – ты не адна, прыязджай, мы цябе чакаем у Гданьску». І я да сёння памятаю яе словы. Калі б яна мне не напісала, я б засталася ў Варшаве, але гэты горад моцна выцягвае энергію. А Гданьск вельмі спакойны, прыгожы, адносна невялікі горад. І там ёсць мора!

Ёсць людзі пра мора ці горы, а яшчэ – пра горад або малыя мястэчкі. Дзе Вам утульней?

Я вырасла ў вёсцы, на Палессі, потым 8 гадоў жыла ў Мінску, там працавала і вучылася. А пасля пратэстаў раптоўна вырашыла вярнуцца. І гэта было лепшае, што можна было зрабіць. Я правяла ў вёсцы паўгады, дзе былі толькі лес, рака, дом, бацькі і творчасць. І тады быццам бы ўсё лішняе сышло і засталося толькі неабходнае мне. 

Як вы адчувалі сябе падчас перформансу «Воін кахання»? Для вас гэта першы такі досвед…

Уся падрыхтоўка да перформанса была вельмі складанай. У апошнія дні ва Украіне я зразумела, як мяне ўсё дастала. Гэта была нейкая злосць з сумам, і нешта яшчэ такое… жаноцкае. 

Я падумала, што хачу зрабіць вобраз моцнай ваяўнічай жанчыны, і нарадзіўся чырвоны вобраз. Мне захацелася пафарбаваць валасы ў чырвоны колер, хадзіць на чырвоных абцасах у чырвонай сукенцы з чырвонай памадай на вуснах. 

Ці атрымліваецца ў Польшчы жыць з мастацтва?

Так, мне вельмі пашчасціла. Людзі мяне самі знаходзяць і прапаноўваюць сумесную працу. Але наконт гэтага было шмат трывог, бо тут больш дарагое жыццё. Я ўжо рыхтавалася ісці працаваць у Бедронку.

Зараз я вучуся на праграме Каліноўскага, вучу польскую мову і пасля збіраюся паступаць у магістратуру ў Акадэмію мастацтва.

Эміграцыя, а тым больш незапланаваная, гэта заўсёды вялікі стрэс, а часамі і драма. Але як паказвае жыццё, нават руіны могуць стаць глебай для нараджэння чагосьці новага і добрага. Якія магчымасці для вас тут адкрываюцца?

З аднаго боку, тут «акно ў Еўропу». Але я пакуль не разумею, што я тут раблю і што буду рабіць. Не магу рэальна ацаніць, што са мной адбываецца. Быццам бы я знаходжуся асобна ад свайго цела. Маё цела знаходзіцца ў Польшчы і нешта робіць, а мая свядомасць у іншым месцы. Зараз я намагаюся гэта ўсё аб’яднаць.

Таша, у снах вы бачыце дом?

Так, мне часта сніцца мая вёска, мой дом. Нядаўна мне ўпершыню прысніўся кашмар, пра вёску. Так было жахліва, я не магла свабодна выказвацца. І гэта было галоўнае, чаму я з’ехала.

Comments are closed.