Беларуская блогерка і валанцёрка, якую многія ведаюць пад нікам Хэлен Мінская, нядаўна заснавала ва Украіне дабрачынны фонд для дапамогі Узброеным сілам Украіны. Але ад самых першых гадзін па пачатку паўнамаштабнага ўварвання расійскіх агрэсараў ва Украіну і ракетных абстрэлаў украінскіх гарадоў Хелен удзельнічае ў дапамозе Украіне і ўкраінцам. Яна распавяла нашаму радыё пра тое, як ёй удалося згуртаваць беларусаў з розных краінаў свету на дапамогу Украіне, якія справы яна з паплечнікамі робіць і як гэта ўспрымаецца ўкраінцамі.
24 лютага а пятай ранку, мне падаецца, ускалыхнулася ўся Украіна. Тыя людзі, якія знаходзіліся тут, сустрэлі свой ранак з выбухаў па Кіеву. Шчыра кажу, у першыя гадзіны мы, напэўна, ужо разумелі, што патрэбна быць вельмі аператыўнымі. Часу асэнсаваць, што адбылося ў нас не было, таму, што нас пачалі забіваць. І ўжо ў першыя гадзіны мы дзесьці ў падвалах бадзяжылі «кактэйлі Молатава», чакалі зброю і магчымасці неяк сябе абараняць. Літаральна ўсе ўкраінцы свой ранак пачалі вось так.
Мы працавалі з дыяспарамі даволі такі доўга. Перад гэтым былі нашыя ўцекачы, якім патрэбна была дапамога і ў нас былі пэўныя сувязі. І я шчыра кажу, я вельмі ўдзячная тым дыяспарам, якія адгукнуліся літаральна імгненна на тую бяду, якая прыйшла ва Украіну. Сапраўды, беларусы адны з першых са свету адрэагавалі, таму што беларусы разумелі, якая зараз будзе неймаверная падтрымка патрэбна. Згуртаваліся мы ўжо ў вайне. І я вельмі радая, што зараз далучаюцца і новыя краіны, з якімі мы яшчэ не працавалі.
Увесь гэты час мы не проста камунікавалі паміж сабой, не проста атрымлівалі дапамогу. Мы абменьваліся досведам. І гэта вельмі карысная рэч. І мабыць гэта найгалоўнейшае ёсць, таму што без гэтых сувязяў, я мяркую, што не толькі беларусам было б туга, але і ўсёй Украіне. І дзякуючы, мабыць, такой працы, стаўленне на сённяшні дзень да беларусаў не тое, якое бы магло быць. Не магу сказаць, што нас вельмі холяць і лілеяць, але тым не менш, ганенняў альбо абразаў на свой адрас мы не чуем. Таксама гэта вельмі добра дэманструюць нашыя падраздзяленні. Гэта не толькі «каліноўцы», я нагадаю, што ва Украіне зараз як мінімум пяць падраздзяленняў беларусаў, якія ваююць на баку светлых.
На сённяшні дзень мы ўжо маем фонд, на мэце якога згуртаванне беларусаў вакол гэтай бяды і ў кожнага беларуса з’яўляецца магчымасць зрабіць невялічкі ўнёсак у Перамогу. Зразумела, што для нас, для беларусаў, гэтая гісторыя ва Украіне не скончыцца, таму што баліць нам вельмі моцна за Беларусь. А, маючы ўжо такі і баявы досвед у выглядзе нашых ваяроў, і вось такі моцны тыл, які мы зараз ужо напрацавалі і працягваем рабіць, я думаю, што ў нас вельмі вялікі шанец, каб вызваліць якасна Беларусь з мінімальнымі стратамі сярод нашых ваяроў.
Насамрэч дапамога можа выглядаць па-рознаму. Мы пачыналі з таго, што мы прасілі ў нашай чэшскай каманды бінты, таму што ў нас залівалі Кіеўскую вобласць крывёю, у шпіталях не хапала элементарных рэчаў – шпрыцы, перавязачныя матэрыялы. І дыяспары насамрэч пачыналі з таго, што ратавалі жыцці тымі матэрыяламі, якія ў нас немагчыма было набыць – мы прыходзілі ў аптэкі, а нам казалі «Прабачце, але сёння бінтоў не прывезлі». І дыяспары першыя месяцы накіравалі ўсю ўвагу на ратавальныя сродкі – турнікеты, бандажы, бінты, пластыр. І мы маглі забяспечыць і цывільнае насельніцтва і нашых ваяроў вельмі якаснымі рэчамі.
Далей, калі мы крыху пазакрывалі пытанні, адыйшла навалач ад Кіеўскай вобласці, мы ўжо перамкнулі сваю ўвагу на экіпіроўку. Бо, напрыклад, мой муж, калі ішоў 25 лютага, у казарме яму выдалі на 52-гі памер два камплекты вопраткі зіму і лета 46-га і 56-га памераў. То бок – выдалі нешта, але яно не адпавядала таму, што мы б хацелі бачыць на нашых байцах. Мы прывозілі сюды абутак, мы прывозілі вопратку, рознага кшталту прылады – прыцэлы (оптыкі вельмі шмат прывезлі, таму што яе моцна не хапала), былі вялікія праблемы з цеплавізарамі, а яны жыццёва неабходныя былі тут, прылады начнога бачання. Гэта ўсё тое, што ў сярэдзіне актыўнай фазы вайны прыцягвала нашу ўвагу.
А зараз мы актыўна падрыхтаваліся да зімы. Па нашых падраздзяленнях 70% зімовай вопраткі зімовага абутку закрылі. І зараз у нас зноў з’яўляецца такое невялічкае вакенца магчымасцяў, калі мы можам заняцца оптыкай, машынамі, дронамі. Мы рэагуем на тыя запыты, якія патрэбныя зараз Узброеным Сілам Украіны. Мы вырашылі крышачку пагрэць нашых беларускіх добраахвотнікаў і накіраваць ім варачныя буржуйкі. Яны іх будуць не толькі грэць, але і дадуць магчымасць прыгатаваць сабе смачную гарачую страву і нашыя хлопцы будуць па магчымасці ў больш камфортных умовах.
Шчыра скажу, што я радая, што большасць беларусаў, якія не могуць браць зброю ў рукі, альбо абмежаваныя ў пэўных пытаннях, з пачаткам вайны з’ехалі з Украіны. Бо іх патрэбна абараняць, а гэта вайсковы рэсурс. Адпаведна, я б хацела звярнуцца да тых беларусаў, якія выехалі. Мы памятаем Бучу, Ірпень, Ворзэль. Кіеўская вобласць – гэта абсалютна беларускі накірунак. Мы нясем адказнасць перад тымі, хто жыве ва Украіне. Беларуская гісторыя паказала, што нашая недапрацоўка каштавала жыццяў чужых грамадзянаў. Таму дапамога ў любым выглядзе – няхай гэта будзе пара шкарпэтак, няхай гэта будзе данат у 10 грывень, няхай гэта будзе паведамленне пра тое, што мы вас бачым, вельмі важна.
Украінцы былі вельмі занятыя сваёй краінай і не бачылі, што адбываецца ў суседзяў. І гэтыя вочы расплюшчыліся з вайной, калі яны пабачылі, што ёсць людзі, якія дапамагаюць, ёсць людзі, якія наадварот ставяцца з агрэсіяй да іх. І яны пачалі размяжоўваць. Гэты працэс заняў пэўны час. І мы змаглі зламаць гэтую сітуацыю і на сённяшні дзень хэйту, нейкіх абразаў, тычкоў няма. Я больш скажу: пачалі вырашацца пытанні беларусаў, да якіх мы 2 гады справабавалі неяк прыцягнуць увагу. І зараз усё больш украінцаў кажуць: «Калі будзе вызваленне Беларусі, мы ідзем разам са сваімі пабрацімамі».
Мы адкрываем у свеце 6 пунткаў збору вайсковай экіпіроўкі. Людзі могуць прынесці любую рэч са спісу, які мы ўзгаднілі з УСУ. Там усе прадстаўнікі Фонду Хелен Мінская. Яны не займаюцца грашовымі зборамі, яны займаюцца выключна рэчавымі зборамі, але яны могуць надаць кансультацыю, параіць якія рэчы лепей набыць. І ўжо ва Украіне мы атрымліваем гэта ўсё і раздаем па падраздзяленнях. У нас ёсць тэлеграм-канал «Благодійний фонд Хелен Мінської», у нас ёсць старонка ў Фэйсбуку, канал на YouTube, адпаведна, калі вы захочаце знайсці мяне, каб паўдзельнічаць у дапамозе, дастаткова ўбіць у пошукавік «Хелен Мінская» – у нас шмат рэсурсаў, бо я блогерка і ўсюды мы стараемся размяшчаць нашыя дадзеныя. Знайсці насамрэч не складана, галоўнае не бяздзейнічаць.
Comments are closed.