Loading

Пра тое, як і дзе будзе праходзіць беларуска-яўрэйскі фестываль і якая ягоная канцэпцыя распавядае заснавальніца Цэнтра беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны Мая Кацнельсон. 

Ідэя вялікага фестывалю, які будзе казаць пра ўзаемасувязь культур (беларускай і яўрэйскай – рэд.), узнікла ў 2019 годзе. Мы хацелі яго правесці ўвесну 2020 года. Здарыўся кавід, мы перанеслі яго на восень 2020 года. Стала яшчэ больш складана. Але мы правялі. Таму што мы верылі, што гэта вельмі важна. 

Мы яго правялі ўвосень 20-га года ў гібрыдным фармаце. Фармат фестывалю сфармаваўся, зыходзячы з тае сітуацыі, у якой мы яго пачыналі. Частка мерапрыемстваў была анлайн – гэта была прэзентацыя праектаў, якія працягваюць жыць і застаюцца дасяжнымі. І нешта мы правялі афлайн у Мінску. Ён быў вельмі папулярным. Асноўную камунікацыю мы вялі ў сацсетках, проста праз адсутнасць ужо ў той час нейкіх іншых варыянтаў. І гэта «стрэліла» – больш за 5 тысяч удзельнікаў было ў першы раз і больш як з 10 краінаў. 

У 2021 годзе мы таксама яго правялі ўвосень у анлайн-фармаце. Было больш за 6 тысяч удзельнікаў. І сёлета вельмі складана было арганізаваць, бо параскідала і каманду ў тым ліку па розных краінах. Але ўсё атрымалася. Мы хацелі падкрэсліць гэтую гісторыю рассейвання. Таму ён праходзіць афлайн у розных гарадах і анлайн дасяжны для ўсіх. 

23 снежня ў двух розных гарадах – Вільні і Варшаве будзе адна і тая ж вечарына, яна прысвечана музычнаму альбому, які выйшаў таксама ў рамках фестывалю летась, ён завецца «Райсн-электронік». Гэта беларуска-яўрэйскія мелодыі, музыка, якую мы збіралі, рабілі калісьці музычны падкаст, а потым прапанавалі сучасным беларускім электронным саўнд-прадусарам пераасэнсаваць і стварыць новыя трэкі на аснове гэтага архіва. 

Адбылася прэзентацыя мультфільма, які створаны Парыжскім ідыш-цэнтрам, і для фестывалю ён упершыню паказаны анлайн, таму што раней ён існаваў у выглядзе такога перформанса і анімацыі. Гэта мультфільм, створаны на аснове знакамітага выдання ідышскай дзіцячай літаратуры «Інгл-Цынгл-Хват» пісьменніка Мані Лейб, ілюстраванага мастаком Эль Лісіцкім. Гэта лічыцца шэдэўрамі мастацтва і літаратуры.

Заўтра выходзіць адмысловы выпуск з Мікітам Монічам і ягоным каналам «Около культуры», прысвечаны яўрэйскім мастакам з Беларусі, віцебскай школе. Гэта будзе невялікая такая серыя. 

Таксама мы выпускаем аўдыя-кнігу «Падарожжа Беньяміна ІІІ». Летась мы выдавалі кнігу папяровую. Гэта першы пераклад на беларускую мову геніяльнага твору беларуска-яўрэйскага пісьменніка Мендэле Мойхер-Сфорыма, які, на жаль, з нашай памяці, з нашай культуры неяк быў выкрэслены і застаецца практычна забытым дагэтуль. Але ён перакладзены амаль на ўсе мовы свету і ў 1930-я гады Дзяржаўны яўрэйскі тэатр паводле гэтае кнігі граў адзін з самых паспяховых сваіх спектакляў. Сёлета ў начытцы Міхаіла Зуя – былога актора Купалаўскага тэатра, выходзіць аўдыяверсія. 

Таксама будзе паказаны спектакль, які паставіў Парыжскі ідыш-цэнтр, ён называецца «Джэйкаб Джэйкабсан» паводле беларускага яўрэйскага пісьменніка Аарона Цэйтліна, якога мы ў большасці таксама наўрад ці ведаем. Але твор геніяльны. Ён быў напісаны ў 1930-м годзе і стаў вельмі прароцкім. Ён прадказаў Другую сусветную вайну і вельмі актуальна гэты спектакль гучыць дагэтуль. 

У чацвер у нас праходзіць афлайн-экскурсія ў Тэль-Авіве. Таму, калі нехта апынуўся ў Ізраілі, то мы запрашаем на экскурсію на тэму беларускага яўрэйства і як беларускае яўрэйства паўплывала на сусветную культуру. У музеі Ану, гэту музей яўрэйскага народу, я думаю. Усім будзе вельмі цікава. Таксама ў нас выходзіць такі адмысловы гайд па месцах беларускіх яўрэеў у Ізраілі разам з 34Travel. Можна будзе пачытаць.

І выйдзе анлайн-гутарка, якую таксама можна будзе пабачыць, пра іміграцыю, пра ідэнтычнасць, пра рассейванне. Мы хацелі паразважаць і паглядзець, як такая глыбокая яўрэйская гісторыя звязана з намі сёння. 

Яшчэ ў нас у Лондане, у беларускай бібліятэцы-музеі імя Францыска Скарыны, запланавана прэзентацыя кнігі. На фестывалі мы робім анонс, а сама прэзентацыя адбудзецца ў Лондане 29 студзеня. Таму тых, хто будзе ў Лондане, запрашаем на сустрэчу з перакладчыкам Паўлам Касцюкевічам і я таксама там буду – крыху распавяду пра цэнтр.

Наш сайт, на якім можна шукаць матэрыялы, называецца, як і фестываль  belarusianjewish.com. Гэтак жа нас можна шукаць і ў сацсетках Фэйсбук і Інстаграм.

Адрозненне нашай арганізацыі ад яўрэйскіх арганізацыяў у тым, што гэта не яўрэйская арганізацыя. Мы пазіцыянуем сябе як культурніцкі цэнтр, які робіць праекты, прысвечаныя Беларусі – мультынацыянальнай культуры. Проста вельмі шмат, насамрэч, звязана з яўрэйскай спадчынай, таму што больш за палову гарадскога насельніцтва ў Беларусі былі яўрэі. І людзі папросту не ўсведамляюць, наколькі гэта паўплывала на нашу сучасную культуру, мову, кухню, ідэнтычнасць і гэтак далей. Дагэтуль праз ідэалогію, якая пераследуе нашу краіну доўгія гады, гэта застаецца схавана за гісторыямі польскага, расійскага ці ўсходне-еўрапейскага яўрэйства. І ў нас гэта ўсё вельмі моцна інтэгравалася. Людзі часам не заўжды могуць сваю нацыянальнасць вызначыць: мы ўжо не можам сказаць, што нехта не беларус, а яўрэй, напрыклад, ці наадварот. Таму гэта наша агульная спадчына.

Хочацца запрасіць усіх на фестываль – гэта вельмі незвычайныя фарматы, вельмі сучасныя, вельмі натхняльныя. І мы заўжды радыя не толькі ўдзелу гледачоў, але і партнёрству. Я спадзяюся, што ў нас будзе развівацца ідэя музея, мы зараз працуем над гэтым. І фестываль – гэта добрая магчымасць паказаць, што мы працягваем працаваць і хочам аб’яднаць з дапамогай гэтай працы людзей, якія, магчыма, адчуваюць сябе адарваным цяпер ад сваёй Радзімы і ад сваёй культуры і гісторыі. І не толькі тых, хто з’ехаў цяпер, але і тых, хто з’язджаў у розныя гады.  

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.