Loading

Беларускі валантэрскі рух ва Украіне пачаў актыўна развівацца ад пачатку паўнамаштабнага ўварвання Расіі. Кіраўнік грамадскага аб’яднання «Агенцыя развіцця дэмакратыі і інфармацыйных свабод» Юрый Федарэнка, як кіраваў валантэрскім цэнтрам у Кіеве ў лютым-сакавіку 2022 года, адзначыў, што кожны трэці валантэр быў тады беларус. Днямі ў Кіеве створаны беларуска-ўкраінскі валантэрскі хаб «Сустрэча». Што гэта будзе за арганізацыя і чаму зараз паўстала неабходнасць яе стварэння, радыё Ўнэт спытала ў яе сузаснавальніцы Алены Жаркевіч.

— Я сама была ў Кіеве 24 лютага і дагэтуль я ў Кіеве, езджу туды-сюды. Магчыма, з боку Украіны нас не вельмі чулі, што нам гэта проста неабходна. І не было магчымасці аб’яднацца. І мы насамрэч гэты год і спрабавалі нешта падобнае зрабіць. Але атрымалася толькі цяпер. 

У прынцыпе, нічога не змянілася, толькі цяпер гэта будзе ў хабе і цяпер мы зможам гучна казаць усе пра тое, што робім. Калі мы размытыя па ўсёй краіне, то нас нібы так і не бачна. А цяпер мы можам усе разам гучна казаць, што мы – беларусы. 

Стваральнікі хабу – беларусы і ўкраінцы. З боку беларусаў нам вельмі  хацелася б, каб ва Украіне ведалі, што мы тут ёсць. Каб мы не былі суседзямі, якіх не заўважна, а каб усе ведалі, чаму мы апынуліся ва Украіне, каб усе разумелі, што беларусы – гэта не толькі тыя беларусы, якія ваююць, але яшчэ і валантэры, якіх вельмі шмат. Што беларусы сёння былі, ёсць і будуць побач з украінцамі. 

Прэс-канферэнцыя на тэму: “Адкрыццё беларуска-ўкраінскага хаба”. Крыніца: t.me/sustrecha_hub

— Якія будуць асноўныя напрамкі дзейнасці? 

— Гэта, канешне, пачалося ўсё з валантэрства, што мы дапамагаем УСУ, я сама ганяю машыны для УСУ. І гэта не толькі беларускія ваяры. А далей, вядома ж, мы ведаем, што вельмі шмат беларусаў мусілі выехаць адсюль. Бо нехта не здолеў зрабіць дакументы, нехта не ведаў куды пайсці, куды звярнуцца. І проста неабходна, каб быў такі, як бы «орган», які зможа дапамагаць вырашаць гэтыя пытанні. Таму ў нас, натуральна, ёсць юрысты ў хабе, якія дапамогуць, з легалізацыяй у тым ліку, ды іншыя пытанні вырашаць, якія ёсць у беларусаў ва Украіне. Але самае галоўнае, каб мы маглі аб’яднацца і каб беларусы тут не згубіліся, а каб ведалі, што нас шмат і што мы ўсе разам. 

І яшчэ тое, што проста важна. Вядома ж, з улікам гісторыі, якая адбылася са мной да 4 лютага (2022 года), у мяне вялікае кола зносінаў сярод беларусаў. Вельмі шмат беларусаў у мяне пажылі ў Кіеве – гэта, напэўна, больш за 500 чалавек. І яны ўсе раз’ехаліся па свеце. І сёння, стасуючыся з імі, я разумею, што яны хочуць дапамагаць Украіне. І гэта не заўжды там, магчыма, і грошы, і не заўжды гэта трэба Палку Каліноўскага ці вайскоўцам. Мы ведаем, што ёсць яшчэ і грамадзяне ва Украіне, якім таксама патрэбна дапамога. І мы вырашылі, што мы зможам аб’яднаць нават намаганні беларусаў, якія выехалі з Украіны і знаходзяцца за мяжой. Каб яны сваю дапамогу накіроўвалі да нас, як у “адно акно”,  а мы тут ужо яе перадавалі. 

— Куды можна звяртацца тым, хто яшчэ не ў вашай кагорце, хто хацеў бы далучыцца і таксама ўдзельнічаць? 

— Кіеў, Ерэванская, 30. І ў нас ёсць тэлеграм-канал, Інстаграм, Фэйсбук – хаб «Сустрэча». Можна да мяне непасрэдна звяртацца і я накірую туды, куды трэба. 

Цалкам размову з Аленай Жаркевіч слухайце ў плэеры ніжэй: 

Comments are closed.