На вокладцы кнігі «Побач» − і імя мастачкі Святланы Дземідовіч, якая стварыла штосьці большае, чым проста ілюстрацыі да вершаў. Атрымалася кніга-шлях, лірычны герой якой вандруе са старонкі на старонку. Бо ўсе мы кудысьці ідзём, і гэта таксама ёсць выйсце.
Прэзентацыя выдання адбылася ў Старамейскім доме культуры ў Варшаве. Ва ўтульнай залі творчы дуэт распавёў, як нараджалася іх супольнае дзіця: менавіта так Наста і Святлана называюць свой першы сумесны праект.
− Гэта ўсё тое, што напісалася пасля 2016 года. Але ў мяне атрымалася не проста храналагічная нізка. «Побач» − гэта зборнік выбранага, найлепшага за апошнія 6 гадоў, − распавядае Наста Кудасава.
− Мне хацелася зрабіць штосьці выбітнае, таму гэта заняло шмат часу, цэлых тры гады! Дзякуй Настачцы, што яна гэта ўсё вытрымала і пачакала мяне. Я задумвала «Побач» як кнігу, дзе графічная аповесць будзе віцца сваёй дарогай, − радуецца свайму дэбюту ў якасці кніжнага графіка мастачка Святлана Дземідовіч.
Дэбют гэта і для імпрын Skaryničy.
− Кнігу неўзабаве можна будзе набыць у варшаўскай краме, якая хутка распачне сваю працу. Трошкі пазней распавядзём, дзе і як нас можна будзе знайсці. Прадавацца будзе зборнік і ў краме Камунікат у Польшчы. Таксама «Побач» з’явіцца ў Вільні ў Цэнтры беларускай супольнасці і ў краме «Гартайка». Вельмі спадзяюся, што атрымаецца купіць кнігу і праз інтэрнэт-краму ў Беларусі.
Рэпартаж з прэзентацыі кнігі «Побач» слухайце ў плэеры ніжэй.
Comments are closed.