Ва ўкраінскай Бучы адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне ваяроў, якія прымалі ўдзел у абароне гораду на пачатку расійскага ўварвання ў лютым гэтага года. Сярод ўзнагароджаных — і беларусы з палка імя Каліноўскага.
На фота з урачыстасцяў можна заўважыць маладога хлопца з пратэзам нагі. Гэта Аляксей з пазыўным «Псіхолаг». Ён распавёў для Радыё Ўнэт сваю асабістую гісторыю і падрабязнасці таго бою пад Бучай, падчас якога загінуў ягоны пабрацім Ілья «Ліцвін», а таксама пра тое, што не варта ставіцца да рускай арміі як да непрафесійнай і няздольнай.
Сцісла:
- Аляксей да 2014 года жыў у Беларусі звычайным жыццём. Не ўваходзіў ні ў якія палітычныя рухі і не займаўся актывізмам. Барацьба ўкраінскага народу падчас Рэвалюцыі Годнасці моцна ўразіла хлопца. Настолькі, што ён захацеў дапамагчы ўкраінцам у іх празе да свабоды ад Расіі.
- Ні знаёмых, ні родных у Аляксея ва Украіне не было. Але праз знаёмых беларусаў у яго атрымалася звязацца з украінцамі і пасля з’ехаць туды, каб далучыцца да вайсковага фармавання «Азоў». Разам з Аляксеем там былі Ілля «Ліцвін» і Арцём «Грот».
- Па заканчэнні курсу маладога байца сябры заставаліся разам і працягвалі падрыхтоўку ў трэніровачным лагеры, каб вывучыцца на інструктараў. Перыядычна выязджалі па ратацыі ў зоны баявых дзеянняў.
- Абмяркоўваць хлусню прапагандыстаў аб палку «Азоў» Аляксей не лічыць вартым. Але падкрэслівае, што здаровы нацыяналізм у палку прысутнічаў, але ніякіх неанацысцкіх ідэалогій там не прапаведавалі. І ў якасці доказу можна прывесці хаця б той факт, што батальён шматнацыянальны.
- Калі пачалося паўнамасштабнае ўварванне, Аляксей адвёз жонку ў бяспечнае месца і далучыўся да падраздзялення «Азова», якое стала на абарону Кіеўскай вобласці. У першыя дні была невялікая блытаніна, чакалі прарываў у розных месцах, у асноўным звязаных з галоўнымі дарогамі на Кіеў. План быў просты — захоп аэрапортаў і атачэнне, каб горад у выніку здаўся.
- Праз некалькі дзён падраздзяленне Аляксея накіравалі ў Васількоў, дзе знаходзіцца вайсковы аэрадром і зенітна-ракетная часць. У гэтым месцы была небяспека высадкі варожага дэсанту. Але высадкі не адбылося.
- У канцы лютага Аляксей ужо быў паблізу Гастомеля. А другога сакавіка паступіў загад знішчыць варожыя калоны з тэхнікай у Бучы. Асноўных часцей акупантаў у Бучы не было, заставаліся асобныя падраздзяленні. Групу Аляксея накіравалі на ўскраіну Бучы, дзе з боку Ворзеля ішоў наступ варожай калоны.
- Прыбыўшы на месца, байцы пабачылі за 700 метраў ад сябе вялікую колькасць варожай тэхнікі. Яны скарэктавалі па ім агонь артылерыі, але расійцы паехалі па іншай дарозе, і артылерыя іх толькі напалохала, але не знішчыла.
- Група Аляксея апынулася ў акружэнні і прыняла бой. Іх было каля 30 чалавек супраць узброенай батальённа-тактычнай групы. Атрымалася знішчыць некалькі аўтамабіляў з Расгвардыяй і спецтранспарт, які прыкрываў грузавікі з пяхотай. Аляксей быў другім нумарам кулямётчыка. Спачатку ў іх атрымлівалася спыніць рух пяхоты, але боезапас скончыўся, і вораг пачаў абстрэл у адказ. Сувязі не было, як і магчымасці для адыходу, заставалася толькі весці бой. Пасля трэцяга пападання з танка ў групе Аляксея з’явіліся параненыя. Смяротнае раненне атрымаў і Ілля «Ліцвін», які апынуўся пад заваламі. Чарговы танкавы снарад адарваў Аляксею нагу. Ён самастойна аказаў сабе першую дапамогу, наклаўшы турнікет.
- Рускія не чакалі сустрэць супраціў, таму спужаліся і спыніліся, што дала магчымасць вывесці параненых, якіх было каля 10 чалавек. Астатнія разам з «Кітом» (адзін з камандзіраў палка Каліноўскага) засталіся там і яшчэ каля 15 гадзін вялі бой. У іх атрымалася ліквідаваць пяхотныя групы, але частка байцоў загінулі ці былі параненыя. Ноччу з’явілася сувязь, байцы замовілі артылерыйскую падтрымку і з яе дапамогай адышлі ў бяспечнае месца.
- Аляксей кажа, што не варта недаацэньваць магчымасці расійскай арміі. Па колькасці тэхнікі і падрыхтаваных салдат яна перавышае ўкраінскую. Але дрэннае камандаванне і састарэлы падыход да вядзення вайны робіць расійскіх салдат менш эфектыўнымі.
- Тым не менш, гэта прафесійная армія, і салдаты, якія добра ведалі, куды і навошта яны ідуць. Гэта ў палоне яны распавядаюць байкі, каб палепшыць сабе ўмовы ўтрымання.
- Новым мабілізаваным патрэбны месяцы на падрыхтоўку да ваенных дзеянняў. Хутчэй за ўсё, трэніраваць іх асабіста не будуць. Але нават колькасцю непадрыхтаваных можна вырашыць важныя задачы. Напрыклад, забяспечыць добрую работу тылу. Бо вайна — гэта 70% тылу і 30% на полі бою.
- Беларусам зараз няма на што спадзявацца. І чым хутчэй людзі ўнутры краіны гэта ўсвядомяць, тым будзе лепш для іх. Бо калі Расія прыпыніць вайну ў выпадку паразы, яна пераключыцца на Беларусь і паглыне яе. Гэта самы просты спосаб хоць якім чынам кампенсаваць паразу ва Украіне.
Comments are closed.